На Брэстчыне назіраецца небывалая актыўнасць кляшчоў
Энтамолагі б'юць трывогу: на Брэстчыне назіраецца небывалая актыўнасць кляшчоў. Толькі за сёлетні верасень у рэгіёне зарэгістраваны 1021 выпадак укусу кляшчамі, у тым ліку - 171 факт, калі ахвярамі насякомых станавіліся дзеці. Гэта больш, чым за ўсё лета.
Асабліва лютуюць кляшчы ў Белавежскай і Ружанскай пушчах, у лясах Камянецкага, Пружанскага, Маларыцкага, Івацэвіцкага, а таксама на асобных участках Брэсцкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Баранавіцкага, Ляхавіцкага раёнаў.
Паводле інфармацыі Ларысы Ярэц, урача-энтамолага Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, часцей за ўсё кляшча прыносяць з лесу, але ёсць выпадкі, калі крывасмок кусаў чалавека ў парку, на дачным участку. Таму трэба быць асабліва ўважлівым падчас адпачынку на свежым паветры. Медыкі таксама рэкамендуюць праводзіць мерапрыемствы па барацьбе з грызунамі на дачных і прысядзібных участках: мышы вельмі часта з'яўляюцца пераносчыкамі кляшчоў. Дарэчы, палова насякомых, даследаваных гэтым летам у Брэсце, аказаліся носьбітамі лайм-барэліёзу.