Мемарыял памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны ў Смаргоні плануюць адкрыць у ліпені 2014 года

Так выглядала пляцоўка, дзе будуюць мемарыял, чатыры месяцы таму.
Такія даты называюць у галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.Работы па падрыхтоўцы пляцоўкі для будучага мемарыяла ўжо пачаліся.
Зрабілі вертыкальную планіроўку ў парку Перамогі, завезлі грунт, ачысцілі тэрыторыю ад дрэў. На гэта пайшоў 1 мільярд рублёў з раённага бюджэту.
Па праекце на пабудову ўсяго мемарыяла патрэбна каля 30 мільярдаў рублёў.
Трэба зрабіць пляцоўкі і дарожкі ў парку, падыходы і пад'езды, пабудаваць капліцу, усталяваць сцены памяці, карты свету і ваенных падзей 1915-1917 гадоў, памятныя знакі з граніту і бронзы, мемарыяльныя скульптуры і іншае.
Каб на ўсё гэта знайсці сродкі, плануюць уключыць аб'ект у інвестыцыйную праграму на 2014 год.
Бронзавыя скульптуры мемарыяла – “Крылаты геній салдацкай славы”, “Салдаты Першай сусветнай”, “Бежанцы” і “Праклён вайне” – ужо вырабленыя. На работы па іх стварэнні пайшло 1,8 мільярдаў рублёў.
Паводле БелТА.
Фота Настассі РОЎДЫ.