“Самыя цікавыя навіны можна прачытаць толькі ў “Рэгіяналцы”!
Так на маё пытанне аб тым, ці часта маладзечанцы пытаюцца “Рэгіянальную газету”, адказала кіяскёр Ларыса, што працуе ў кіёску “Мінаблсюздруку” ля гарадскога стадыёна.
−“Рэгіянальную газету” часцей за ўсё пытаюцца па пятніцах і суботах. Некаторыя купляюць яе дзеля праграмы тэлеперадач, а я згодная з вашымі многімі чытачамі ў тым, што самыя цікавыя навіны рэгіёна можна прачытаць толькі ў “Рэгіяналцы”!
Якія яшчэ выданні цікавяць маладзечанцаў, адказвае старшы інструктар аддзела падпіскі паштовага аддзялення №6 Тамара Скрыпцова.
− Лідары падпіскі па Маладзечанскім раёне дзве газеты: “Аргументы і факты” і “Камсамольская праўда”.
− А якія выданні выпісваюць радзей?
− Гэта спецыфічныя выданні па рыбалоўстве ці па радыёэлектроніцы. Адзін чалавек у раёне выпісвае японскія крыжаванкі, я, напрыклад, адзіная, хто выпісвае спецыяльны часопіс па вязанні.
− А колькі будзе каштаваць падпіска на самыя дарагія выданні?
− Напрыклад, адзін нумар часопіса “Плэйбой” будзе каштаваць 123 000, вельмі дорага выпісваць медыцынскія выданні. Падпіска на паўгоддзе можа каштаваць тры мільёны. Бывае, што ў нас пытаюцца пра англійскія часопісы, але ў Маладзечне падпіску на іх аформіць нельга. Такі часопіс абышоўся б падпісчыку ў 10 мільёнаў на паўгоддзе.
− Самыя актыўныя падпісчыкі? Хто яны?
− Вядома, пенсіянеры. Яны выпісваюць часопісы і карысных парад, і часопісы па садоўніцтве, і выданні пра рукадзелле. Другая катэгорыя актыўных падпісчыкаў − гэта маладыя мамы, якія выпісваюць часопісы і пра цяжарнасць, і для маладых мам, і, ўрэшце, часопісы для саміх дзетак. Але як крыўдна, што школы і садкі цяпер рэдка выпісваюць цікавыя, карысныя, каляровыя часопісы. Адмовіліся ад гэтай падпіскі на карысць незразумела чаго.
ВАЛОЖЫН. Паштальён, на мой погляд, у вёсцы самы важны чалавек. Таму што паштальён і добрую навіну прынясе, і раскажа, што робіцца ў вёсках па-суседству, і пенсію замест банкамата выдасць. З такім чалавекам мы і размаўляем сёння. Знаёмцеся − Раіса Чараповіч, паштальёнка Дорскага паштовага аддзялення.
− Як доўга вы працуеце паштальёнам?
− Працую з 1992 года, а ў 2011 атрымала пасведчанне “Ветэран працы” .
− Быць паштальёнам мара з дзяцінства?
− Не, марыла быць выхавацелем. Але так склалася жыццё. Але я ні пра што не шкадую. Я люблю сваю работу.
− Што самае цяжкае ў прафесіі паштальёна?
− Як і ў любой прафесіі, звязанай з людзьмі, самае цяжкае знайсці падыход да кожнага чалавека. Я працую ў асноўным з пенсіянерамі, таму не толькі даводзіцца выконваць свае прамыя абавязкі, але і выслухаць кожнага, пагаварыць, дапамагчы. І канешне ж, фізічная нагрузка. Летам, зразумела, на ровары, а зімой усё пешшу. А бывае, што снегу па калена, і мароз -20
− Самы лепшы паштальён − ён які?
− Спагадны і чулы. Самыя важныя якасці для працы з людзьмі.
Дарэчы: калі вы захочаце адаслаць “Рэгіянальную газету” сваякам з Аўстраліі, вам давядзецца заплаціць прыкладна 40 000 рублёў, а ліст для сваякоў са Швецыі і Японіі абыйдзецца ў 19 750 рублёў.
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.