Свінарнікі, пошта, сядзіба з паркам. На Гродзеншчыне выставяць на продаж дзясяткі будынкаў
У бліжэйшы месяц фонд "Гроднааблмаёмасць" выставіць на продаж некалькі дзясяткаў будынкаў. Новых гаспадароў чакаюць школы, клубы, бібліятэкі, пошта, свінарнікі, сядзіба з паркам (на здымку) і турбаза, КПП і бомбасховішча.
Адразу некалькі школ з гаспадарчымі пабудовамі выстаўляюцца на аўкцыён ужо 14 лістапада.
У Шчучынскім раёне - Багушэўская базавая школа 1974 года пабудовы (у будынку прапануецца размясціць аб'екты жылля, гандлю альбо экалагічна чыстай вытворчасці); двухпавярховы будынак школы 1970 года ў вёсцы Кемяны; школа ў в. Красулі (двухпавярховы цагляны будынак 1975 года); двухпавярховы цагляны будынак школы ў в. Лагоды (1973 г.).
Для размяшчэння аб'ектаў адміністратыўна-гаспадарчага прызначэння, гандлю, грамадскага харчавання, спорту, турызму, базы адпачынку альбо іншых сацыяльных аб'ектаў прапануецца прыстасаваць будынак былой школы ў Зарудаўі (Мастоўскі раён) 1949 года пабудовы. Аўкцыён пройдзе 14 лістапада а 12-й гадзіне па адрасе: Гродна, вул. 17 Верасня, 39.
18 лістапада а 12-й гадзіне аддзел адукацыі спорту і турызму Наваградскага райвыканкама выставіць на продаж будынак школы 1960 г. з гаспадарчымі пабудовамі ў вёсцы Пуцевічы Наваградскага раёна. Пачатковы кошт - 720 262 956 рублёў. Наваградскі гісторыка-краязнаўчы музей у гэты дзень як мінімум за 586 174 143 рублі паспрабуе прадаць 2-павярховы цагляны будынак друкарні 1936 года ў Наваградку.
Чарговы аўкцыён адбудзецца 21 лістапада. Свіслацкі цэнтральны раённы шпіталь выстаўляе на продаж комплекс будынкаў былой сядзібы ў Поразаве. У камплекце з гісторыка-культурнай каштоўнасцю - драўлянай аднапавярховай сядзібай з мансардамі і тэрасай - ідуць хірургічны і адміністрацыйны карпусы, гаспадарчыя пабудовы сярэдзіны 20 стагоддзя. У дадатак - парк (арэнда), які таксама мае гісторыка-культурную каштоўнасць.
У спісе - 455 шматгадовых раслін і дрэў: туі, ліпы, сосны, слівы, асіны, дубы, яблыні, грабы, елкі, таполі, бярозы, клёны і сосны. Пачатковы кошт - 874 432 553 рублі. Пакупнік павінны цягам 2 гадоў увесці маёмасць у гаспадарчы абарот, стварыўшы на базе сядзібы аб'ект турыстычнага бізнэсу, і забяспечыць свабодны доступ наведнікаў да гістарычных аб'ектаў. У гэты ж дзень будзе прадавацца памяшканне невызначанага прызначэння 1880 года па вуліцы Малы Замак у Наваградку. Пачатковы кошт - 50 945 500 рублёў.
25 лістапада на продаж пойдзе былы вясковы клуб з прыбудовамі ў вёсцы Драгічаны Ваўкавыскага раёна (1985 год).
28 лістапада за 15 базавых велічынь можна будзе набыць свінарнік 1983 года, а з ім некалькі цэхаў і гаспадарчых пабудоў у в. Ляда Мастоўскага раёна. Умова продажу - пачатак аказання на аб'екце паслуг прыдарожнага сэрвіса максімум праз 2 гады і стварэнне 5 працоўных месц. У вёсцы Дзенькаўцы за 2 базавыя велічыні прадаецца бібліятэка з прыбудовай (1950 год). Будынак неабходна вярнуць у гаспадарчае абарачэнне цягам 2 гадоў і стварыць як мінімум 2 працоўных месцы.
2 снежня Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства прадае драўляны будынак турбазы ў Азёрах (1936 год), будынак спортзала і гаспадарчыя пабудовы. Іх неабходна таксама вярнуць у гаспадарчае абарачэнне цягам 2 гадоў. Першапачатковы кошт - 94 336 925 рублёў.
У Росі на продаж выстаўляецца цэлы комплекс самых разнастайных будынкаў (1950-80-я гг.) былога вайсковага гарадка № 11. У спісе - казарма, пункт кіравання, КПП, свінарнік, гараж, бомбасховішча ды шмат іншага. Гэты лот каштуе найдаражэй - 1 629 286 864 рублі.
Аўкцыёны ў Гродне пройдуць таксама 5, 9 і 12 снежня. Знайсці новых гаспадароў для старых будынкаў з першага разу атрымліваецца далёка не заўсёды.