Спадчына анлайн
Пра масленага барана з Глыбоччыны і каменных “дзевачак” з Лельчыцкага раёна могуць даведацца нават у Амерыцы
Днямі ў Мінску прэзентавалі ўнікальны сайт, прысвечаны лепшым дасягненням нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны, — “Жывая спадчына Беларусі”. Сайт створаны пры фінансавай і кансультацыйнай падтрымцы Фонду нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Цяпер звесткі пра ўнікальныя беларускія традыцыі, абрады і песні можна будзе знайсці па адным адрасе www.livingheritage.by. Галоўная “фішка” інтэрнэт-партала — “Рыштунак НКС”, дзе сабраны элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаныя ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Пакуль што на сайце небагата інфармацыі. Аднак партал актыўна развіваецца, і, трэба думаць, хутка тут можна будзе прачытаць пра ўсе тыя ўнікальныя разыначкі, якімі могуць пахваліцца розныя рэгіёны краіны. Цікава, што хутка ў партала павінна з’явіцца англійская версія. А гэта значыць, што пра беларускія нематэрыяльныя каштоўнасці змогуць чытаць на розных кантынентах. Якія ж скарбы захоўваюцца ў электроннай скарбонцы? Прадстаўляем найбольш цікавыя і ўнікальныя аб’екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі з кожнага рэгіёна нашай краіны.
Цуд на Вялікдзень
Традыцыя роспісу велікодных яек у гарадскім пасёлку Сапоцкін Гродзенскай вобласці
Яйкі да Вялікадня фарбуюць ледзь не ў кожнай хаце. Але так, як гэта робяць у Сапоцкіне, не ўмеюць больш нідзе. Для роспісу выкарыстоўваюцца спецыяльны самаробны інструмент “шпілька” — палачка з убітым у тарэц цвічком, пчаліны воск, натуральны фарбавальнік чорна-карычневага колеру з іржавага жалеза, настою кары дуба, альхі, альховых шышак. Для прыгатавання фарбы выкарыстоўваецца кара з мясцовых парод дрэў. Сюжэты роспісу майстрыхі таксама бяруць з мясцовага прыроднага ландшафту: хвойныя галінкі, кветкі, лісцікі і гэтак далей. Вельмі часты матыў сапоцкінскіх майстрых — круг-разетка, які размяшчаецца па цэнтры яйка. Пры гэтым свабодныя плошчы запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі.
Бабуліны казкі
Казачная традыцыя Уздзеншчыны ў рэпрэзентацыі Лідзіі Цыбульскай з вёскі Магільна Уздзенскага раёна Мінскай вобласці
Лідзіі Міхайлаўне восемдзесят шэсць. Але яна памятае столькі казак, што ледзь змесцяцца ў тоўстую кнігу. Ды і расказвае іх не горш за любога акцёра. У выкананні Лідзіі Міхайлаўны казачныя сюжэты набываюць сваё гучанне, трактоўку, мастацкі выгляд, у якім гарманічна спалучаюцца традыцыйнасць і імправізацыйнасць. У Цыбульскай няма зададзенага канону расповеду аднаго і таго ж сюжэта. Пры нязменнай фабуле казка вольна вар’іруецца ў дэталях, дапаўняецца песеннымі ўстаўкамі і этнаграфічнымі замалёўкамі. Казкі Цыбульскай — гонар мясцовай супольнасці, а яшчэ — своеасаблівы брэнд Уздзеншчыны.
Маленькія кураняты
Дзіцячы калядны абрад “Куры” Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці
Калядны абрад “Куры” праводзіцца штогод на Шчодры вечар 13 студзеня. Мы прывыклі, што ў гэты дзень калядоўшчыкі ходзяць па хатах ды водзяць казу, мядзведзя ці каня. Але абрад “Куры” іншы. Ён унікальны, па-першае, тым, што праходзіць без масак-персанажаў. А па-другое, тым, што ўдзельнічаюць у ім толькі дзеці ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. Дзяўчынкі і хлопчыкі апранаюцца ў абрадавае адзенне, упрыгожваюць калядную зорку, з песнямі ідуць па вёсцы і, падыходзячы да хат, спяваюць калядныя святочныя песні, сярод якіх ёсць спецыяльная песня “Куры”. Гаспадары хаты ў сваю чаргу частуюць удзельнікаў гурта ежай — блінамі, салам і цукеркамі. Абрад завяршаецца з заходам сонца.
Пакланіцца... каменю
Традыцыя пакланення каменным крыжам (каменным “дзевачкам”) у вёсках Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці
У цудадзейныя магчымасці каменных крыжоў у вёсках Данілевічы і Баравое вераць не толькі мясцовыя жыхары, якія ахоўваюць каменныя крыжы, прыбіраюць, турбуюцца як пра жывых дзяўчынак. Звышсіла каменных “дзевачак” не першае стагоддзе прыцягвае ўвагу людзей з самых розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа, якія прыязджаюць да крыжоў, каб папрасіць здароўя, шчасця, дабрабыту для сябе і сваіх блізкіх ці чагосьці яшчэ. А як удзячнасць прыносяць да камянёў ручнікі, разнастайныя ўпрыгожанні, сакральную велікодную ежу, грошы і іншае.
Баранчыка — на хлеб
Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы “Маслены баран” у вёсцы Мацюкова Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці
“Пухнаты” беленькі баранчык з масла — унікальная лакальная адметнасць, якую сёння на Глыбоччыне захавалі толькі ў адной сям’і Струй. Тут гэтую страву гатуюць ужо гадоў сто пяцьдзясят. Як правіла, на Вялікдзень, сімвалам якога з’яўляецца баран. З масла выразаецца-вылепліваецца аснова барана. Затым робіцца воўна — баран аблепліваецца масленымі камячкамі. Невялічкі кавалак масла кладзецца ў бінт ці марлю і выціскаецца праз іх, затым прымацоўваецца да асновы. Рожкі робяцца з воску — плавіцца свечка, а вочкі — з гарошку чорнага перцу. Часам баранчык можа ўпрыгожвацца зелянінай. Як правіла, баран стаіць на стале ўсё свята, яго пачынаюць есці толькі пасля Вялікадня.
Свята “ўдзячнасці”
Абрад “Намскі Вялікдзень” у вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці
Чалавеку недасведчанаму слова “намскі” не скажа нічога. Яго нават у слоўніках няма. Але для жыхароў вёскі Аброва яно не толькі існуе, але і мае вялікі сэнс. “Намскі” — значыць намі закладзены, нам дадзены. Абрад праводзіцца ў чацвер Велікоднага тыдня і адносіцца да так званых заветных празнікаў, ці аброчных дзён — святаў, якія былі ўстаноўлены па абяцанні як падзяка або аброк Богу за дапамогу жыхарам вёскі пры ўзнікненні эпідэмій, мору, засухі і гэтак далей.
Першапрычынай устанаўлення свята ў вёсцы Аброва з’явілася збаўленне вёскі ад хваробы і смерці дзяцей у пачатку ХХ стагоддзя. Тады, каб выратавацца, жыхары вёскі выканалі тыповы для Заходняга Палесся аказіянальны абрад: вырабілі за адну ноч аброчны ручнік і разам з іконай Божай Маці здзейснілі хрэсны ход вакол вёскі, пасля чаго хвароба адступіла. Аброчнае свята захавала многія першапачатковыя традыцыйныя абрадавыя элементы, вербальныя тэксты і іншае. І прымеркавана да чацвярга Велікоднага тыдня, які на Заходнім Палессі, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, здаўна з’яўляўся днём ушанавання памерлых.