Запісацца і разлічыцца
Сяміхвілінная сустрэча з Дзедам Марозам будзе каштаваць ад 50 да 75 тысяч рублёў.
Завітаць у госці да мінскага чараўніка, рэзідэнцыя якога размясціцца ў парку Горкага, можна будзе з 21 снежня да 7 студзеня. Праўда, каб трапіць да дзядулі, трэба будзе заплаціць. Кошт білета залежыць ад працягласці сустрэчы і колькасці наведвальнікаў.
За тое, каб заскочыць у госці да Дзеда Мароза на сем хвілін, неабходна аддаць 50—75 тысяч рублёў, пятнаццаціхвілінная аўдыенцыя абыдзецца ў 75—200 тысяч. Больш выгадна ісці да Дзеда Мароза разам з сябрамі: такі білет пацягне на 30—55 тысяч.
Самымі дарагімі, як і ў мінулыя гады, будуць сустрэчы 25-га, 31 снежня, а таксама 1 студзеня.
— Па просьбах бацькоў заяўкі на наведванне Дзеда Мароза мы пачалі прымаць з 15 лістапада, хоць у мінулыя гады рабілі гэта з першых дзён студзеня, — расказвае Лідзія Вежнавец, начальнік аддзела культуры УП «Гарадскія паркі». — На сустрэчы запісалася ўжо больш за сто чалавек, у асноўным на 24—25, 28—29 і 30—31 снежня.
Дарэчы, заяўкі на наведванне Дзеда Мароза ў парку Горкага прымаюць на працягу тыдня з 10.00 да 15.00.