Будаваць прамую чыгунку ў Нацыянальны аэрапорт немэтазгодна, бо невялікі пасажырапаток
Гаворка пра гэта вялася ўчора, 28 верасня, падчас наведвання Лукашэнкам у часе "Дажынак" чыгуначнай станцыі Жлобін.
Лукашэнка пацікавіўся, як рэалізуецца даручэнне па стварэнні пасажырскай чыгуначнай камунікацыі паміж сталіцай і Нацыянальным аэрапортам Мінск.
Міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак далажыў, што стварэнне асобнай прамой пасажырскай лініі немэтазгодна, зыходзячы з параўнальна невялікіх аб'ёмаў пасажырапатоку.
Разам з тым выкарыстанне існуючай чыгуначнай інфраструктуры з будаўніцтвам адгалінавання на аэрапорт значна патанніць праект. Пры гэтым час на перавозку пасажыраў павялічыцца ўсяго на 10-15 хвілін.
Нагадаем, што 4 красавіка 2013 г. Лукашэнка падчас сустрэчы з гендырэктарам швейцарскай кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэрам Шпулерам даручыў ураду і кіраўніцтву Беларускай чыгункі неадкладна распрацаваць праект чыгуначных зносін сталіцы з Нацыянальным аэрапортам Мінск.
"Трэба… тэрмінова зрабіць гэты праект, без прамаруджвання, - казаў тады Лукашэнка. Людзі змогуць больш карыстацца паслугамі аэрапорта, бо даехаць да яго будзе лёгка".
Лукашэнка таксама выказаў тады, 4 красавіка, думку, што каб хутчэй вырашыць гэтую праблему, варта прыпыніць некаторыя праекты дзяржаўных праграм.
Пра тое, што плануецца пусціць пасажырскія цягнікі са сталіцы да Нацыянальнага аэрапорта Мінск, у лістападзе 2012 года казаў міністр Сівак. Паводле яго тагачасных словаў, вялікай праблемы не павінна было быць, бо чыгунка ад Смалявічаў да аэрапорта існуе - па ёй дастаўляюць грузы і паліва.