У якіх краінах плацяць падатак на аўто?
Беларускія ўлады, уводзячы падатак на ўладальнікаў аўтамабіляў, спасылаюцца на сусветны досвед. У якіх краінах ёсць падатак на аўтамабіль?
ЗША
Тут транспартнага падатку як асобнага збору няма: ён уключаны ў кошт паліва (прыкладна 15 % ад цаны). То бок, чым вышэй расход бензіну або саляркі ў машыны, чым часцей яна выязджае на дарогу і чым больш адпаведна выкідвае шкодных рэчываў у атмасферу, тым больш у выніку заплаціць яе гаспадар.
Уладальнікі электрамабіляў транспартны падатак ня плацяць. Прыкладна 60% сабраных такім чынам сродкаў накіроўваецца ў федэральны дарожны фонд, а 40% ідуць у дарожныя фонды штатаў. Прычым усе гэтыя грошы выдаткоўваюцца выключна на будаўніцтва і рамонт аўтамагістраляў.
Вялікабрытанія
Дарожны падатак спаганяецца з уладальнікаў машын, якія працуюць на бензіне, дызельным паліве і прыродным газе. Уласнікі электрамабіляў, гібрыдных мадэляў, а таксама аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка менш аднаго літра яго не плацяць. Памер падатку вызначаецца дзяржаўным агенцтвам, якое рэгіструе аўтамабілі і выдае пасведчанні кіроўцы ў залежнасці ад аб’ёму рухавіка.
Напрыклад, уладальнік аўтамабіля з 1,4-літровым рухавіком плаціць у год каля 175 фунтаў, а за пазадарожнік з маторам 3,5 л. давядзецца выкласьці больш за 300 фунтаў.
Прыкладна 80% ад сродкаў, сабраных у выглядзе дарожнага падатку, ідзе на фінансаванне дарожнай галіны. Астатняя частка — на розныя экалагічныя праграмы, звязаныя пераважна з паляпшэннем якасці паветра.
Францыя
Тут дзейнічае дзвюхступеневая сістэма падаткаабкладання аўтамабілістаў. Пры рэгістрацыі новай машыны ўладальнік плаціць аднаразовы падатак у залежнасці ад аб’ёму і магутнасці рухавіка. Напрыклад, за мадэль з 1,6-літровым маторам трэба заплаціць 200-250 еўра, а за аб’ём больш за тры літры — каля 1100 еўра. Сабраныя сродкі ідуць на фінансаванне дарожнай галіны.
Другая ступень — штогадовы падатак, які вылічваецца ў залежнасці ад таго, колькі грамаў вуглякіслага газу, паводле дадзеных вытворцы, аўтамабіль выкідвае ў атмасферу за 100 кіламетраў.
Стаўкі прагрэсіўныя — чым «бруднейшы» выхлап, тым больш давядзецца заплаціць. А вось уладальнікі машын, якія на 100 кіламетраў выкідваюць менш за 200 грамаў СО2, ад гэтага падатку вызваленыя. Гэтыя зборы ідуць на фінансаванне праграм па захаванні чысціні паветра і глебы.
Нямеччына
Пры вызначэнні памеру падатку ўлічваецца аб’ём рухавіка і чысціня выхлапу. Незалежна ад году выпуску машыны за кожныя 100 куб. см. аб’ёму трэба заплаціць 2 еўра для бензінавых матораў і 9 еўра — для дызельных.
Акрамя таго, па 2 еўра штогод аўтаўладальнік павінен плаціць за кожны грам вуглякіслага газу, які выпрацоўвае яго машынай (па дадзеных вытворцы) на 100 км.
Гэтым зборам не абкладаюцца гаспадары экалагічных мадэляў, якія выпрацоўваюць менш за 120 г. CO2 на 100 км. Цалкам ад выплаты транспартнага падатку вызваленыя ўладальнікі электрамабіляў.
Чэхія
У Чэхіі няма падатку на аўтамабіль для фізічных асобаў. Збор уведзены толькі для прадпрымальнікаў, якія выкарыстоўваюць свае аўтамабілі ў камерцыйных мэтах.
Японія
Тут пры куплі новай машыны неабходна заплаціць падатак прыкладна 5 % ад яе кошту.
Наступны плацёж — пры пастаноўцы аўтамабіля на ўлік. Сума разлічваецца, зыходзячы з аб’ёму рухавіка і масы аўтамабіля. За невялікую малалітражку налічаць каля $ 54, а «кросовер» пацягне амаль у 10 разоў болей. Пасля такая ж сума спаганяецца з аўтаўладальніка штогод.
У адрозненне ад многіх іншых краінаў, у Японіі сродкі ад дарожнага падатку накіроўваюцца не на будаўніцтва трас або экалагічныя праграмы, а на развіццё перспектыўных распрацовак у аўтамабільнай прамысловасці.
Кітай
Па аналогіі з ЗША транспартны падатак уключаны ў кошт паліва (каля 20 % ад цаны). Акрамя таго, пры куплі новага аўтамабіля, выпушчанага ў КНР, уладальнік плаціць 10 % ад яго кошту. Для мадэляў замежнай вытворчасці стаўка вышэй — 40%.
Падатковыя зборы з аўтамабілістаў пералічваюцца на развіццё дарожнай інфраструктуры.
Расія
Памер транспартнага падатку залежыць толькі ад магутнасці рухавіка. Прычым на федэральным узроўні ўстаноўлены толькі базавыя стаўкі падатку — рэгіянальныя ўлады маюць права самі павялічваць або памяншаць іх (максімальна ў дзесяць разоў), а таксама ўводзіць льготы для ўласнікаў той ці іншай катэгорыі аўтамабіляў.
Сродкі ад падаткаў паступаюць у фэдэральны і рэгіянальны дарожныя фонды, з якіх фінансуецца будаўніцтва, рамонт і рэканструкцыя трас, піша аўтамабільная газэта Клаксон.
Фота wallbox.ru, st.gdefon.com, 1280x800.net