“Моладзевы парк” па вуліцы Міру. Прыгожая толькі назва
Горы смецця, бруд, паваленыя дрэвы, вялізныя ямы, залітыя вадой. Так апісала парк па вуліцы Міру наша чытачка Святлана Мацюшонак.
− Парк знаходзіцца ў самым цэнтры горада, а там не тое, што вечарам, удзень прайсці страшна. Мы жывём непадалёк, у гарадскі парк ісці далёка, таму гуляем з дзецьмі тут. Але дзіця ўвесь час даводзіцца трымаць за руку. Баюся, што ў яму зваліцца ці кінутай бутэлькай парэжацца. А тым, хто тут гуляе з дзіцячымі вазочкамі, увогуле не пазайздросціш! Адкажыце, як гэта дапусцілі? Няўжо нельга навесці парадак, паставіць сметніцы, лаўкі і ліхтары, каб людзі змаглі выйсці пагуляць, падыхаць паветрам? Месца прыгожае, касцёл побач.
На пытанні адказвае начальнік аддзела зялёна-паркавай гаспадаркі прадпрыемства “Камунальнік” Наталля Каранькова:
− Наталля Іванаўна, ці ведаеце вы пра праблему добраўпарадкавання парку?
− Не бачу я там ніякай праблемы. Па маіх звестках, там тэрыторыя для выгулу сабак агароджаная, ёсць там і лаўкі.
Між іншым, толькі па ўспамінах старажылаў гэтага раёна ўдалося высветліць, што калісьці, гадоў з дзесяць таму, тут сапраўды была тэрыторыя для выгулу сабак, стаялі драўляныя бар’еры.
− Я была ў гэтым парку, заўважыла, што тэрыторыя прыбраная толькі ля абочын, а смецце, лісце, калі прайсці ўглыб парка, не прыбіраецца зусім.
− А навошта паўсюль вылізваць гэтае лісце? Што, у нас у горадзе больш няма месцаў, якія варта прыбіраць?
А што пра гэта думаеце вы? Выказвайцеся ў каментарах на нашым сайце.
Так парк выглядае каля вуліцы.
А так, калі прайсці ўглыб...
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.