У Брэсце распачалася акцыя па наданню вуліцы імя Каліноўскага
Размова iдзе пра вулiцу, якая ўтварылася пасля будаўніцтва транспартнай развязкі непадалёк ад крэпасцi. Нагадаем, раней гарвыканкам вынес на грамадскае абмеркаванне прапанаваную Брэсцкай мытняй назву "Таможная" (чамусьцi менавiта так прадстаўлены беларускi варыянт).
Апытаўшы філолагаў, а таксама карыстальнiкаў сацыяльных сетках наконт iх адносiны да назвы "Таможная", Берасцейскі Малады Фронт прапанаваў надаць вуліцы імя Кастуся Каліноўскага.
Сваю прапанову актывісты абгрунтоўваюць тым, што сёлета адзначаецца 150 гадавіна паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а Брэст быў непаспрэдна звязаны з падзеямі паўстання (адбываліся рэйды інсургентаў у ваколіцах гораду, удзельнікі адбывалі пакаранне ў мясцовай турме, якая месцілася ў крэпасці). Таксама маладафронтаўцы ўказваюць на тое, што такая назва новай вуліцы непадалёк ад Варшаўскай шашы паспрыяе фармаванню пазітыўнага іміджу не толькi горада, але і краіны.
Такiм чынам, актывісты заклiкаюць ўсіх неабыякавых берасцейцаў прыняць удзел у грамадскiм абмеркаваннi i накіроўваць прапановы па наданню вуліцы імя Кастуся Каліноўскага на адрас: Брэст, Міцкевіча, 25, альбо на пошту: brestvestnik@mail.by. Абмеркаванне будзе доўжыцца да 20 снежня.
МФ у сваю чаргу запэўнівае што ўсімі законнымі і дасяжнымі сродкамі і формамі на перыяд збору прапановаў будзе весці агітацыйную і папулярызацыйную кампаніі па назве вуліцы "імя Кастуся Каліноўскага" у сацыяльных сетках, СМІ, перфомансах, электронных петыцыях і інш. Напрыклад, берасцейцам прапануецца сфатаграфавацца з шыльдай "вул. Каліноўскага".
У Брэсце асоба Кастуся Каліноўскага пакуль нiяк не ўвекавечана.