«Мы можам усё»

Источник материала:  

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі нярэдка сцвярджаюць сябе ў розных галінах захапленняў

Сёлетні год для Бабруйскай раённай арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў» — юбілейны. Летам яна адзначыла дваццаціпяцігоддзе. Займаючыся традыцыйнай абаронай правоў і інтарэсаў сваіх падапечных, тут актыўна імкнуцца прыцягваць усебаковую ўвагу грамадскасці да гэтай катэгорыі грамадзян.

Працуюць у арганізацыі энтузіясты — людзі небезуважныя, ініцыятыўныя. Разам ім даводзіцца вырашаць шмат важных пытанняў сацыяльнага плана. А яшчэ яны ўмеюць таленавіта, весела і з карысцю бавіць свой вольны час.

Пацвярджэннем таму сталі мерапрыемствы ў аграгарадку Туголіца з нагоды Дня пажылых людзей.

Ганаровымі гасцямі ў гэты дзень былі старшыня Цэнтральнага праўлення «БелТІ» Уладзімір Патапенка, намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Святлана Носава, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Ісайчэнка, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі «БелТІ» Сяргей Кузьмін.

Утульная зала мясцовага сельскага Дома культуры выглядала па-святочнаму прывабна. Здавалася, сюды завітала сама прыгажуня восень са шчодрымі дарамі. І не дзіва! Цэнтральнае месца ў праграме на гэты раз заняў конкурс «Мы можам усё» з намінацыямі: лепшы кветавод, лепшы садавод, лепшы пчаляр, лепшы агароднік, лепшы жывёлавод. І, канешне, лепшы падворак.

Не цяжка здагадацца, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў большасці сваёй імкнуцца пераадолець жыццёвыя нягоды і нярэдка сцвярджаюць сябе ў розных галінах захапленняў. Так было і на гэты раз.

Другой часткай мерапрыемства стаў конкурс паміж сельгаспрадпрыемствамі раёна і горада па даступнасці сацыяльных аб’ектаў для інвалідаў.

Паводле слоў старшыні раённай арганiзацыi «БелТІ» Мікалая Самонава, праблема пандусаў па-ранейшаму застаецца актуальнай. Але ў многіх населеных пунктах Бабруйскага раёна яе паспяхова вырашаюць.

Па выніках рэйдаў журы першага месца ўдастоены агракамбінат «Бабруйскі» (дырэктар Мікалай Скрыпуноў), другога — ТАА «Аграмашсэрвіс» (дырэктар Сяргей Свірко), трэцяга — саўгас «Кісялевічы» (дырэктар Рыгор Арцёмаў). ЖЭУ № 14 Першамайскага раёна (начальнiк Аляксей Гількоў) адзначылі за імкненне да перамогі.

←«В ревущих сороковых широтах нас накрыли зеленые волны»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика