Вольга Класкоўская застанецца ў турме на 7 год
Апеляцыйны суд зменшыў пакаранне беларускай грамадзянцы Вользе Класкоўскай на адзін год зняволення. Такое рашэнне аб 11 гадзіне па шведскім часе абвясціў апеляцыйны суд. Класкоўскую вінавацяць у замаху на забойства мужа - шведскага грамадзяніна турэцкага паходжання Гёкая Бэзгіна.
Апеляцыйны суд зменшыў папярэдняе пакаранне на адзін год. Аднак ацэнка дзеянням Вольгі Класкоўскай засталася ранейшай. Пакаранне змякчылі, бо было ўсталявана, што Вольга доўгі час жыла ў стане псіхалагічнага стрэса і прэсінга.
"Суд адзначыў, што Вольга Класкоўская доўгі час жыла пад моцным псіхалягічным прэсінгам, у стане псіхалягічнага напружання. Суд палічыў гэта змякчальнымі абставінамі для Вольгі, - паведаміў Радыё Свабода Максім Лапіцкі, журналіст Радыё Швецыя, які асвятляе працэс Класкоўскай ў Стакгольме.- Аднак суд пакінуў у сіле матывацыйнае рашэнне суду папярэдняй інстанцыі. Вольга прызнаная вінаватай у пакушэнні на забойства свайго мужа Гёкая Безгіна.
"Я шакаваная гэтым прысудам. Я нічога не магу каментаваць", - паведаміла Людміла Класкоўская, маці Вольгі. - "Яна была такая ўзнёслая, такая шчаслівая, калі тэлефанавала. Была ўпэўненая, што ўсё вырашыцца. Няўжо гэты адвакат не змог нічога зрабіць? Яны напэўна там згнаіць яе хочуць. Напэўна хочуць дзіця ў яе назаўжды адабраць!"
Пасля працэсу ў судзе першай інстанцыі Вольга змяніла адваката, і яе інтарэсы цяпер прадстаўляе Томас Нільсен.
Людміла Класкоўская не ведае, дзе цяпер знаходзіцца малодшы сын Вольгі Адэм, які з'яўляецца шведскім грамадзянінам.
"Працэс не мае ніякага рэзанансу ў Швецыі. Гэта звычайная крымінальная справа",- кажа Максім Лапіцкі.
Паводле ягоных словаў, зварот маці Вольгі Людмілы Класкоўскай да каралевы Швецыі не будзе мець ніякага значэння: "Каралеўская ўлада ў Швецыі намінальная, лісты і звароты да каралеўскіх асобаў наўрад ці нешта вырашаць у лёсе Вольгі".
Днямі Вольга даслала ліст сваёй маці Людміле Класкоўскай. Класкоўская-малодшая піша: апеляцыйны суд, паседжанні якога адбыліся пры канцы кастрычніка, - гэта суд апошняй інстанцыі. Менавіта гэты суд вырашае, ці застанецца ў сіле вырак, які вынеслі Вользе, - 8 гадоў турмы.
"Уся надзея на вердыкт апеляцыйнага суду. Вярхоўны суд звычайна такія справы нават не прымае да разгляду. Што сёння скажуць - тое і будзе, - кажа Людміла Класкоўская. - Я вельмі спадзяюся, што ранейшы прысуд будзе адменены і Вольга вернецца дадому. Вельмі моцна хвалююся. Адзінае, што мяне трошкі супакойвае, - гэта тое, што побач з Вольгай вельмі моцны і сур'ёзны адвакат Томас Нільсан, які вядомы ў Швецыі тым, што выйграў некалькі падобных справаў".
Грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую затрымалі ў Швецыі 30 сакавіка. Суд, які адбыўся 23 жніўня, прысудзіў Вользе восем гадоў турмы. Таксама яна павінна выплаціць былому мужу кампенсацыю ў 110 тысяч шведскіх крон. Паседжанні апеляцыйнага суду адбываліся з 23 да 25 кастрычніка.