Пантэон Беларусі. Антон Адамовiч
“Патрыёты “крыўскай” дзяржавы” — гэтак нібыта іранічна назваў Сямён Вальфсон свой артыкул у зборніку “Супроць контррэволюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму” (Менск, 1931), не ўяўляючы нават, наколькі ён блізкі да праўды. Зборнічак, што, як адзначалася ў прадмове, “мае на мэце ўзброіць першачарговымі сродкамі змаганьня”, пакліканы “ворага дабіваць да канца”, пералічваў тых “ворагаў” — Аляксандра Цвікевіча, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча, Паўла Трамповіча, Аляксандра Шлюбскага, Мікалая Каспяровіча і, у першую чаргу, натуральна, — Вацлава Ластоўскага.
Імя Антона Адамовіча ў агульным пераліку не было, хоць ён таксама, як і яшчэ больш за сто чалавек, быў асуджаны па справе Саюза вызвалення Беларусі. Але менавіта яму, тады — наймалодшаму сябру “Узвышша”, наканавана было працягнуць справу Вацлава Ластоўскага ва ўсіх галінах, дзе вёў рэй неадменны сакратар Адраджэння: у палітыцы, гісторыі літаратуры, мовазнаўстве, прыгожым пісьменстве, выдавецкай дзейнасці.
Антон Адамовіч з бацькамі. 1930-я гг.
Пачаткі біяграфіі
Нарадзіўся Антон Адамовіч у Менску ў 1909 годзе. Паводле розных зьвестак, або 29 чэрвеня, або 13 траўня. Пра роднага бацьку вядома адно імя — Яўстафій; усё сваё жыццё Адамовіч клікаў бацькам айчыма, Аляксандра Івашкевіча (нар. 27.11.1881), загадкава зніклага ў Нью-Ёрку ў 1968 г.: чалавек пайшоў з дому і не вярнуўся. Выказваліся розныя версіі здарэння, уключна з удзелам савецкіх спецслужбаў; праўда ж засталася схаваная па сёння. Маці, Паліна Івашкевіч (нар. 04.09.1874), таксама была з сынам да апошніх сваіх дзён і памерла 18 кастрычніка 1959 г. ва ўзросце 85 гадоў. Адносіны ў гэтай беларускай рымска-каталіцкай сям'і, зразумела, няпростыя напачатку, з першым жа арыштам Тоні (так клікаў Антона айчым) набылі даверліва-змоўніцкі характар паплечнікаў.
У 1917 годзе Антон, пасля нядоўгага навучання ў гімназіі, паступіў у сямігадовую працоўную школу № 2 і скончыў яе ў 1924 г. (цікава адцеміць, што адным з настаўнікаў, якія падпісалі пасведчанне, быў Яўхім Кіпель).
Нацыянальная свядомасць Антона Адамовіча, карані якой тым часам слаба асветленыя, выявілася надта рана. Ужо ў малодшых класах сярэдняй школы, разам з сябрам Арсенем Дэкерам ён заснаваў падпольную арганізацыю КРЫЮГ (Крыўская юнацкая грамада), штуршком да стварэння якой стаўся “Крывіч” Ластоўскага. А ў троху старэйшым веку, дванаццацігадовым, уступіў у Беларускі хаўрус моладзі, пачаў наведваць Беларускую хатку, секцыі якой — тэатральная, літаратурная, танцаў, мастацкая, музычная — працавалі ў адпаведнасці з уласнай нацыянальна-палітычнай праграмай: пашыраць нацыянальную свядомасць сярод моладзі, дапамагаць увядзенню беларускае мовы ў школах і грамадскіх установах.
Беларуская хатка праіснавала нядоўга, усяго тры з паловаю гады, была разагнаная бальшавікамі і перанесла сваю дзейнасць ў сцены Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, куды пазней паступіць і Антон Адамовіч. Але да таго часу ён пройдзе яшчэ некалькі прыступак школы беларускай свядомасці.
Прыступкі школы беларускай свядомасці
Першая — слуханне лекцый у акадэміка Яўхіма Карскага на курсах беларусаведы, дзе зноў быў наймалодшым слухачом: “Сим удостоверяется, что Адамович Антон Евстафьевич прослушал у меня на разных курсах, читанных при Минском ИНО, историю старой белорусской письменности и историю новой белорусской литературы. На коллёквиуме по этим предметам обнаружил познания достаточные. Минск. 1921. 28/07. Академик и профессор Е. Карский”.
Даведка, выдадзеная Антону Адамовічу Яўхімам Карскім. 1921 г.
Другая прыступка — навучанне ў Педагагічным тэхнікуме імя Усевалада Ігнатоўскага, куды Антон паступіў у 1924 годзе, дзе правучыўся чатыры гады і быў старастам групы. Тыя спісы прысутных, на семінарах беларускага фальклору або лабараторных занятках па паэтыцы, — старастаў абавязак — мелі сваё значэнне, сваю каштоўнасць для Адамовіча, бо гэта ці не адзіныя неафіцыйныя дакументы з таго, узвышэнскага, жыцця, што былі прывезеныя ў Амерыку. Сёння ж яны — унікальны збор аўтографаў былых калегаў аднае навучальнае ўстановы: П. Глебкі, А. Каратая, Лёсіка, Н. Вішнеўскай, С. Серады, П. Труса, А. Звонака, Язэпа Падабеда, В. Казлоўскага, Т. Кляшторнага, Л. Шушкевіча, Рэвэрэльлі, Сяледчыка, М. Зарэцкага, Т. Рамановіча, Г. Плаўніка, Ю. Жывіцы, Камінскай...
Час у Педтэхнікуме — час навучання. Вось жа нельга не заўважыць, што ўжо тады Антон Адамовіч быў асобаю сфармаванаю, не толькі як проста чалавек ці чалавек свядомы, але і як даследчык, літаратуразнаўца, гісторык літаратуры. Ягоны ліст да старэйшага на чатыры гады Петруся Глебкі выяўляе ўсе адметнасці Адамовіча будучага: нешараговую памяць, здольнасць з адзінага, як ён сам прызнаваўся, першаснага чытання запомніць твор — запомніць дастаткова не толькі для пераказу ці выбарнага цытавання, але і для цэласнага аналізу (ведаючы пра гэтую здольнасць Адамовіча, мы мусім з большым даверам ставіцца да ягоных аповедаў і высноў, што датычацца падзеяў літаратуры і ейных суб’ектаў перыяду 1920-1930-х гг.), увагу да кожнага канкрэтнага слова, увагу, не закалыханую ані стылем, ані аўтарытэтам, веданне і разуменне тэхнікі пісьма, яе механікі і тэхналогіі.
Антон Адамовіч. 1920-я гг.
Сам Адамовіч не пакінуў вольных сведчанняў пра тыя часы. Але вось што згадвае пісьменнік Уладзімір Сядура: “З восені 1927 г. я ўжо быў студэнтам Менскага Пэдагагічнага Тэхнікуму імя Ўсевалада Ігнатоўскага. Тут неўзабаве я пачуў аб студэнтах-пісьменьніках М. Лужаніну, Сяргею Дарожным, В. Казлоўскім, Пятру Глебку. Праз год да гэтае кагорты далучыліся новыя студэнты — паэты й пісьменьнікі: Лукаш Калюга, Сяргей Астрэйка, Гайка, Гінтаўт, Сяргей Русаковіч, М. Лешчанка, У. Гуцька і іншыя. Сярод настаўнікаў былі там і ведамыя ў беларускім руху або навуковай актыўнасьцяй гэткія асобы, як Язэп Лёсік, Міхась Грамыка, Бялькевіч, Юлі Дрэйзін, Круталевіч і іншыя. Маім настаўнікам беларускае мовы быў шчыры беларус Антон Лёсік, Язэпаў брат. Атмасфэра была спрыяльнай для літаратурных зацікаўленьняў. Літаратурны гурток з удзелам ведамых ужо з друку паэтаў і пісьменьнікаў выдаваў нават свой рататарны часапіс “Крыніца”. На ягоныя сходы прыходзілі знаныя ўжо літаратары і часам ператваралі іх у шырокую літаратурную дыскусію. Памятаецца вечар, калі ўзвышэнец Антон Адамовіч горача спрачаўся з прыхільнікамі “Маладняка”, пазьней БелАПП, Я. Ліманоўскім і А. Звонакам. Гэта вельмі і вельмі ўзбуджала нас і скіроўвала нашыя інтарэсы да роднае літаратуры”.
“Узвышша”
Менавіта ў гады навучання ў тэхнікуме Адамовіч пачаў пісаць свае першыя літаратурна-крытычныя творы (1926), уступіў у літаратурнае згуртаванне “Узвышша”, якое адыграла выключную ролю і ў нашай літаратуры, і ў жыцці самога Антона Адамовіча.
Што да ролі згуртавання ў літаратуры — яно не патрабуе ўжо доказаў. Гэтая роля была відавочная фактычна адразу па паўстанні арганізацыі, што і было зазначана ў артыкуле “Ўзвышша” перад новым годам БССР”: “Узвышша” — гэта адзін з атрадаў беларускай пралетарскай літаратуры. Утварылася гэта згуртаваньне ў 1926 годзе 26 травеня ў складзе беларускіх пісьменьнікаў і поэтаў пасьлякастрычнікаўскага літаратурнага пакаленьня. У яго ўвайшлі: З. Бядуля, А. Бабарэка, П. Глебка, Ул. Дубоўка, С. Дарожны, Кандрат Крапіва, М. Лужанін, Я. Пушча, Кузьма Чорны, В. Шашалевіч, а праз год далучыліся Ант. Адамовіч і Т. Кляшторны. Само ўтварэньне новага літаратурна-мастацкага згуртаваньня азначала сабою пачатак новага этапу ў разьвіцьці беларускай пасьлякастрычнікавай літаратуры”.
Літаратурнае аб'яднанне “Узвышша”. Сядзяць (злева направа): Язэп Пушча,
Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва.
Стаяць (злева направа): Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Антон Адамовіч,
Тодар Кляшторны, Уладзімір Жылка, Васіль Шашалевіч, Пятро Глебка. Мінск, 1928 г.
Сам Адамовіч пра пачатак сваёй літаратурнай дзейнасці пісаў наступнае: “У 1928 г. надрукаваў у часапісе “Ўзвышша” найбольшую сваю літаратурна-крытычную працу — манаграфію аб творчасьці пісьменьніка-заснавальніка беларускай мастацкай прозы Максіма Гарэцкага. У гэтай працы, апрача аналізу творчасьці пісьменьніка, спрабаваў разьвязаць і агульную літаратураведную праблему аб “пануючым тыпе ў мастацтве”, закранутую ўпершыню ведамым мастацтваведам Гіпалітам Тэнам.
Наступнымі гадамі былі надрукаваныя яшчэ дзьве мае большыя літаратурна-крытычныя працы, прысьвечаныя аналізу творчасьці маладых беларускіх пісьменьнікаў: “Паўлюк Трус” і “Хада на ўсход” (разгляд творчасьці Васіля Каваля). У тым-жа часе надрукаваў я ў тым-жа часапісе “Ўзвышша” рад літаратурна-крытычных рэцэньзіяў (значнейшыя — на “Тэорыю санэту” праф. А. Барычэўскага, на 2 том збору твораў клясыка беларускае літаратуры Максіма Багдановіча і інш.), а таксама колькі зацемак з галіны лінгвістыкі, прысьвечаных паасобным дробным пытаньням беларускае літаратурнае мовы.
Мае працы, а таксама некаторыя публічныя выступленьні выклікалі войструю адмоўную рэакцыю з боку афіцыйнае бальшавіцкае крытыкі, як ідэалёгічна й палітычна варожыя камуністычнай ідэалёгіі й марксызму (асабліва “Паўлюк Трус”)”.
Гаворачы пра адмоўную рэакцыю, Антон Адамовіч у першую чаргу мае на ўвазе артыкул С. Куніцкага “Крытычныя артыкулы Ант. Адамовіча, як адлюстраваньне буржуазнай нацыянал-дэмакратычнай ідэалёгіі”, у якім крытык, пачаўшы ад літаратуры і самога Адамовіча, заканчвае палітычнымі абвінавачваннямі ўсяго “Узвышша”: “[...] перад намі яскрава паўстае нацдэмаўская-буржуазная тактыка А. Адамовіча. З аднаго боку, нацдэмаўскую-буржуазную творчасьць М. Гарэцкага А. Адамовіч узносіць да няведамых вышынь, імкнецца распаўсюджваць на працоўных яе варожыя ідэі, а з другога боку, піша абражаючы артыкул на пралетарскага паэта Паўлюка Труса, ставіць яго творчасьць ніжэй творчасьці М. Гарэцкага. Выпучае яе толькі нацыянальны бок і выхалашчвае клясавую сутнасьць. І зусім лічыць шкоднай для нашай сучаснасьці творчасьць пісьменьніка працоўнага сялянства нашай сучаснасьці — В. Каваля.
Усё гэта ў сваю чаргу выцякае з А. Адамовічавай мэтадалягічнай устаноўкі, зь яго ідэалістычнага сьветапогляду.
Патрэбна яшчэ ў заключэньне гэтага разьдзела нашага артыкула адзначыць самае гняздо, у якім знаходзіўся А. Адамовіч і адкуль ён распаўсюджваў свае нацдэмаўскія ідэі. А таксама адзначыць, што ў гэтым гнязьдзе быў не адзін А. Адамовіч, а там былі Бабарэкі, Дубоўкі, Пушчы і іншыя, якія праводзілі гэтую ідэю, што і А. Адамовіч і якія на першых пачатках дзейнасьці “Ўзвышша” (асабліва 1927-1928) задавалі гэтай часапісі ўвесь тон, давалі ёй свой буржуазны-нацдэмаўскі ідэалягічны напрамак. [...]
Як бачым, з А. Адамовічам некалькі спадарожнікаў, голас якіх зьліваецца ў адзін. Яны ўсе разам актыўна змагаюцца за распаўсюджваньне нацдэмаўскіх-буржуазных ідэй, яны ўсе разам вядуць змаганьне супраць пралетарскай творчасьці, супраць яе пралетарскай ідэалёгіі, супраць наогул ідэй пралетарыята, ідэй Камуністычнай партыі”.
Наступным артыкулам мог стацца хіба артыкул крымінальны. І ён не прымусіў сябе чакаць.
Арышт
Сярод асуджаных у тыя часы была свая іерархія. Афіцыйна (калі быць больш дакладным — дык паўафіцыйна) катэгорыя политических заключённых прызнавалася ГПУ прыблізна толькі да сярэдзіны 1930-х гг. У гэтую катэгорыю ўваходзілі асобы, засуджаныя за партыйную дзейнасць апазіцыйнага ці антысавецкага характару (“партийные уклонисты”, галоўным чынам “троцкисты”, былыя “меньшевики”, “эсэры”). Падчас следства яны ўтрымліваліся ў спецыяльных камерах у троху лепшых умовах, атрымоўвалі дадатковы политический паёк, але ўжо на этапе яны, за рэдкім выняткам, змешваліся з іншымі.
Ад политических заключённых адрозніваліся государственные преступники (пазнейшая тэрміналогія — ворагі народу). У гэтую катэгорыю ўваходзілі асуджаныя па 58 артыкуле. Яны не змешваліся з астатнімі і атрымоўвалі больш жорсткія прысуды. Сюды траплялі за прыналежнасць да арганізацый, у тым ліку і да Саюза вызвалення Беларусі.
Сюды трапіў і Антон Адамовіч.
Антон Адамовіч у высылцы. 1931 г.
І сёння далёка не ўсё зразумела з гэтай арганізацыяй. Ці сапраўды яна не існавала і была прыдуманая, на ўзор Саюза вызвалення Украіны, ці былі хоць нейкія рэальныя парасткі супраціву? Ці, як піша ва ўспамінах пра Педтэхнікум Язэп Лешчанка (Міхась Кавыль), маючы на ўвазе сябе і сваіх сяброў: “Гэта былі неаглядныя мройнікі. [...] У палітычных адносінах, асабліва беларуска-нацыянальных, — недаросткі. Паверыўшы незваротнасьці сталінскай беларусізацыі, кінуліся гуляць з агнём. Чаго варта хоць такая дурніца, якая, бадай, і паслужыла ГПУ стварыць “Саюз Вызваленьня Беларусі”. Ня памятаю хто, ці то Астрэйка, ці хто іншы, але дадумаўся “перахрысьціць” СВБ, напісанае на значку Саюзу Ваяўнічых Бязбожнікаў, на Саюз Вызваленьня Беларусі. І кансьпірацыю прыдумалі: насіць значок не на штрыфелі пінжака, а пад штрыфелем”.
Так цi інакш, але факт той, што ў 1930 годзе органы арыштавалі 108 чалавек з абвінавачаннем у прыналежнасці да “контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі “Саюз Адраджэньня Беларусі”, перайменаваны пазней у “Саюз вызвалення Беларусі”, “ажыцьцяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалягічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, накіраваную на запавольваньне тэмпаў разьвіцьця Беларусі па сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарваньне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюзу й стварэньне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)”.
Рашэннем калегіі ОГПУ ад 18 сакавіка 1931 г. быў вынесены прысуд, па якім Антон Адамовіч асуджаўся на 5 гадоў высылкі. У 1935 г. яму, як і Я. Кіпелю, А. Бабарэку, У. Дубоўку і некаторым іншым, тэрмін быў падоўжаны — яшчэ на 2 гады.
Арышт перарваў навучанне Антона Адамовіча: адразу два прафесары (А. Барычэўскі й П. Бузук) прапаноўвалі яму акадэмічную кар’еру. Але толькі ў 1936 г. ён атрымае даведку ў тым, што праслухаў поўны курс Літаратурна-лінгвістычнага аддзялення Педагагічнага факультэта і здаў усе залікі за выняткам беларускай навуковай граматыкі, і толькі ў 1939 г. — дыплом БДУ № 261.
Як на сённяшняе веданне і гістарычны вопыт, прысуды збольшага былі памяркоўныя: сістэма толькі выпрацоўвалася. Асуджаныя маглі працаваць — па прафесіі (натуральна, калі такая праца была). Ад 10 кастрычніка 1931 г. да 13 лістапада 1934 г. Адамовіч настаўнічае ў Глазаўскім кааператыўным камбінаце, дзе чытае матэматыку, ад 1 верасня 1934 г. да таго ж 13 лістапада 1934 г. выкладае фізіку ў Глазаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Ад 1 лютага 1935 г. да 25 жніўня 1936 г. у Кіраўскай няпоўнай школе і ад 11 верасня 1936 г. да 25 траўня 1937 г. ў Кіраўскай сярэдняй школе № 10 імя Тургенева выкладае нямецкую мову. (За гады высылкі Адамовіч скончыў курс нямецкай мовы ў Інстытуце завочнага навучання замежным мовам, пра што і атрымаў пасведчанне ад 8 снежня 1936 г. Скончыць аналагічны курс англійскай мовы зашкодзіў паўторны арышт.)
Вызваленне і вайна
4 ліпеня 1938 г. Адамовічу выдаецца чарговая, далёка не апошняя ў ягоным жыцці, даведка ў тым, што 3 ліпеня 1938 г. ён вызваляецца з-пад аховы. Адамовіч вяртаецца ў свой каханы горад і пасля доўгіх пошукаў працы ўладкоўваецца ў Мінскі хімічна-тэхналагічны тэхнікум харчовае прамысловасці выкладчыкам беларускай і рускай моваў, дзе і працуе да пачатку вайны.
А ўжо не пазней за 12 ліпеня 1941 г. Антон Адамовіч з'яўляецца супрацоўнікам аддзела працы Мінскай гарадской управы. Выкладання не пакідае.
Успамінае Віталь Кажан: “У 1942 г. Генэральны Камісар Беларусі Кубэ даў згоду на арганізацыю Корпусу Беларускай Самааховы. Каб стварыць корпус, трэба было падрыхтаваць кадры афіцэрскія і падафіцэрскія. У 1942 г. арганізуюцца першыя афіцэрскія курсы. На гэтых курсах давялося быць і мне. Камандзерам курсаў быў генэрал Франьціш Кушаль. На курсах паміж выкладчыкамі быў і Антон Адамовіч. Ён выкладаў беларускую гісторыю й літаратуру. Нармальна ў час лекцыі ён стаяў каля сьцяны, залажыўшы рукі ззаду. Перад сабой ня меў ніякіх запісак. Усё гаварыў, пры гэтым вельмі цікава гаварыў, толькі з памяці, уключаючы нават і прыклады з твораў такіх паэтаў, як Колас ці Купала. Выкладамі яго ўсе слухачы былі захопленыя, а галоўнае — не маглі надзівіцца, што падавалася толькі з памяці. Ці было штось надрукавана навуковага ў той час бяз праўкі ды перагляду Антося Адамовіча? Гэта была хадзячая энцыкляпэдыя, асабліва калі браць пад увагу беларускую літаратуру, гісторыю”.
Рэдакцыя “Беларускай газеты” і “Голасу вёскі”. Сядзяць (злева направа):
Уладзіслаў Казлоўскі, Наталля Арсеннева, Аляксей Сянкевіч. Стаяць (злева направа):
Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Мінск, снежань 1942 г.
Своеасаблівым культурніцкім цэнтрам падчас вайны ў Мінску была рэдакцыя “Беларускай (Менскай) газеты”, дзе Адамовічу належала адметная роля. З аўтабіяграфіі Антона Адамовіча:
“З прыходам немцаў адчыніліся некаторыя магчымасьці друкавацца, хоць адзіная выдаваная ў Менску “Беларуская газэта” й не магла адпусьціць вялікага месца для паважнейшых працаў. Усё-ж, працуючы ў рэдакцыі гэтае газэты, мне ўдалося надрукаваць пару большых літаратурна-крытычных артыкулаў (пра кірунак “Узвышэнства” ў беларускай літаратуры, пра паэтку Натальлю Арсеньневу й інш.), а таксама шмат зацемак з галіны культуры мовы. Дзеля таго, што навуковых працаў друкаваць нельга было ў газэце й наагул выказваць думкі ў простай форме можна было толькі тыя, якія не выклікалі пярэчаньняў ў немцаў, я напаў на думку заняцца больш мастацкай бэлетрыстыкаю, у форме якой было лягчэй вуаляваць і супярэчныя немцам выказваньні. Так, пад псэўданімам Д. Забранскі я надрукаваў колькі імпрэсіяў, у якіх часам удавалася то правесьці завуаляваную паралель між Гітлерам і Напалеонам, конь якога ўпершыню спатыкнуўся ў Менску пры ягоным паходзе на Ўсход (імпрэсія “Менск”) або мімабегам успомніць пра ведамае пабіцьцё немцаў-крыжакоў пад Грунвальдам. Гэта прайшло незаўважаным, але большую маю рэч, пад тым-жа псэўданімам Д. Забранскі, “Несантымэнтальнае падарожжа”, дзе я спрабаваў падаць свае запраўдныя ўражаньні ад Нямеччыны, якую пабачыў упершыню ў 1942 г., зьезьдзіўшы туды за перакладчыка з дэлегацыяй беларускіх сялянаў, якіх знаёмілі зь нямецкай гаспадаркай, цэнзура забараніла скончыць друкам, знайшоўшы там “неразуменьне нацыянал-сацыялістычнае Нямеччыны”. Давялося зьмяніць псэўданім на С. Юстапчык, і пад ім у тэй-жа “Беларускай газэце” былі надрукаваныя мае аповесьці “Ўсяночная” (у 1946 г. выйшла асобнай брашурай) і “Трывога”, у якіх вонкава апісвалася савецкае жыцьцё, але пад камуністымі лёгка завуалёўваліся нацыстыя і асабліва некаторыя добра знаныя ў Менску фігуры іх (сам “гаўляйтар Беларусі” Вільгельм Кубэ, ягоны беларускі квісьлінг др. Ермачэнка ды інш.).
Апрача гэткае літаратурнае формы рэзыстансу, у гэтым часе я бяру ўдзел і ў падпольным антынямецкім руху. У 1942 г. разам зь іншымі, галоўна маладымі беларусамі, бяру ўдзел у заснаваньні нелегальнае антынямецкае Беларускае Незалежніцкае партыі, па лініі гэтае-ж партыі прычыняюся да падрыхтаваньня ліквідацыі нямецкага агента Акінчыца.
У 1943 г., пасьля выдрукаваньня мною ў “Беларускай газэце” тэксту “Беларускае Марсэльезы” паэты Ю. Сергіевіча, словы якога, скіраваныя супраць “прыблудаў”-акупантаў немцы прынялі на свой адрас, я атрымоўваю ад нямецкіх уладаў прапанову выехаць на працу ў Нямеччыну, бо мая праца ў Менску іх “не задавальняе”. Пакуль я думаў дзень над гэтаю прапановаю, у маім стале знайшлася міна, толькі выпадкова выкрытая адным супрацоўнікам за 20 хвілін да выбуху. Пасьля такіх выразных “папярэджваньняў” давялося згадзіцца на прапанову выезду ў Нямеччыну. Апынуўшыся там, я ўсё-ж навязаў сувязі зь беларускімі газэтамі ў Бэрліне й пасылаў туды свае далейшыя бэлетрыстычныя спробы, частка зь якіх была надрукаваная зь некаторымі цэнзурнымі купюрамі (завязка рамана “Каханы горад” у газэце “Беларускі Работнік”, выйшла асобным выданьнем у 1948 г., навэлі пад псэўданімам В. Бірыч — “Вароты скрыпяць” і “Нявольнік Дагамэі” ў газэце “Раніца”).
У гэтым і асабліва пазьнейшым часе, па капітуляцыі Нямеччыны, я не кідаў займацца й навуковымі працамі. За гэты час падрыхтаваная вялікая літаратурна-крытычная праца аб творчасьці паэткі Натальлі Арсеньневае (уводныя часткі зь яе ўдалося надрукаваць у часапісе “Сакавік”, № 1, 1947, “Пад нацыянальным сьцягам”, № 1 (2), 1948 “Ля вытокаў нацыянальнага”), а таксама працы з галіны гісторыі Беларусі — “Гісторыя беларускага нацыянальнага руху” (некаторыя разьдзелы ў канспэктыўным выглядзе выйшлі асобнымі брашуркамі пад псэўданімам Н. Недасек “1917-1947” і “1918-1948”, а таксама ў брашуры “Белая кніга ў справе нашага нацыянальнага назову” і “Гісторыя Беларусі 16-18 ст.”. Цяпер працую над гісторыяй Беларусі да 19 ст., але абставіны жыцьця ДП не дазваляюць аддацца ёй як належыць, таксама як і абставіны беларускага эміграцыйнага друку не даюць ніякіх надзей на апублікаваньне бліжэйшым часам таго, што ўжо ёсьць у рукапісах, асабліва большых агульных працаў (“Гісторыя беларускае літаратуры”, “Спроба нарматыўнае граматыкі беларускае літаратурнае мовы”, “Гісторыя беларускага нацыянальнага руху”, “Гісторыя Беларусі 16-18 ст.”). Як і раней, больш удаецца друкаваць рэчы бэлетрыстычныя (надрукаваныя навэлі “Безруч” пад псэўданімам С. Юстапчык ды “Афрадыта-ОСТ” і “Эмігранцкая песьня” пад псэўданімам В. Бірыч) і публіцыстычныя”.
Ідэі Ластоўскага ў паваеннай Нямеччыне
Гаворачы пра абставіны жыцця ў DP, Адамовіч меў на ўвазе не толькі неўладкаванасць побытавую, адсутнасць неабходнай літаратуры, але і тую спецыфічную атмасферу лагераў, пра якую Наталля Арсеннева пісала: “Нашыя “ўзвышшы” былі цалкам захопленыя палітычным змаганьнем, “нізы” ходаліся за кожную пару порткаў ці камашаў з магазыну”.
У лагерах адбыўся фатальны для беларускага грамадства раскол. Пра падзел эміграцыі на крывічоў і зарубежнікаў, падзел палітычны, падзел рэлігійны, ужо сказана дастаткова. Зараз жа адцемім адно ролю Антона Адамовіча ў тых падзеях. А яна была немалая.
Антон Адамовіч.
Успамінае Раіса Жук-Грышкевіч: “Першы раз я сутыкнулася з прафэсарам Антонам Адамовічам на зьлёце беларускіх скаўтаў із трох зонаў Нямеччыны: амэрыканскае, канадыйскае й францускае. Адбываўся зьлёт у 1946 ці 1947 годзе. Зьехалася на яго шмат скаўтаў, якія сябе характарызавалі так: “мы бойкая моладзь, арлы маладыя”, і “ў душах нашых шчырых ідэі сьвятыя, а ў жылах крывіцкая кроў!”. У тыя часы моладзь пяяла: Крывічанскае войска сьпявае, / у крывавы зьбіраецца бой, / а дзяўчына жаўнера пытае, / чаму браць яе ня хоча з сабой.
“Мы былі й будзем крывічамі...”. А якое дачыненьне гэта мае да Антона Адамовіча? А мае. Ён быў Крывічом, хацеў, каб мы пазбавіліся ў сваім найменьні накінутае нам, як ён казаў, “рашкі”, — “Бела-руссіа”.
Згадка Раісы Жук-Грышкевіч знамянальная. Наколькі, мабыць, глыбока валодала ідэя Адамовічам, калі першае ўражанне па знаёмстве з ім пакідала “Крывія”! Было ў тым не толькі захапленне маладосці, “КРЫЮГ”, працэс СВБ — “патрыётаў крыўскай дзяржавы”, але і практычнае: згуба беларусаў, што запісваліся палякамі з-за боязі быць рэпатрыяванымі. Сам быў змушаны выправіць сабе “Пасьведчаньне” № 401 аб жыхарстве ў Вільні ў 1936 г., сам пазней у аплікацыі № 7844003 на дазвол уехаць у ЗША запісаўся грамадзянінам Польшчы. Таму і прапанаваў ён, разам з Янам Станкевічам, змяніць этнічны назоў Беларусь, беларусы на Крывія, крывічы.
Ідэі Ластоўскага адыгралі вызначальную ролю і ў тэарэтычным абгрунтаванні змены нацыянальнай назвы. У англамоўным артыкуле “Часапіс “Крывіч”. Да 50-х угодкаў” Адамовіч пісаў: “У Савецкай Беларусі спадчына Ластоўскага забароненая. Яна атрымала пэўнае адраджэньне падчас Другой Сусьветнай вайны, але выключна на эміграцыі. Выкарыстаньне тэрміну крывічы як нацыянальнага назову было прапанавана газэтаю “Раніца”, што выходзіла ў Бэрліне ў 1939-1945 гг. Падчас прымусовай рэпатрыяцыі тэрмін крывічы выкарыстоўваўся як выратавальны знак. З мэтаю пазьбегнуць вяртаньня ў Савецкі Саюз назоў быў прыняты вялікай колькасьцю беларускіх эмігрантаў, а ў брытанскай зоне Нямеччыны быў заснаваны першы Крывічанскі лягер ДП. Жыхарства там было абаронена ад вяртаньня ў СССР, бо ані брытанцы, ані савецкія прадстаўнікі ня ведалі, што за людзі гэта такія, крывічы. Апрача асобных лягераў ДП, назоў быў прыняты некаторымі арганізацыямі, нацыянальнымі камітэтамі, студэнцкімі саюзамі, навуковымі інстытуцыямі, часапісамі (напрыклад, “Крывіцкі сьветач”). Эміграцыйныя пісьменьнікі Натальля Арсеньнева, Ларыса Геніюш, Алесь Салавей, часткова Міхась Кавыль і Масей Сяднёў таксама шырака ўжывалі гэты тэрмін”.
Натуральна, калі “вялікая колькасць” эмігрантаў, па словах Адамовіча, успрыняла новую назву, дык не меншая назву гэтую адрынула. Адбыўся падзел грамадства, а за ім і падзел эміграцыйнай прэсы на крывічоў і зарубежнікаў. Спрэчкі паступова перайшлі з навуковай прасторы ў прастору побытавую. Вось два прыклады хронікі таго змагання.
Прэсавае пасведчанне Антона Адамовіча як галоўнага рэдактара газеты “Бацькаўшчына”.
1948 г.
У 1948 г. у Нямеччыне крывічамі была выдадзена брашура Максіма Зніча (Ант. Адамовіча) “Здрада (Як запрадаўся былы беларускі епіскапат маскоўскаму зарубежжу)”: “Нас ня ганьбіць назоў Крывіч, аналёгамі якога зьяўляюцца: нацыяналіст, аўтакефаліст, незалежнік, патрыёт, змагар і жаўнер Беларускага Народу. Мы ня хочам цягнуцца за вамі ў Маскву і мець назоў зарубежнікаў, русафілаў, фэдэралістаў, абласьнікоў, рэакцыянэраў, апартуністаў і здраднікаў беларускіх інтарэсаў — Аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы — будучыня Народу. Вы і вам падобнае “беларускае” зарубежжа — брудная пляма ў гісторыі Беларусі”.
З боку зарубежнікаў таксама былі свае аўтарытэты, свае ідэолагі, свае пісьменнікі. Юрка Віцьбіч — з найбольш актыўных. Менавіта ён заснаваў і фактычна адзін выдаваў не толькі “Шыпшыну” ці “Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі”, але і “БІС” (“Беларуская інфармацыйная служба”), ці не самы востры орган другога лагеру, дзе пад псеўданімамі Ігнат Тур, Міхась Крыніцкі пісаў: “Выконваючы загады зацятых ворагаў нашага беларускага народу, “крывічы” дагэтуль аплёўваюць у сваіх “Белых кнігах” і па-за імі наш нацыянальны назоў, спрабуючы зьнішчыць яго й замяніць іншым. “Крывічы” аплёўваюць нашу славутую, гордую “Пагоню”, намагаючыся замяніць яе недарэчнай і абразьлівай па форме “Двухпагоняю”, “крывічы” фальсыфікуюць нашую гераічную гісторыю і асабліва тыя ейныя бачыны, дзе знайшлі адбітак І Кангрэс, Акт 25 Сакавіка, БНР, ІІ Кангрэс, БЦР (Н.Недасек “1917-1947”), “крывічы” праз “Падручнік крывіцкае мовы” Брачыслава Скарыніча, “Бацькаўшчыну”, “Сакавік” спрабуюць апаганіць наш вялікі скарб — багатую мілагучную беларускую мову, “крывічы” на старонках свае прэсы спрабуюць давесьці ўсім іншым нацыянальнасьцям, што пераважная бальшыня беларускае эміграцыі складаецца з квісьлінгаў, русафілаў, палякафілаў, дывэрсантаў, зарубежнікаў, саветчыкаў, уласаўцаў, чарнасоценцаў ды іншых, “крывічы” на старонках свае прэсы аплёўваюць праваслаўнае веравызнаньне, якое вызнае пераважная бальшыня нашага народу й недарэчна спрабуюць замяніць яго рэлігійнай вуніяй. Адзіная мэта гэтае агіднае працы — дыскрэдытаваць усё беларускае, забіць усякі незалежны дэмакратычны дух”.
Навуковая дзейнасць на эміграцыі
Эміграцыйныя гады ў Нямеччыне і ЗША сталіся для Адамовіча надзвычай плённым часам — амаль што да самай смерці (12 чэрвеня 1998 г.). Ён рэдагуе перыёдыкі: газету “Бацькаўшчына”, часапіс “Конадні”, супрацоўнічае з радыё “Вызваленне”/“Свабода”, бярэ дзейны ўдзел у заснаванні і працы Беларускага інстытута навукі і мастацтва.
Антон Адамовіч на канферэнцыі.
Асобнае месца ў гэтым спісе займае Мюнхенскі інстытут вывучэння гісторыі і культуры СССР, дзе Адамовіч працаваў ад сакавіка 1953 г. і дзе былі выдрукаваныя найгалоўнейшыя яго працы, у тым ліку кніга “Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры”.
Наогул трэба адзначыць надзвычай шырокі абсяг зацікаўленняў Адамовіча, нават калі абмежавацца адно літаратуразнаўчымі працамі: тэорыя і гісторыя літаратуры (дакладней, літаратурны працэс — такі тэрмін Адамовіч, следам за Адамам Бабарэкам, лічыў больш правільным), Францішак Багушэвіч, Цётка, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Жылка, Андрэй Мрый, Лукаш Калюга, Кузьма Чорны, літаратура эміграцыі — Наталля Арсеннева, Алесь Салавей, Янка Юхнавец, Масей Сяднёў — і літаратура сацыялістычнага рэалізму.
Адным з найбольш цікавых і важных для Адамовіча — яшчэ ад першых “узвышэнскіх” працаў — быў аспект, які ўмоўна можна назваць палітыкаю літаратуры. Нават болей, Адамовіч стварыў з яго адмысловы раздзел літаратуразнаўства, што даследаваў савецкую літаратуру як асобную літаратурную плынь, пісаў, маючы на ўвазе літаратуразнаўства ў Беларусі: “Спыняе на сабе ўвагу маўкліва праводжанае атоесамленьне савецкай літаратуры Беларусі з усёй беларускай літаратурай савецкага пэрыяду, у якой, прынамся, празь першых год пятнаццаць гэнага пэрыяду, літаратура савецкая была ўсяго аднэю з плыняў, ані пры тым не пануючы, хаця й нязьменна ставячыся ўладай у вылучна прывілеяванае паложаньне”. І паколькі палітыка літаратуры даследуе перш-наперш саветызацыю літаратуры ды супраціў ёй, закідаць працам Адамовіча замоцнае палітызаванне літаратурнага руху 1920-х гг., ацэнку літаратуры палітычнымі крытэрыямі наўрад ці слушна.
Антон Адамовіч.
Затое ў працах, прысвечаных эміграцыйнай літаратуры, у першую чаргу — творчасці Наталлі Арсенневай і Алеся Салаўя, Адамовіч пісаў пра мастацтва, пра метафары і тропы, пра сваё ўлюбёнае — уплывы і наследаванні. Акрамя чыста літаратуразнаўчых праблемаў бачыцца тут жаданне злучыць, звязаць гвалтам разарваныя традыцыі беларускае літаратуры, аб’яднаўшы любімых ім пісьменнікаў у адзіны ланцуг жывое творчасці.
Лявон ЮРЭВІЧ