«Тут мяне і апранаюць, і абуваюць, і кормяць...»

Источник материала:  

Працавала яна ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя ў звяне па вырошчванні ільну ў тутэйшым калгасе «17 верасня» (цяпер ААТ «Залатая падкова»), які ўзначальваў тады Герой Сацыялістычнай Працы Канстанцін Пугаўка. Ураджаі даўгунцу атрымлівалі лепшыя ў рэспубліцы, нават на ВДНГ у Маскву ездзілі не аднойчы. Вядома ж, і ў грошах нястачы не мелі. Вось і пабудавалі на калгасныя сродкі сваю ўчастковую бальніцу ў вёсцы Бабічы. Звыш трох дзясяткаў год яна мела гэты статус, абслугоўваючы ўсё наваколле. Але старэла вёска і людзі ў ёй. Асабліва цяжка даводзілася адзінокім. І таму з 2002 года сельская медустанова пераўтворана ў бальніцу сястрынскага догляду. Між іншым гэта першая ўстанова такога тыпу ў краіне на той час. Адной з пастаянных жыхарак гэтага дома і стала сёння Валянціна Бабіч, якой у верасні споўнілася роўна 100 гадоў.

Яна някепска сябе адчувае, хаця наракае на памяць. Затое, калі пачалі гаварыць пра лён, у вачах з’явіліся агеньчыкі:

— І рвала я лён, і слала, і абівала начамі напралёт. Працавала  да  апошняга!..

Сваім новым месцам жыхарства ветэран калгаснага руху задаволена:

— І апранаюць мяне тут, і  абуваюць, і кормяць смачна. І сястрычкі падсабляюць. А доктар малады, як за роднай маці даглядае.

Урач агульнай практыкі Дзмітрый Сакалоў тут першы год, прыехаў па размеркаванні з Віцебска пасля заканчэння навучальнай установы.

— Клопатаў хапае, — прызнаецца ён. — Акрамя дзяжурства, вяду яшчэ прыём у амбулаторыі хворых жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак.

У бальніцы сястрынскага догляду — 23 пастаяльца. Пераважна адзінокія, у якіх на гэтым свеце не засталося нікога з родных. Але ёсць і такія, якіх дзеці пакінулі або знаходзяцца за мяжой. Так, у Алы Скурат дочка ў Фінляндыі. Яна забірала туды маці на тры месяцы. На большы тэрмін нельга. У Станіславы Атвалка сын у Літве. Лёс распарадзіўся так, што Міхаіл Развадоўскі, вадзіцель былога калгаса «Зара», трапіў сюды па інваліднасці, а яго 96-гадовая маці Марыя знаходзіцца ў аналагічнай установе ў аграгарадку Удзела. Абслугоўвае бальніцу 15 работнікаў на чале са старшай медсястрой Эльвірай Пачопка. Яна — мясцовая, ведае сваіх, іх звычкі.

Улічваючы, што будынку Бабічоўскай бальніцы больш за 40 год, тут была праведзена глыбокая рэканструкцыя, на якую пайшло звыш 2 мільярдаў рублёў з бюджэту. Амаль палову з іх асвоіла ТАА «Аута», дзе кіраўніком Віктар Лабунька. Змяніўся не толькі знешні выгляд бальніцы, але поўнасцю абноўлены ўнутраны інтэр’ер: пакояў, харчовага блоку, сталовай, ванны, туалетаў, залы для адпачынку. Пакоі «разгрузіліся». Цяпер у іх пражывае па 2—3 чалавекі.

Выступаючы на адкрыцці абноўленага аб’екта, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат адзначыў, што ў раёне на сацыяльную сферу ідзе 80 працэнтаў мясцовага бюджэту.

Цяпер у Віцебскай вобласці 26 бальніц сястрынскага догляду. Тры з іх — у Глыбоцкім раёне.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

←Доходное место

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика