На заводзе "Атлант", размешчаным насупраць Палаца Незалежнасці, пятніцу зрабілі выходным днём
Пятніца, 25 кастрычніка, будзе выходным днём на заводзе халадзільнікаў "Атлант" у Мінску. Як паведамілі НН на заводзе, працоўны дзень з 25 кастрычніка (пятніца) перанесены з прычыны вытворчай неабходнасці на 16 лістапада (субота).
Цікавае супадзенне, што карпусы завода халадзільнікаў месцяцца на праспекце Пераможцаў акурат насупраць Палаца Незалежнасці, дзе сёння-заўтра праводзяцца саміты СНД.
Дадамо таксама, што сёння ў цэнтры Мінска прадпрынятыя вялікія захады бяспекі. Уздоўж асноўных артэрый стаіць міліцэйскае ачапленне, рух транспарту каля Нацыянальнага аэрапорта, а таксама ў цэнтры горада будзе істотна абмежаваны. Камунальныя службы парадкуюць траву.
Таксама затрыманыя грамадскія актывісты Андрэй Моўчан, Яўген Контуш, Уладзімір Васількоў. Навісла пагроза чарговага затрымання над грамадскім актывістам Паўлам Вінаградавым, якога "настойліва запрашаюць" прыйсці ў РУУС.