Школьнікаў паслалі прыбіраць "Барысаўдрэў"?
"Адразу некалькі чалавек пацвердзілі сайту гэтую шакуючую інфармацыю. Старшакласнікаў накіроўваюць на прыборку тэрыторыі скандальнага барысаўскага прадпрыемства. Прычым тыя вучні, якія спазняюцца на ўрокі, адпраўляюцца адрабляць працоўную павіннасць фактычна "аўтаматам", - паведаміў сайт barysau.by.
Акрамя таго, паступіла інфармацыя, што і навучэнцы Барысаўскага будаўнічага прафэсійнага ліцэя таксама маюць адпрацаваць на прыборцы тэрыторыі заводу. На самім прадпрыемстве тры наступныя суботы ўжо абвешчаныя суботнікамі, на якіх абавязаны адрабіць усе супрацоўнікі завода.
З 2003 года дырэктарам сярэдняй школы № 6 Барысава зьяўляецца Натальля Кажэўка. У школе навучаецца 484 вучня.
"Ніякіх камэнтароў мы не даем!",- заявіла "Свабодзе" загадчыца аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама Таццяна Пракапенкава.
"Гэта можа пракамэнтаваць толькі дырэктарка, але яна на нарадзе, пазваніце пасля абеду", - сказалі "Свабодзе" ў сярэдняй школе № 6 гораду Барысава.
"Мы ўсе ўзмоцнена працуем на тэрыторыі. Вы ня знойдзеце нават дырэктара. Я вось прыйшла ў кабінет літаральна на тры хвіліны, - паведаміла "Свабодзе" намесніца дырэктара па ідэалагічнай працы "Барысаўдрэва" Наталля Злобіч.- Ніякіх камэнтароў па тэлефоне мы даваць ня будзем. Пішыце афіцыйны запыт".