Каля 20 тысяч машын ужо стаяць у чарзе на канфіскацыю
Закон, паводле якога аўтамабіль могуць канфіскаваць, набывае моц 24 кастрычніка, але фактычна ён пачаў дзейнічаць на 10 месяцаў раней — з 1 студзеня, паведамляе Еўрарадыё.
Паводле звестак ДАІ, за першую палову 2013 года было затрымана больш за 20 тысяч нецвярозых кіроўцаў. Пасля 24 кастрычніка ўсе яны аўтаматычна становяцца патэнцыйнымі прэтэндэнтамі на канфіскацыю аўтамабіля — калі адважацца сесці за руль “падшафэ” другі раз. Пасля якога, згодна з прынятым парламентарыямі законам, і надыходзіць гэтая канфіскацыя.
А ўсё таму, што адлічваць гэтыя разыдаішнікі пачнуць не з дня, калі закон набывае моц, а з пачатку года каляндарнага — з 1 студзеня 2013 года. Ці правільна гэта, цікавіцца Еўрарадыё ў дэпутата парламента Валянціны Леаненкі, якая прымала гэты закон.
Валянціна Леаненка: “Звычайна закон не мае зваротнай сілы — пасля таго, як закон набыў моц, і пачынаецца адлік”.
Але калі дэпутат даведваецца, што супрацоўнікі ДАІ вырашылі весці адлік за амаль 10 месяцаў да дня, калі закон набывае моц, нечакана пагаджаецца з такім рашэннем.
Валянціна Леаненка: “Гэта ж правапрымяняльная практыка! Яны ўжо, каб гэты закон быў зручны для прымянення… Таму яны ўжо вырашаюць. Гэта — тое ведамства, якое прымае рашэнне. Такім чынам, у дадзеным выпадку ўсё лагічна”.
То, можа, дэпутаты спецыяльна ў законе напісалі, што канфіскоўваць аўтамабіль будуць у чалавека, якія нецвярозым сеў за руль “цягам года” — не ўдакладняючы, каляндарны гэта год ці год, які пачынаецца з моманту, калі закон набыў моц?
Валянціна Леаненка: “Мы прымаем закон як агульнае правіла, а ўжо канкрэтнае ведамства робіць так, як у іх заведзена, як у іх традыцыйны падлік ідзе. Калі ў іх ідзе адлічэнне з 1 студзеня па 31 снежня, значыцца яны так і бяруць для сябе. Гэта ж для зручнасці працы! Інакш будзе блытаніна страшная па кожным чалавеку — не разбяромся потым!”
І больш не вяртаецца да тэмы “закон не мае зваротнай сілы”. Затое менавіта на гэта найперш звяртае ўвагу юрыст, стваральнік сайта “Стоп-ДАІ” Аляксандр Старычэнка.
Аляксандр Старычэнка: “Закон мае зваротную сілу толькі тады, калі ён паляпшае становішча фізічнай асобы — правапарушальніка, злачынцы, каго заўгодна. А ў дадзеным выпадку мы бачым вольную трактоўку заканадаўства службовымі асобамі МУС і рэспубліканскай ДАІ ў прыватнасці”.
І гэта далёка не адзіная прэтэнзіяда ўзгаданага закона. Паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, недарэчнасці закладзеныя ў яго ад пачатку — канфіскаваць прапаноўваюць прыватную ўласнасць. Недатыкальнасць якой грамадзянам гарантаваная Канстытуцыяй. Пэўны час таму гэтую недарэчнасць дэпутат парламента Аляксандр Зазуля пракаментаваў наступным чынам:
Аляксандр Зазуля: “Для сябе я прыняў, што можна схіліцца да гэтага падыходу (парушаць права ўласнасці і канфіскоўваць аўтамабіль. — заўв. Еўрарадыё), бо тут насамрэч аўтамабіль з’яўляецца прыладай злачынства”.
Нягледзячы на тое, што гэта супярэчнасць і не давала яму спаць начамі.
Што ж рабіць з незваротнай сілай закона? Аляксандр Старычэнка раіць аўтамабілістам лічыць правапарушэнні не з 1 студзеня, а з 24 кастрычніка — дня, калі закон набывае моц. І калі што — судзіцца.
Аляксандр Старычэнка: “Рыпацца ў любым выпадку неабходна і рабіць прэцэдэнты. Вы ж разумееце, што з цябе зробяць злачынцу, і калі не рыпацца ўвогуле, то гэта ўвогуле абы-што атрымаецца”.
Але калі не звяртаць увагі на розныя юрыдычна-прававыя недарэчнасці, то навідавоку застаецца іншае: за 6 месяцаў гэтага года з-за нецвярозых кіроўцаў загінулі 35 чалавек і 234 атрымалі траўмы. Прычым кожны дзясяты з 20 тысяч нецвярозых, якіх спынілі супрацоўнікі ДАІ сёлета, селі ў такім стане за руль другі раз цягам года.
Нагадаю, 24 кастрычніка набывае моц закон “Аб кіраванні транспартным сродкам у нецвярозым стане”. Паводле яго, у нецвярозага кіроўцы, які трапіўся супрацоўнікам ДАІ другі раз цягам года, будзе канфіскаваны аўтамабіль. Незалежна ад таго, каму насамрэч належыць машына. Прадугледжаная ў законе і пакаранне пазбаўленнем волі.
Павялічваецца і сума штрафу за першую паездку нецвярозым — заплаціць давядзецца ад 50 да 100 базавых велічынь, ці ад 6,5 да 13 мільёнаў рублёў.
Зміцер ЛУКАШУК, Еўрарадыё.
Фота Gornai.yal.ru