У Віцебску адмянілі туркменскую вечарыну з "рускімі дзяўчатамі" - з-за незадаволенасці ў інтэрнэце
Вось што распавялі Еўрарадыё ў клубе: "Імпрэза адмененая. Таму я не бачу сэнсу звязвацца з арганізатарамі… Прычына адмены - масавая незадаволенасць у інтэрнэце. Вельмі масавая. Таму, каб пазбегнуць інцыдэнтаў, мы вырашылі адмяніць імпрэзу".
Прычынай незадаволенасці карыстальнікаў сацсетак стала ў асноўным тое, што туркменскія студэнты збіраліся паклікаць на сваё закрытае свята "рускіх дзяўчат".
"Turkmen party - гэта не толькі закрытая вечарынка для студэнтаў з Туркменістана, але і месца, дзе можна сустрэць новых сяброў, правесці добра час у сваёй кампаніі, а самае галоўнае - адсвяткаваць Дзень незалежнасці Туркменістана ў коле сваіх і станчыць свой каронны танец - лезгінку - разам. Вас чакае самае незабыўнае шоу, аб якім туркменскі студэнт мог толькі марыць. Удзельнічаюць толькі студэнты з Туркменістана і рускія дзяўчыны", - такім чынам арганізатары рэкламавалі сваю імпрэзу.
У выніку форумы і старонка падзеі "ВКонтакте" проста кішэлі, далікатна кажучы, неталерантнымі выказваннямі на адрас арганізатараў і будучых удзельнікаў святкавання. Бліжэй да вечара 21 кастрычніка адміністратары закрылі для агульнага прагляду старонку падзеі "ВКонтакте". Аднак ад адмены гэты крок мерапрыемства не выратаваў.
Зараз у клубе "Зебра" гавораць, што не маглі такой рэакцыі нават уявіць. Маўляў, мінулы раз імпрэза прайшла спакойна. А сёлета яе вырашылі адмяніць на ўсякі выпадак. "Ведаеце, у мінулым годзе ў нас праходзіла туркменская вечарына. І тады ніякіх інцыдэнтаў не было, усё прайшло спакойна. Калі б мы ведалі, што зараз такое будзе, то нават не пачыналі бы яе рыхтаваць", - кажуць у клубе.
Пакуль невядома, ці знойдуць туркменскія студэнты Віцебска замену. Адмена імпрэзы праз "масавую незадаволенасць інтэрнэт-карыстальнікаў" для Беларусі з'ява ўнікальная.