Генпракурор і губернатар Віцебшчыны дапамаглі ахвяры банкаўскай махляркі
У Оршы работніца льнокамбіната прыйшла са сваёй бядой на прыём адразу да двух высокапастаўленых асоб: Аляксандра Косінца, старшыні Віцебскага аблвыканкама, і Аляксандра Канюка, генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Менавіта на льнокамбінаце яны ўпершыню прымалі людзей разам, каб можна было некаторыя пытанні вырашаць больш эфектыўна - на месцы.
Жанчына расказала, што выплачвае крэдыт за знаёмую, былую работніцу прадпрыемства, якая папрасіла яе стаць паручыцелем. На першы погляд, усё законна. Але падчас размовы высветлілася, што не толькі гэтая заяўніца вяртае чужыя грошы банку з працэнтамі. Тая, што брала крэдыты, аналагічным чынам "падставіла" і іншых.
- Яна ў нас на камбінаце працавала загадчыцай склада, папрасіла стаць паручыцелем. Сума крэдыту - каля 2000 долараў, яна ўзяла іх у банку ў 2010 годзе. Год выплачвала, а потым перастала. І камерцыйны банк абавязаў мяне як паручыцеля вяртаць грошы, - расказала жанчына.
Паводле яе слоў, звярталася па кансультацыю ў суд, там параілі напісаць заяву, але толькі пасля таго як выплаціць банку ўсе грошы.
Генеральны пракурор адразу даручыў прадстаўнікам праваахоўных органаў, якія прысутнічалі на прыёме, разабрацца. Калі падчас разбору высветліцца, што аматарка жыць у доўг насамрэч дурыла галаву землякам, а грошы вяртаць не збіралася, яе пакараюць па ўсёй жорсткасці закона. Ды і няўжо няма ў яе крыніц даходу, маёмасці, каб самой расплаціцца з банкам?
Тры жанчыны агучылі на прыёме праблему неабходнасці рамонту моста праз Дняпро.
- Мост у аварыйным стане. Неаднаразова гэтае пытанне падымалася, але да рэканструкцыі так і не прыступілі. Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што адна з палос пешаходнага руху закрытая. У час пік цяжка рухацца па мосце, - расказвалі заяўніцы.
- Мы закрылі адзін бок для руху пешаходаў. Мост даўжынёй 150 метраў літаральна рассыпаецца, агароджа падае, - пракаментаваў іх зварот прадстаўнік ДАІ.
- Сёння, не маючы фінансавання, немагчыма прыступіць да рамонту моста. Звярнуліся да прэм'ер-міністра, - расказаў старшыня Аршанскага райвыканкама.
Губернатар паабяцаў, што да 2015 года будзе зроблена рэканструкцыя моста.
- Дадзена даручэнне мост закрыць. Зроблена аб'язная дарога на Шклоў. У цэнах сённяшняга дня на рэканструкцыю неабходна да 370 мільярдаў рублёў. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на розных узроўнях улады: каб рамонт напалову фінансаваўся з рэспубліканскага бюджэту, як звычайна гэта робіцца, і на 50% - з абласнога. Не будзе фінансавання з рэспублікі - самі вылучым грошы, - сказаў Аляксандр Косінец.
- На камбінаце выкарыстана новая форма прыёму грамадзян - разам з губернатарам. Летась я прымаў грамадзян з кіраўніком рэспубліканскага камітэта дзяржкантролю. І ўбачыў, што гэтая форма эфектыўная, бо дазваляе многія праблемы вырашыць на месцы, - падвёў вынікі прыёму генеральны пракурор.