Помнік паўстанцам 1863 года з’явіўся ў вёсцы Слабодка Астравецкага раёна (фота)
У вёсцы Слабодка Астравецкага раёна паўстаў гранітны помнік у выглядзе мяча, уваткнутага ў зямлю. Помнік прысвечаны паўстанцам 1863 года і зроблены выключна на прыватныя сродкі.
“У гэтай работы шмат прачытанняў, — пракаментаваў скульптурную выяву яе аўтар Ігар Засімовіч. — У першую чаргу гэта, канечне, ушанаванне памяці тых, хто загінуў у паўстанні. Тым больш што спрадвеку свой меч ваяры выкарыстоўвалі яшчэ і як крыж: на яго жагналіся, ім праводзілі загінулых у апошні шлях. Па-другое, гэта нашая, нашчадкаў, бязмерная ўдзячнасць за адвагу, з якой нашыя продкі з косамі ў руках ішлі на царскія пушкі. Два крыжы (каталіцкі і праваслаўны) на рукаятцы мяча маюць агульную перакладзіну — гэта сімвал адзінства хрысціян нашай краіны, якія заўсёды разам — плячо да пляча — змагаліся за яе свабоду. А надпіс на лязе мяча: “Каго любіш? — Беларусь! — То ўзаемна…” — гэта пароль, якім касіянеры абменьваліся паміж сабой”.
Як паведамляе інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС "Бацькаўшчына”, цяпер ідзе праца па стварэнні інфраструктуры, і ўжо праз некаторы час вёска Слабодка “будзе радая вітаць як замежных турыстаў, так і беларусаў на гэтым знакавым для кожнага з нас месцы”.