Валожынская бытоўка працуе неэфектыўна

Камітэт дзяржкантролю праверыў Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання.
Прадпрыемства не атрымала чаканы эканамічны эфект, для якога выдаткавала пэўныя бюджэтныя сродкі.
За кошт бюджэту яно набыло машыну для здрабнення агародніны і сокавыціскалку, каб аказваць новыя бытавыя паслугі. Аднак тэхніку так і не пачалі выкарыстоўваць, яна стаіць ад 2007 года.
З-за малога попыту на абутковых майстроў і недахопу кадраў пустуюць два месцы абутнікоў. Пры гэтым дакладнай стратэгіі выкарыстання абсталявання няма.
Неэфектыўна выкарыстоўваюцца рабочыя месцы цырульнікаў у вёсках. Кліентаў абслугоўваюць па меры запісу двойчы на тыдзень. Не на поўную загрузку выкарыстоўваюць працоўныя месцы швачак. З-за таго, што няма адпаведнага спецыяліста, пустуе кабінет па манікюры ў будынку Дома быту ў Валожыне.
У бухгалтарскім уліку не лічацца выдаткі па рэканструкцыі Дома быту ў Валожыне на 1050 мільёнаў рублёў, якія ў 2006-2009 гадах былі выдзеленыя са сродкаў бюджэту. Гэты аб’ект эксплуатуюць без прыёмкі ва ўстаноўленым парадку. Увялі яго толькі пасля ўмяшальніцтва Камітэта дзяржкантролю.
Праверка знайшла шмат парушэнняў у вядзенні бухуліку, працоўнага заканадаўства, санітарных норм і гігіенічных нарматываў, у парадку распараджэння адходамі. Да парушэнняў адносіцца і тое, што прадпрыемства падавала недакладныя звесткі ў органы дзяржаўнай статыстыкі.
Цяпер разглядаецца пытанне аб прыцягненні службовых асоб за парушэнні да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці.
Паводле паведамлення Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.
фота startupafisha.ru