Хто не рызыкуе, той не развіваецца

Источник материала:  
СЁННЯ нярэдка можна пачуць ад кіраўнікоў рознага рангу: маўляў, для больш імклівага развіцця прадпрыемства ці рэгіёна ў цэлым не стае сродкаў, трэба спадзявацца на дзяржаву. Міёрскі раён не толькі не багацейшы за іншыя, але і не менш праблемны: па фінансах, дэмаграфічнай сітуацыі. І пры гэтым стратэгічныя пытанні тут імкнуцца вырашаць у першую чаргу сваімі сіламі. Самы яркі прыклад: знайшлі замежнага інвестара на будаўніцтва металургічнага завода. Зноў-такі, не чакаючы ўказанняў «зверху», самастойна правялі шырокамаштабную мадэрнізацыю мясакамбіната, распрацавалі і ўвасабляюць у жыццё шматгранную праграму па «здабычы валюты» з балот Ельні. А самы маленькі горад краіны — Дзісна — становіцца не толькі турыстычнай Меккай, але і «дачным спадарожнікам» Полацка і Новаполацка. У распрацоўцы і яшчэ некалькіх цікавых праектаў. Усё гэта спрыяе росту дабрабыту людзей, развіццю сацыяльнай сферы раёна, які ў наступным годзе адзначыць сваё 500-годдзе.

1. «Мужыкі ўключылі мазгі» і прыйшлі да ідэі

ЧУТКІ аб тым, што ў Міёрах будзе пабудаваны металургічны завод, пачалі хадзіць яшчэ год таму назад. Праўда, у гэта мала хто верыў. Сказалі б — у абласным цэнтры, ці ў той жа Оршы або Полацку. А то ў Міёрах — звычайным невялічкім раённым гарадку з насельніцтвам менш за 9 тысяч чалавек?!

Каб падцвердзіць ці абвергнуць гэтыя чуткі, у час чарговай камандзіроўкі за інфармацыяй звярнуўся ў Міёрскі раённы выканаўчы камітэт. Там паказалі дакумент ад 22 лістапада 2013 года, у якім чорным па беламу было прапісана:

«Разгледзеўшы заяву таварыства з абмежаванай адказнасцю «ММПЗ-груп» (далей — ТАА «ММПЗ-груп»), у рамках рэалізацыі інвестыцыйнага дагавору  ад  13  жніўня  2012 г. № 91, у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2009 г. № 10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», Міёрскі раённы выканаўчы камітэт вырашыў:

дазволіць ТАА «ММПЗ-груп» правядзенне работ па падрыхтоўцы будаўнічай пляцоўкі, размешчанай на зямельным участку плошчай 40 гектараў, прадстаўленых для ўзвядзення аб’екта «Будаўніцтва завода па вытворчасці ліста і белай бляхі ў г. Міёры», згодна з актам выбару месца размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўніцтва аб’екта ад 28 лістапада 2012 г., зацверджанага старшынёй Міёрскага раённага выканаўчага камітэта Кузняцовым І. В. і ўзгодненага 4 снежня 2012 г. са старшынёй Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Косінцам А. М.».

Па інфармацыі дырэктара ТАА «ММПЗ-груп» Сяргея Чабуранава стала вядома, што будаўніцтва плануецца весці паэтапна. Праектаваннем займаецца літоўская інжынірынгавая кампанія. Абсталяванне ж паставіць вядомая нямецкая кампанія SMS Ggrup — вытворца машын для металургіі і металапракату.

Кошт аб’екта — 250 мільёнаў еўра.

Больш таго, стала вядома, што ўжо вядуцца работы па падрыхтоўцы пляцоўкі пад будучае прадпрыемства. Выконвае іх мясцовае прадпрыемства меліяратыўных сістэм (КУП «Міёрскае ПМС»).

РАЗАМ з галоўным інжынерам гэтай арганізацыі Аляксандрам Жураўскім на мінулым тыдні мы пабывалі на аб’екце. Хаця знаходзіцца ён не надта далёка ад кальцавой, дабрацца было цяжкавата, бо дарогі пакуль што няма ніякай. І толькі дзякуючы таму, што глеба трохі падмерзла, «уазік» праскочыў да двух гусенічных трактароў, якія ўпарта зразалі грунт і ссоўвалі яго ў высокія бурты.

Тэхніка новая, магутная. На першым бульдозеры «Т-130» працаваў малады механізатар Віктар Томас. Закончыў Боркавіцкае СПТВ, зарэкамендаваў сябе як адказны, старанны работнік. І вось — паслалі на «перадавую».

Гаспадар другога бульдозера — Валерый Валенцік, ветэран арганізацыі, каля трох дзясяткаў гадоў у ёй. Ён разумее адказнасць моманту, важнасць задання:

— Гэта ж падумаць толькі: тут будзе металургічны завод! Колькі міёрцаў атрымаюць работу!

Вялікае роўнае поле парасло высокай травой. Яе спецыяльна не скошвалі, бо тады менш прамярзае зямля і куды лягчэй бу- дзе зімой весці работы.

Перш чым падацца да машыны Аляксандр Жураўскі становіцца ля першага калка — мяжы, адкуль пачынаецца тэрыторыя завода. Робім гістарычны здымак.

Блакітнее ў полі адзінокі вагончык. Гэта — начлег для вартаўніка і месца адпачынку механізатараў. Неўзабаве такіх вагончыкаў, часовых домікаў тут з’явіцца цэлая вуліца.

Па дарозе назад Аляксандр з гонарам зазначае, што заказ на падрыхтоўчыя работы пляцоўкі завода дасць ПМС 8,5 мільярда рублёў.

Пра такія падрады можна толькі марыць. Хаця ніякай выпадковасці тут няма. Гэта работа — для меліяратараў. А ведаючы, што будзе магчымасць яе атрымаць, наперад абзавяліся неабходнай новай тэхнікай: набылі 2 кітайскія бульдозеры «Шантуй», экскаватар на гусенічным хаду, бензавоз, тэхнічную дапамогу з электрастанцыяй і ўсім неабходным абсталяваннем для рамонтных работ у полі, аўтобус, трактар «МТЗ-1221».

Дырэктар Міёрскай ПМС Уладзімір Нікалаёнак рэальна разлічвае, што іхні ўдзел у будаўніцтве завода не закончыцца толькі падрыхтоўкай пляцоўкі, а можна ўзяцца за ўзвядзенне і некаторых вытворчых будынкаў.

Гарантыяй таму служаць нямала значных аб’ектаў, узведзеных ПМС у апошнія гады: 66 катэджаў у аграгарадках, малочна-таварная ферма з даільнай залай «Мілашова» і, нарэшце, халадзільнік мясакамбіната.

Тым больш што старшыня Міёрскага райвыканкама прытрымліваецца такой палітыкі, каб у першую чаргу на будоўлі былі тутэйшыя людзі.

ДАВЕДКА «БН»

Насельніцтва Міёрскага раёна — 21997 чалавек. З іх 8,5 тысячы — у самім райцэнтры. У Міёрах ёсць мясакамбінат, камбікормавы завод, філіялы хлебазавода і малаказавода, будаўнічая і меліяратыўная арганізацыі, райаграсэрвіс, 3 школы.

Вызначаецца Міёрскі раён тым, што на яго тэрыторыі знаходзіцца самы маленькі горад у Беларусі — Дзісна з насельніцтвам менш за 2 тысячы чалавек.

Ігар КУЗНЯЦОЎ, старшыня Міёрскага райвыканкама

Маналог першы

– ПАЧНУ з таго, што наш гарадок сёння — чысты, акуратны, нармальная экалогія, але зусім невялічкі з насельніцтвам 8,5 тысячы. І ў раёне ў цэлым усяго 22 тысячы жыхароў. Прычым чацвёртая частка — пенсіянеры. Насельніцтва катастрафічна старэе, бо дзеці выбіраюць на жыхарства Мінск, Віцебск, Полацк і іншыя гарады. Магчыма, яны б і заставаліся дома. Але не ствараючы ніякіх прадпрыемстваў, інфраструктуры, цяжка на гэта разлічваць. Так, сёння я з задавальненнем магу зазначыць, што вяртаюцца на Міёршчыну выпускнікі сельскіх вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, медыкі, культработнікі. Карацей кажучы, тыя, для каго ёсць працоўнае месца і нармальная зарплата.

І таму я аднойчы сказаў сваім: «Мужыкі, давайце «ўключаць» мазгі, думаць, глядзець, што можна зрабіць. Жыць учарашнім днём дрэнна. Сённяшнім — крыху лепш. А жыць трэба заўтрашнім днём! Арганізаваць такую вытворчасць, якой не было б нідзе наўкол, каб дабавіла шмат рабочых месцаў і дала штуршок развіццю саміх Міёр.

Так мы прыйшлі да ідэі будоўлі металургічнага завода. Многія ў гэта не верылі: як можа прыйсці на міёрскую зямлю з такім важкім пакетам, у 250 мільёнаў еўра, іншаземны інвестар!

Сапраўды, гледзячы збоку, — загадка. Калі не ведаць таго, што інвестар — гэта наш зямляк, жыхар Міёрскага раёна. Ён тут нарадзіўся, закончыў школу. Мы сустракаліся, абмяркоўвалі праблемы, каб зрабіць нешта значнае для людзей і раёна ў цэлым. Былі спачатку ў нас планы ў дрэваапрацоўчай галіне. Потым хацелі заняцца пілетамі. А спыніліся на металургічным заводзе. Калі прасачылася гэта інфармацыя, то прэтэндэнты на яго будоўлю аб’явіліся ва ўсіх кутках Беларусі, і нават з лепшымі ўмовамі, чым у нас: з наяўнасцю портаў, блізкасцю чыгункі і гэтак далей. Але дзякуй інвестару, ён заняў жорсткую пазіцыю: ці металургічны завод будзе ў Міёрскім раёне, ці наогул нідзе.

Мы доўга маўчалі аб гэтых рэчах. Было шмат скептыкаў, і нават праціўнікаў.

Я рады, што ўсё вырашылася станоўча. Падпісаны ўказ кіраўніка дзяржавы аб адводзе зямлі пад будаўніцтва завода. Урад у курсе ўсіх нашых пытанняў.

Скажу чэсна, што такога металургічнага камбіната на прасторы былога Савецкага Саюза проста няма. Ёсць нешта падобнае на Магнітцы ў Расіі і некалькі заводаў у Еўропе, Канадзе і Амерыцы.

Таму мы нікому не створым канкурэнцыі. Наадварот, будзем адны на ўнутраным рынку. Белая бляха патрэбна ў вялікай колькасці на тую ж бляшанку для малочных кансерваў, піва. А пасля другога этапу будоўлі завода мы зможам выпускаць нават фольгу харчовую.

Сёння, маючы свой Міёрскі мясакамбінат, задаю сабе пытанне: «Мы прадаём мяса, паўфабрыкаты. А чаму б не вырабляць мясныя кансервы? Размаўляў на гэту тэму з ваеннымі Полацкага пагранатрада. Яны заявілі: «Калі вы зможаце рабіць прадукты харчавання для ваеннаслужачых, то ўключаем у тэндар, і ніякіх пытанняў не будзе». Сёння ім патрэбны і тушонка, і каша грэцкая, і рысавая з мясам. Больш таго. Мясную прадукцыю можна будзе арыентаваць на экспарт. Іншаземцам тушонка беларуская падабаецца. Іх не задавальняе толькі ўпакоўка. Яна якой была трыццаць гадоў таму, такой і засталася. Маецца на ўвазе ў асноўным таўшчыня сценак бляшанкі. Наша бляха, адкрыю сакрэт, будзе ў два разы танчэй. А гэта ў канчатковым выніку скажацца і на сабекошце прадукцыі.

Узнікла ў сувязі з будаўніцтвам металургічнага завода і яшчэ адна ідэя: мець уласную топачку, дзе можна будзе пераплаўляць для прадпрыемства металалом, які мы збіраем. Сёння гэта не тыя домны, якія стаяць на Магнітцы, а электрычная печ, памерам менш за мой кабінет. Пры кансультацыі са спецыялістамі Беларускага металургічнага завода даведаўся, што праект цалкам рэальны.

З уводам у строй металургічнага завода зменіцца да лепшага жыццё і міёрцаў. Гэта будзе валаўтваральнае прадпрыемства, якое дасць чацвёртую даходную частку раённага бюджэту. А гэта пацягне ў сваю чаргу за сабой цэлы сацыяльны «шлейф»: школы, дзіцячыя садкі, жыллё, дарогі, гандаль, культуру. Словам, усю інфраструктуру. Сёння я хаджу з працягнутай рукой і прашу: «Дайце, калі ласка, дапамажыце!», бо раён датацыйны.

На прадпрыемстве будуць працаваць 500 чалавек. А ў іх жа сем’і. Як мінімум па тры чалавекі ў кожнай. Значыць, насельніцтва райцэнтра ўзрасце на паўтары тысячы чалавек і ўжо ў 2015 го- дзе, як будзе пушчана першая чарга прадпрыемства, дасягне 10 тысяч жыхароў.

Калі ж глядзець глыбей, то металургічны завод у Міёрах дасць штуршок развіццю ўсяго рэгіёна на дзясяткі гадоў наперад: Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага, Докшыцкага і іншых суседніх раёнаў.

І не толькі рэгіёна. Сёння наша краіна поўнасцю імпартуе белую бляху з-за мяжы, выдаткоўваючы на гэта вялізныя валютныя сродкі. З уводам у строй нашага металургічнага завода цалкам закрываецца і гэта пытанне!

І апошняе, не менш важнае: насельніцтва турбавалася, а ці бу- дзе вытворчасць завода шкоднай для людзей, экалогіі краю? Не, ні ў якім разе. Любы праект сёння на тэрыторыі Беларусі, як і ў цэлым у свеце, праходзіць экалагічную экспертызу. Дык вось, па заключэнні спецыялістаў, Міёрскі металургічны завод мае самы высокі, чацвёрты, узровень экалагічнай бяспекі. Улічана нават роза вятроў, рух паветра. Скажу чэсна і адкрыта: «Калі б ведаў, што нанясу шкоду людзям хаця б на адзін працэнт, гэты праект ніколі не здзяйсняў. Якія б там дывідэнды, якія б залатыя горы мне ні абяцалі!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

(Працяг будзе.)

←Создавать летопись земли своей или строчить кляузы?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика