Куды выкінуць батарэйкі: адрасы па рэгіёне
У Мядзеле кантэйнер устаноўлены ля ўвахода ва ўнівермаг.
Выкідаць батарэйкі ў сметніцу небяспечна. Іх шкодныя рэчывы трапляюць у зямлю, грунтавыя воды, а потым – да нас у арганізм.
Пра гэта раней распавёў дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Андрэй Лабанаў.
Тады мы прыводзілі адрасы ўсіх месцаў для выкідання батарэек у Маладзечне. Цяпер дадаём інфармацыю па рэгіёне.
Вілейка
У Вілейцы спецыяль-ныя кантэйнеры для збору выкарыстаных батарэек устаноўленыя ў магазіне “Гаспадарчыя тавары” па вуліцы Савецкай, у прымерачнай на міні-рынку КУП “Садружнасць”. У Вілейскім прафесійна-тэхнічным каледжы самі зрабілі такія кантэйнеры і ўстанавілі ў інтэрнатах, паведаміў галоўны спецыяліст Вілейскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Сабалеўскі.
Вялікую працу па ўстаноўцы міні-кантэйнераў для выкарыстаных батарэек правяла мясцовая жыллёва-камунальная гаспадарка. Забяспечылі імі ўнівермаг УП “Меркурый-цэнтр” і мэблевы магазін па вуліцы Вадап’янава, а таксама два прадуктовыя магазіны УП “Рамонак”: ля плошчы Свабоды і “Тапалёк” па вуліцы Кастрычніцкай.
Таксама падобныя ёмістасці ўстаноўленыя ў фае райвыканкама, гасцініцы “Вілія”, адміністрацыйным корпусе ЖКГ па вул. Чырвонаармейскай, 84, ЖРЭУ-1 (па вуліцы Горкага,14), ЖРЭУ-2 (па вуліцы Гагарына, 27), на ўчастку цеплавой вытворчасці (вул. Камсамольская,18-а).
А нядаўна перадалі міні-кантэйнеры для ўстаноўкі ў людных месцах на чатыры ўчасткі: у Даўгінаве, Людвінове, Ільі, Любані. Пра ўсё гэта расказала інжынер па ахове навакольнага асяроддзя (эколаг) ЖКГ Алена Шаманюк.
– Гляджу і па нашым адміністрацыйным будынку, і па ўнівермагу, што людзі кідаюць выкарыстаныя батарэйкі ў кантэйнеры. Разумеюць, што гэта лепш, чым выкідаць іх у сметніцу, – кажа яна. – Нам нават тэлефанаваў пажылы чалавек, якому цяжка хадзіць. Пытаўся, як ён можа здаць батарэйкі. Сказалі, што калі назбірае трохі, то дапаможам: супрацоўнікі ЖКГ завітаюць да яго, забяруць.
За пяць выкарыстаных батарэек – адну новую. Чаму не?
Мядзел
У райцэнтры выкарыстаныя батарэйкі можна выкінуць ў кантэйнер, які ўстаноўлены на першым паверсе ўнівермага на плошчы Шаранговіча. Таксама кантэйнер устаноўлены ў прамтаварным магазіне ў вёсцы Нарач (Кабыльнік) па вуліцы Піянерскай, 6.
Валожын
Ва ўнівермагу (плошча Свабоды, 5)
Астравец
У будынку ЖКГ (вул. Карла Маркса, 45)
Ашмяны
Ва ўнівермагу (вул. Савецкая, 100)
Смаргонь
У краме “Сола” (вул. Савецкая, 9-б), краме “Стыль” (вул. Леніна, 3), краме “Сёмы кантынент” (вул. Заводская), краме “Мазаіка” (вул. Заходняя, 34-б).
Алесь ВЫСОЦКІ, Настасся РОЎДА.
Фота epochtimes.com.ua, cs7003.vk.me, "РГ".