У Магілёве ўнікальнаму будынку пагражае знос
Тое, што дом аварыйны, для людзей не навіна. Як яны сцвярджаюць, будынак не рамантаваўся некалькі дзесяцігоддзяў. Некаторыя ягоныя канструкцыі ў любы момант могуць абваліцца. У нежылых кватэрах даўно павыбіваныя шыбы.
У доме першы паверх - цагляны, другі - драўляны. У ім пячное ацяпленне, адсутнічае каналізацыя. Прыбіральня ў двары. Будынак за трыста мэтраў ад гарвыканкаму. Побач узведзены шматпавярховік пад даўніну. Па суседзтве яшчэ адзін стары нежылы драўляны будынак. Той, хто жыве па суседзтву з помнікам архітэктуры, не хавае, што старому дому наканавана памерці, бо дужа ласае месца ён займае.
Дом гэты - адзіны ацалелы з некалі мноства падобных збудаванняў у горадзе. Паводле музэйных звестак, такімі дамамі, характэрнымі толькі для Магілёва, забудоўваліся цэлыя мясцовыя раёны.