У Оршы ў прадпрымальнікаў просяць грошай на "Лядовую арэну"
Лядовы палац у Оршы селета нарэшце дабудавалі - з парушэннямі ўсіх абяцаных тэрмінаў, праз 5 гадоў пасля пачатку. Але выяўляецца, што цяпер няма грошай, каб давесці да ладу інтэр'еры.
Аршанскія прадпрымальнікі паведамілі "Свабодзе", што іх запрашалі ў райвыканкам і прасілі матэрыяльнай дапамогі "на патрэбы гораду", а перадусім - на добраўпарадкаваньне "Лядовай арэны". Да некаторых звярталіся асабіста: у бліжэйшым гандлёвым цэнтры, які месціцца літаральна за плотам "Лядовай арэны", у прадпрымальнікаў прасілі грошай на швабры і вёдры, каб прыбіраць палац. І тыя давалі.
"Лядовую арэну" абяцалі адкрыць яшчэ тры гады таму. Аршанцы памятаюць: калі тут закладалі падмуркі будучага палаца, то абяцалі здаць яго да навагодніх святаў у 2011 годзе. Аднак пачаліся праблемы з фінансаваннем. Мясцовыя ўлады раз за разам дакларавалі, што лядовы палац вось-вось будзе гатовы. Толькі за апошняе лета тэрміны здачы прызначалі тройчы: аршанцы чакалі адкрыцця і ў Дзень гораду - напрыканцы чэрвеня, і 15 ліпеня - падчас фэстывалю "Славянскі базар у Віцебску", і ў апошнія дні жніўня - да дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі. Потым пайшлі чуткі, што яго адчыняць да 7-га лістапада, але і гэта ня спраўдзілася.
Цяпер, паводле афіцыйнай інфармацыі, будынак прыбіраюць усярэдзіне. У палац наймаюць працаўнікоў. Пакуль не набралі прыбіральшчыц, каб рабіць у палацы парадак час ад часу "мабілізуюць" работнікаў аршанскіх прадпрыемстваў.