Тропікі ідуць на Беларусь: вясну мы не заўважым
Працягласць вясновага перыяду ў найбліжэйшыя гады будзе скарачацца, сказаў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў 4 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, сёлета вясна ў Беларусі доўжылася крыху больш за месяц. На большай частцы тэрыторыі краіны зіма закончылася 30 сакавіка – 1 красавіка, а ўжо 7-8 мая ўстанавілася летняе надвор'е, што на дзве-тры дэкады раней за кліматычную норму. "Сёлета ўсё даволі хутка растала, і як такой вясны мы не заўважылі", – адзначыў Рабаў.
Як заявіў сіноптык, прагнозы Федэральнай службы Расіі па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя сведчаць аб тым, што ў найбліжэйшыя гады вясновы перыяд будзе скарачацца, а неўзабаве класічная вясна наогул знікне.
Скарачэнне вясновага перыяду, паводле слоў Рабава, абумоўлена змяненнем клімату. "Адбылося змяшчэнне сезонаў: восень стала больш працяглай, зіма – карацейшай і нашмат мякчэйшай, вясна скарачаецца", – сказаў ён.
Летам у Беларусі ўсё часцей праяўляюцца прыкметы трапічнага клімату. "Стаіць цёплае і вільготнае надвор'е. Колькасць ападкаў моцна не павялічылася, але вырасла колькасць моцных ліўняў", – патлумачыў Рабаў.
Акрамя таго, у вясенне-летні перыяд Беларусь усё часцей апынаецца пад уплывам паўднёвых цыклонаў. "Калі ў год было па тры-пяць цыклонаў, то цяпер за адзін месяц можа быць шэсць-восем", — адзначыў ён.
"Наша ніва" паводле БелаПАН.
Фота hobbyland.by