На мяжы з Літвой 100 чалавек стаяць у пешай чарзе
Яшчэ 200 аўтамабіляў стаяць на мяжы з 3-й гадзіны раніцы. Беларусь паехала на канцэрт "Ляпісаў"?
Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка не памятае, каб на беларускай мяжы стаяла чарга з пешаходаў. "Відаць, чэргі, якія былі аўтамабільнымі, зрабіліся пешымі", — каментуе ён.
Гэтую здагадку пацвярджае прэс-аташэ гурта "Ляпіс Трубяцкі" Зміцер Безкаравайны, які таксама апынуўся на Каменным Логу раніцай 29 лістапада:
"Я бачыў на мяжы дзяўчын, запытваўся ў іх. Яны адказалі, што шэсць гадзінаў адстаялі, пасля паставілі машыну і пайшлі пешкі. І гадзіну адстаялі на ўваход пешкі".
Сам Зміцер абмінуў і аўтамабільную, і пешую чэргі, бо паехаў у Літву на аўтобусе. Менавіта гэта ён і раіць тым фанатам "Ляпісаў", якія не хочуць згубіць некалькі гадзінаў у чарзе на ўезд у Літву.
Большасць пешаходаў на беларуска-літоўскай мяжы едзе менавіта на віленскі канцэрт "Ляпіса Трубяцкога". Адны разлічваюць на таксі, што адвязуць іх у Вільню з таго боку мяжы. Іншыя, прастаяўшы некалькі гадзінаў, кінулі машыны і спадзяюцца на аўтаспын.
Паводле Еўрарадыё.