“Забудова”: "Заробкі выплацілі, а скарачэнні не плануем"
![](http://www.21.by/pub/news/2013/12/1387610283335721.jpg)
У рэдакцыю “РГ” прыйшоў ліст ад работнікаў ААТ “Забудова” са скаргай на парушэнне працоўных дагавораў. Паводле ліста, 25 лістапада работнікам выплацілі толькі палову заробку, а не ўвесь. Людзі не ведалі, калі выплацяць астатнія грошы, а просьбы сустрэцца з кіраўніцтвам не задаволілі.
Яшчэ адна турбота калектыву − загад аб значным скарачэнні, які нібыта рыхтуюць. Яны тлумачаць, што з-за праблем з закупкамі сыравіны работы не хапае, а час прастою не аплачваецца.
На наш запыт ААТ “Забудова” адказала, што заробак выплацілі цалкам двума часткамі − 25 і 29 лістапада.
Затрымку патлумачылі штогадовым сезонным падзеннем попыту на будаўнічыя матэрыялы ў зімовы час і на знешнім, і на ўнутраным рынку. Яшчэ адна праблема − наяўнасць дэбіторскай запазычанасці.
Паводле адказу, скарачэнні рабочых месцаў не плануюцца. Планы вытворчасці на 2014 год прадугледжваюць загрузку магутнасцяў напоўніцу.
Прадпрыемства патлумачыла, што існуюць асобныя перабоі ў пастаўцы сыравіны і матэрыялаў, якія звязваюць з недахопам абаротных сродкаў, але іх вырашаюць у рабочым парадку.
Даведка “РГ”.Дэбіторская запазычанасць – сума пазык, якія павінны прадпрыемству іншыя прадпрыемствы за атрыманне паслуг ці куплю тавару.
Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота 222.by