На Віцебшчыне ствараюць "дамы зімоўкі" для адзінокіх пенсіянераў

Источник материала:  
24.10.2013 15:27 — Новости Общества

У Віцебскай вобласці навучыліся значна эканоміць бюджэтныя сродкі дзякуючы новым формам сацыяльнай працы з адзінокімі пенсіянерамі. Для састарэлых арганізуюць "дамы зімоўкі", аб іх клапоцяцца прыёмныя, гасцявыя, патранатныя сем'і. А можна пастаянна жыць і ў "дамах сумеснага пражывання". Карэспандэнт "Звязды" пабываў у Гарадоцкім раёне і паглядзеў, як жывуць бабулі і дзядулі ў дзяржаўнай установе.



Клапоціцца, як пра родную

Святлана Зуева, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гарадоцкага раёна, параіла абавязкова наведаць вёску Малое Лосвіда, дзе пра 77-гадовую Раісу Сямёнаўну Сідунову клапоціцца Аляксандр Андрэевіч Рыбакоў. Па спецыяльнасці ён токар сёмага разраду, займаецца пчалярствам. Калі б не мужчына, бабулю прыйшлося б "пасяліць" на медыка-сацыяльны ложак у Гарадоцкую цэнтральную раённую бальніцу. Вядома, пры яе жаданні. Але ж яна нікуды не хоча перасяляцца. Акрамя яе, у вёсцы жывуць двое раней судзімых, а ў цёплы час года - дачнікі. Вёсачка - на беразе знакамітага возера, але яна, можна сказаць, знікае.

Пакуль клопат мужчыны аб бабулі нельга назваць у чыстым выглядзе патранатам, бо грошы за гэта Рыбакоў не атрымлівае.

- Проста дапамагаю бабулі і раблю гэта бясплатна - ужо больш за дваццаць гадоў. Яна для мяне - амаль родны чалавек. Дзяцей у яе няма, адзінокая. Прыязджалі з сельскага савета, прапаноўвалі ёй сацыяльны ложак. Яна нікуды не хоча пераязджаць, просіць: "Толькі не кідай, не "аддавай" мяне нікуды". Дык не хачу ж браць грэх на душу! Шкада мне чалавека, - кажа Аляксандр Андрэевіч.

Ён жыве ў суседняй вёсцы, да якой - прыкладна кіламетр. Кожны дзень прыходзіць або прыязджае да бабулі на веласіпедзе. Яго жонка Любоў Сямёнаўна не супраць таго, каб муж займаўся дабрачыннасцю. І сын з дачкой, якія жывуць у Віцебску, бывае, дапамагаюць. Сам Рыбакоў ужо двойчы дзед.

- Адзін час яна ў нас у вёсцы жыла. Замужам не была, жыла грамадзянскім шлюбам. Але мужчына яе памёр. І брат яе памёр, і сястра памерла гадоў шэсць таму. Я спачатку проста дапамагаў, а поўнасцю даглядаю гадоў пяць, - працягвае мужчына.

Расказаў, што спатрэбілася яшчэ большая дапамога, калі пару гадкоў таму Раіса Сямёнаўна захварэла на поліартроз (хвароба суставаў - аўт.). Сама ледзь рухаецца. Штодня мужчына гатуе і корміць старую, а таксама частуе яе тым, што перадала жонка, прадукты прывозіць, сена косіць, агарод апрацоўвае.

- З жонкай зааралі бабулі зямлю, пасадзілі бульбу, моркву, цыбульку… 5 сотак зямлі я ёй апрацоўваю, а ўсяго ў яе 24 соткі. Навошта ўчастак запускаць? Пенсія ў яе 1,8 мільёна рублёў. Цяжка на гэтыя грошы ў вёсцы пражыць, ды яшчэ хворай. Дроў трэба? Заказваеш трактар з дровамі, а яны каштуюць 1,5 мільёна рублёў. Пакалоць - яшчэ 300 тысяч рублёў бяруць. Пенсіі, лічы, няма. А каб заараць, узяць каня, плаці прыватніку па 25-30 тысяч рублёў за сотку. Зараз у мяне няма свайго каня, а раней быў, - расказвае аб гаспадарскіх справах мужчына.

Паводле яго слоў, за бабулю не толькі ён перажывае. Вось электрыкі бясплатна памянялі праводку, а ён збіраецца "схаваць" тыя правады пад новымі шпалерамі.

На Новы год, на 8 Сакавіка заўсёды дорыць бабульцы гасцінцы. Паводле яго слоў, мала хто з землякоў разумее яго ўчынкі. І чуткі розныя пускаюць: маўляў, хоча за гэта нешта атрымаць! Ды Аляксандр Андрэевіч ужо не звяртае ўвагі на такія размовы.

Патрабаваць прасцей…

У вёсцы Смалоўка знаходзіцца аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

- Наша ўстанова разлічана на адначасовае пражыванне 28 чалавек. Зараз у нас - 25. Адно мужчынскае і два жаночыя месцы свабодныя. Самы малады жыхар - 1965 года нараджэння. Ёсць тыя, каму пад 90 гадоў. У штаце супрацоўнікаў разам са мной 11 чалавек, - расказвае Ала Кузьміна, загадчыца аддзялення кругласутачнага знаходжання.

Калі паказвала мне ўстанову, пазнаёміла з мужам і жонкай. Таццяна Іванаўна нарадзілася ў 1949 годзе, муж старэйшы за яе. Да выхаду на пенсію жыла ў Казахстане, потым прыехала да мамы ў Куйбышаў, ды мама памерла на яе руках.

- Прапісацца ў яе кватэры не паспела. У Беларусь пераехала і ўладкавалася на працу ў саўгас. У вёсцы раней ніколі не жыла. На працы і пазнаёмілася з будучым мужам Васілём Васільевічам Трафімавым. Нядаўна ён хварэў - кровазліццё ў мозг, толькі нядаўна выпісаўся. Цяпер жывём тут - не адны ўсё ж. У нас жа ні дзяцей, ні сваякоў няма, ніхто да нас не прыязджае. Тры разы ў дзень тут нас кормяць, а ўвечары сок або кефір даюць. Можна і ў аўталаўцы нешта купляць.

У аддзяленні - утульнасць і чысціня. Дапамагаюць і мецэнаты.

- Міжнародная дабрачынная арганізацыя "Сафія" купіла посуд, стэлажы, шафы, сушылку. Участак зямлі ў нас ёсць. Летась ураджай быў вельмі добры, амаль цалкам забяспечылі сябе бульбай. Вырошчваем таксама гародніну: капусту, моркву, цыбулю, агуркі, памідоры, а сэканомленыя грошы трацім на іншыя мэты. Калі ў каго з нашых жыльцоў ёсць жаданне і гэта дазваляецца па стане здароўя, могуць працаваць.

Адна з жанчын, калі з ёю гутарыў, паскардзілася, што ёй мыла не даюць, хоць і 85% з пенсіі вылічваюць на ўтрыманне.

Высветлілася, што ў жанчыны ёсць сын, ды ён сюды не прыязджае, сама яна - раней судзімая… Няўжо за грошы, якія ёй з пенсіі застаюцца, не можа мыла купіць па цане некалькі тысяч рублёў? Можа. Але ў дзяржавы патрабаваць прасцей.

І ўрачы, і медсёстры

Бабулі, якія пражываюць у Гарадку ў адной кватэры разам, аўтара гэтых радкоў зарадзілі аптымізмам. Антаніна Малахаўна Іванова, 1928 года нараджэння, і Надзея Канстанцінаўна Ганчарова, 1931 года нараджэння, - залоўкі. Вельмі хвалілі сацыяльнага работніка Іну Уладзіміраўну Кацюшкіну, якая прыходзіць да іх чатыры разы ў тыдзень, прадукты прыносіць, прыбірае кватэру.



- Ужо хутка тры гады, як мы тут, - расказвае Надзея Канстанцінаўна.

- Я ўжо ў Смалоўцы пабыла, дзе шмат людзей разам жывуць, - не спадабалася. А адной няма як мне жыць: кватэра вялікая ды без выгод, - гаворыць Антаніна Малахаўна.

Надзея Канстанцінаўна нарадзілася ў Гарадоцкім раёне. А залоўка - ва Украіне, у Данецкай вобласці. Пераехала ў БССР яшчэ да вайны разам з бацькамі. Расказвае, што дакладна не ведае, колькі ёй гадоў, бо ўкраінскія дакументы ў вайну "зніклі". Які год нараджэння мама сказала, такі і запісалі.

Абедзве да выхаду на пенсію працавалі рабочымі на льнозаводзе. А цяпер вось адна за другую нясуць адказнасць - падтрымліваюць, турбуюцца.

- Вось яна захварэла, не можа нічога па доме рабіць, а я магу яшчэ - тады ўсё раблю. А калі я захварэю, яна будзе рабіць. У яе ногі дрэнна ходзяць, мае - крыху лепш. Яшчэ і ў краму схадзіць магу. У нас свой апарат ёсць, каб ціск мераць - самі ўрачы і медсёстры, - працягвае Надзея Канстанцінаўна.

Пацікавіўся распарадкам дня бабуль. Прачынаюцца ў 7-8 раніцы. Засынаюць, бывае, і ў 9-10 гадзін вечара. Пакуль гутарылі, у госці зайшла іх добрая сяброўка, якая па ўзросце магла быць ім за ўнучку. Яна часам дапамагае - напрыклад, мые вокны.

Дарэчы, у іх кватэры новыя пластыкавыя вокны. Бабулі сказалі, што самі заказалі і аплацілі іх устаноўку. І дзверы добрыя такім жа чынам паставілі, і падлогу добрую па іх заказе наслалі. Жывуць у цяпле і ўтульнасці, тэлевізар глядзяць…

Вельмі шмат пазітыву ў гэтых людзях. Пажартавалі, што яшчэ, можа, і замуж выйдуць! Каб толькі жаніхі былі поўнымі сіл. "Дажынкі" ў наступным годзе ў Гарадку пройдуць, дык бабулькі абавязкова збіраюцца на свята.

І ў сядзібах жывуць

Вера Мікалаеўна Астапенка, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, канстатуе, што новыя формы працы ў першую чаргу прымяняюцца з улікам настрою і пажадання саміх пажылых людзей.

- Правёўшы сацыялагічныя апытанні, сустрэчы з пажылымі грамадзянамі, мы высветлілі, што многія хочуць жыць ва ўмовах, як мага больш набліжаных да хатніх, і там, дзе пражылі шмат гадоў. Таму шырокае распаўсюджванне атрымліваюць такія формы жыццеўладкавання пажылых грамадзян, як "дамы зімоўкі", прыёмная, гасцявая, патранатная сем'і. Сацыяльныя паслугі ў такой форме атрымліваюць ужо каля 250 чалавек. Што тычыцца эканамічнага эфекту, то дзесяць аддзяленняў кругласутачнага знаходжання з сярэдняй напаўняльнасцю 25 чалавек - лічыце, тыя ж 250 чалавек. Гадавыя выдаткі на ўтрыманне аднаго такога аддзялення - у сярэднім 1 мільярд рублёў. Адпаведна, утрыманне дзесяці такіх устаноў - 10 млрд. У той жа час затраты на заработную плату сацыяльнага работніка ў год складаюць 34 мільёны рублёў. На абслугоўванне 250 чалавек неабходна задзейнічаць 27 сацыяльных работнікаў, - значыць, выдаткі на іх заработную плату за год складуць 918 мільёнаў рублёў, - кажа яна.

Паводле слоў Веры Мікалаеўны, будзе мэтазгодным у Год беражлівасці ўкараніць у кожным раёне, горадзе вышэйзгаданыя формы жыццеўладкавання пажылых грамадзян. Адной з эканамічна выгадных форм з'яўляецца і… накіраванне зімой у аграэкасядзібы, якія ў гэты перыяд не запатрабаваны. Якім чынам?

- Складаецца дагавор з кіраўніком аграэкасядзібы. Паводле гэтага дакумента, чалавеку прадастаўляецца спальнае месца, ён забяспечваецца трохразовым харчаваннем на дзень, пасцельнымі рэчамі, яму прапальваюць печ, мыюць бялізну… За гэта штомесяц у бюджэт "дома зімоўкі" ён уносіць суму ў памеры 1,2 мільёна рублёў. Такое ўжо практыкуецца ў Глыбоцкім раёне, і, лічу, новая форма абслугоўвання павінна быць укаранёна і ў іншых раёнах вобласці. Калі ўсе магчымасці знаходжання ў хатніх умовах пажылога чалавека вычарпаныя, прапануецца іх размяшчэнне ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. У вобласці функцыянуюць 20 аддзяленняў (усяго ў рэспубліцы іх - 58) на больш як 650 ложка-месцаў, - дадала Вера Астапенка.

Сёлета аддзяленне адкрыта ў Шумілінскім раёне (на 30 месцаў). Плануецца завяршэнне рамонтных работ і ўвод у эксплуатацыю аддзялення ў Бабінавічах Лёзненскага раёна, а таксама адкрыццё пакояў павышанай камфортнасці ў аддзяленнях Мёрскага, Лёзненскага, Пастаўскага, Сенненскага, Талачынскага, Бешанковіцкага раёнаў. Праблемным застаецца пытанне іх поўнай запаўняльнасці, бо дома ці "амаль што дома" заўсёды лепш.

←Интерпол поможет Беларуси обеспечить безопасность чемпионата мира по хоккею

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика