Сапраўдны сюрпрыз
Сапраўдным сюрпрызам для вучняў Олтушскай школы Маларыцкага раёна стаў новенькі прыгожы і камфартабельны аўтобус.
Яго раён атрымаў па праграме “Школьны аўтобус” Банка развіцця Беларусі і перадаў самай вялікай сельскай школе, дзе набываюць веды 185 вучняў, 114 з якіх жывуць у суседніх з Олтушам вёсках і дабіраюцца на заняткі на школьным аўтобусе.
— Кожны ранак а сёмай гадзіне школьны аўтобус адпраўляўся за школьнікамі ў вёскі Нікольская, Лазіца і Дворышча. За дзве гадзіны вадзіцелю даводзілася рабіць па пяць рэйсаў, прычым спяшацца, бо а дзявятай гадзіне, калі пачынаюцца заняткі, усе вучні павінны сесці за парты. Столькі ж рэйсаў рабіў аўтобус і ўвечары, каб даставіць хлопчыкаў і дзяўчынак дамоў. Вядома ж, гэта было нязручна, асабліва ранкам, бо дзецям, якія дабіраліся ў школу першымі рэйсамі, даводзілася рана збірацца на аўтобус, а потым доўга чакаць заняткаў. Але на новы аўтобус мы разлічвалі толькі праз некалькі гадоў, бо стары яшчэ не адслужыў сваё, — распавяла дырэктар Олтушскай школы Наталля Зезюкова.