Як пра маму думаюць у вілейскіх школах
Напярэдадні Дня маці ў Вілейскім раёне прайшоў конкурс на лепшае сачыненне. У гэты святочны дзень, 14 кастрычніка, у цэнтральным Доме культуры ўзнагародзілі дзевяць пераможцаў у трох намінацыях: “Лепшае сачыненне”, “Малюнак” і “Верш”.
У намінацыі “Лепшае сачыненне” адзначылі вучаніцу 10 “А” класа СШ №3 Дыяну Паўлоўскую. Яе тэкст і прыводзім.
Заўважаем, што сачыненне надрукаванае не цалкам.
Мама
Хто для нас мама? Чалавек, які будуе нашу дарогу ў жыццё, адкрывае новы свет, імкнецца агарадзіць ад шэрых фарбаў будзённай руціны. З ёй кожны дзень напаўняецца асаблівым сэнсам, клопатам і радасцю.
Дык што ж для нас значыць мама? Няўжо яна ўсяго толькі падарыла жыццё? Не. Яна размалявала жыццё яркімі, вясёлкавымі фарбамі. Узгадайце, колькі шчаслівых дзён падарыла! Калі б не яна, дзяцінства не было б такім светлым і поўным сонечнага цяпла. Нават калі мамы далёка, яны ўсё роўна бліжэй за ўсіх: адчуваюць нас, усе нашы трывогі і мары.
Мамы заўсёды гатовыя аддаць апошняе і працаваць не пакладаючы рук толькі для таго, каб мы адчувалі сябе ўпэўнена.
Яны ведаюць усе самыя заблытаныя хады ў лабірынтах нашай душы. Менавіта яны не спалі начамі, забыўшыся пра сябе, каб спалі мы, каб раслі і набіраліся моцы.
Мы заўсёды застанёмся для мам дзецьмі, нават калі ў нас будуць свае дзеці. Для мам мы ў любым выпадку лепшыя, нават калі лепшыя – не мы. Мамы даруюць тое, што дараваць немагчыма, забываюць тое, што нельга забыць, і зразумеюць тое, што не зразумее ніхто. І ведаеце, ім больш баліць, калі балюча нам, і яшчэ горш, калі гэты боль прычыняем мы.
Мамы – нашы анёлы-ахоўнікі. Хоць у іх ёсць сівізна, яны ўсё роўна для нас самыя маладыя. Цаніце моманты, праведзеныя побач з мамай, таму што мама – значыць, жыццё.
Акрамя Дыяны вызначыліся і яшчэ восем вучняў школ ды гімназій Вілейшчыны.
Лепшае сачыненне
Дыяна Паўлава, 10 клас, вілейская СШ №1
Уладзіслаў Шупляк, 7 “В” клас, вілейская гімназія №1 “Логас”
Лепшы верш
Дыяна Ахрэм, 8 “Б” клас, вілейская гімназія №2
Вераніка Аляхновіч, 11 “А” клас, вілейская СШ №3
Елізавета Шутава, 4 клас, Іжанскі вучэбна-педагагічны комплекс “Дзіцячы садок-базавая школа”
Лепшы малюнак
Таццяна Місюль, 4 “А” клас, вілейская пачатковая школа №6
Наталля Кляшняк, 8 “Б” клас, вілейская СШ №3
Эвеліна Мікуліч, 3 “А” клас, вілейская гімназія №2
Настасся РОЎДА.
Фота torange.ru