Без гучных імён, але з добрым кіно
Некаторыя фільмы, што будуць прадстаўлены на «Лістападзе», могуць трапіць і на «Оскар-2014».
Сёлета «Лістапад» пройдзе ўжо ў дваццаты раз. Юбілей — гэта заўсёды добрая нагода запрасіць дарагіх гасцей і адзначыць падзею з размахам. Але кіраўніцтва Мінскага Міжнароднага кінафестывалю і яго куратары вырашылі крыху інакш. Шумных урачыстасцей, акрамя звычайных адкрыцця і закрыцця форуму, і гучных імён амаль не будзе. Затое запланавана шыкоўная кінапраграма.
«Мы не імкнёмся быць падобнымі на іншыя буйныя міжнародныя фестывалі, а хочам мець свой твар», — гаворыць праграмны дырэктар ігравога кіно «Лістапада» Ігар Сукманаў. Таму сёлета, як звычайна, асноўная частка конкурсных стужак — творы прадстаўнікоў так званага былога сацблока. Але гэта не «добраўжываныя» фільмы, а выключна навінкі гэтага года. Як выказаўся Сукманаў, дванаццаць жамчужын. На карысць складальнікаў праграмы сведчыць наступны факт: некалькі карцін трапілі ў лонг-ліст «Оскара-2014». Сярод іх — «Параджанаў» (Украіна) і «Кругі» (Сербія). Упершыню на мінскім кінафестывалі ў конкурсную праграму, у тым ліку дзіцячага і неігравога кіно, увайшлі стужкі кітайскіх рэжысёраў. Беларусь будзе прадстаўлена фільмам Канстанціна Лапушанскага «Роля», а таксама работамі Алены Туравай і Галіны Адамовіч.
Паказ пройдзе на пяці пляцоўках. Гэта кінатэатры «Цэнтральны», «Перамога», «Мір», «Піянер» і Дом кіно. Адкрыццё адбудзецца ў Палацы Рэспублікі. Дарэчы, трапіць туды можа кожны жадаючы: білеты ёсць у продажы, іх кошт ад 25 да 70 тысяч рублёў. Першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі абяцаў некалькі сюрпрызаў. Адзін з іх — імя лаўрэата спецыяльнага прыза кіраўніка беларускай дзяржавы. Уладзімір Міхайлавіч спадзяецца, что фестываль гледачоў не расчаруе.