Лата на лаце, ніткі не знаці
З дапамогай загадак дзяўчат і юнакоў правяралі на разумовую сталасць, а нявесту і жаніха — на гатоўнасць да шлюбных адносінаў
Сёння ў дзяцей няма недахопу ні ў цацках, ні ў гульнях. А вось у маім дзяцінстве крыніцай добрага настрою, якая замяняла ўсе гэтыя сучасныя бяздушныя тэхналогіі, была “Сцяжынка” — кніжка з народнымі загадкамі, казкамі, смяшынкамі. Няўжо, здавалася нам тады з сябрамі, можа быць штосьці больш цікавае, чым загадваць адзін аднаму загадкі з гэтай кніжкі? Сёння ж такая забаўка ў многіх выкліча проста смяшок. Мы амаль забыліся пра загадкі. Яшчэ крыжаванкі, рэбусы, сканворды куды ні ішло. А загадкі... Затое ў нашых продкаў гэты жанр фальклору быў не менш папулярным за песні. І што самае цікавае, загадкамі не толькі забаўляліся, але выхоўвалі дзяцей, развівалі мысленне і ўсведамленне прыналежнасці да роду.
Белы, а не белены
Складана сказаць, колькі стагоддзяў, а калі больш дакладна, тысячагоддзяў налічвае гэты старажытны жанр фальклору.
— Некаторыя даследчыкі ўзводзяць узнікненне загадак да ведыйных часоў, — расказвае загадчык сектара “Духоўныя традыцыі ў народнай архітэктуры” НАН Беларусі Алена Алфёрава, якая займаецца вывучэннем загадак ужо больш за дзесяць гадоў. — Тады загадка выконвала ў першую чаргу сакральную ролю, лічылася сродкам праверкі членаў роду на даросласць і здольнасць належаць гэтаму роду.
Загадваліся такія загадкі юнакам і дзяўчатам, каб праверыць, ці назапасілі яны дастаткова ведаў, каб увайсці ў дарослае жыццё. Загадвалі іх звычайна старыя людзі, якія валодалі сакральнымі ведамі і пэўным вопытам жыцця. Рабілася гэта, як правіла, у крывыя, ці “святыя” вечары, калі, лічылася, сыходзіць стары свет і ствараецца новы. Нашы продкі верылі, што правільныя адказы юнакоў і дзяўчат дапамогуць гэты свет нарадзіць і будуць гарантам таго, што год выдасца шчаслівым і гарманічным. Гэта ў першую чаргу былі касмаганічныя загадкі пра сонца, месяц, прыродныя з’явы.
— Адгадаць іх было вельмі складана. Адказы трэба было ведаць, — тлумачыць доктар філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна.
— Гэта быў пэўны набор жыццёвых мудрасцяў, першасных ведаў, неабходных для таго, каб хлопцу стаць мужам, дзяўчыне — праўдзівай гаспадыняй і гэтак далей.
Такія загадкі вельмі часта можна сустрэць у песнях. Да прыкладу, падчас калядных абыходаў дзяўчыне маглі праспяваць:
Стаіць вішанька вельмі нізенька,
Пад той вішанькай стаіць Анечка,
Вішанькі шчыпіць, у карманік сыпіць.
А прыйшло к ей тры паніча,
Тры паніча-каралевіча,
А загадалі тры загадкі ей.
— Калі адгадаеш — за сябе вазьму,
А не адгадаеш — за слугу сваю.
А што бяжыць а без павадка?
А хто чорны, а не чорняны?
А хто белы, а не белены?
І тут жа давалася адгадка.
— А вада бяжыць, а без павадка,
А воран чорны, а не чорнены,
А за белай ручкай я сама пайду.
— У чарадзейных казках вельмі часта можна сустрэць сюжэт, калі герой трапляе да нейкай пачварнай істоты і, каб застацца ў жывых, павінен адгадаць некалькі загадак, — расказвае Таццяна Валодзіна. — І калі ён іх адгадвае, то аўтаматычна набывае іншы сацыяльны статус, можа стаць нават царом. Усё гэта сведчыць пра тое, што структура “пытанне-адказ” мела не проста забаўляльную функцыю.
“Сорамныя” загадкі
З часам загадкі змянілі свае функцыі. Падзяліліся на творы для дарослых і для дзяцей. Малым часцей загадвалі пра жывёл, побытавыя рэчы, прыродныя з’явы, даносячы ім пэўныя веды пра навакольны свет, развіваючы лагічнае мысленне, выхоўваючы і прывучаючы да паэтычнага слова.
— Як казаў Ніл Гілевіч, загадка — гэта адзін са сродкаў далучэння дзіцяці да свету паэзіі, — гаворыць Алена Алфёрава. — Праз загадкі дзіця знаёмілася з рыфмай, метафарамі, вобразамі. Рыкнуў вол на сто сёл, на сто рэчак, на сто азёр — толькі прыслухайцеся, наколькі эмацыйна і гіпербалічна апісваецца ў загадцы гром. Або “Бегла ліска каля лесу блізка. Ні сцежкі, ні дарожкі, толькі залатыя рожкі”. Меўся на ўвазе месяц. Часам здзіўляешся, як наогул у нашых продкаў маглі ўзнікнуць тыя ці іншыя асацыяцыі. Невядома, да прыкладу, як узнікла загадка пра вясёлку: з неба чырвоная ара спускаецца. Ара — прыгожая экзатычная птушка, радзімай якой лічыцца Амерыка. Аднак адкуль пра яе маглі ведаць беларусы ў пачатку ХХ стагоддзя?!
У дарослай аўдыторыі загадкі былі зусім іншыя. Зімой белы, летам шэры — яўна не з гэтай катэгорыі.
— Дарослыя, або “сорамныя” загадкі маюць два пласты значэння, — тлумачыць Таццяна Валодзіна. — Калі загадваеш, узнікаюць асацыяцыі перш за ўсё са стасункамі мужчыны і жанчыны. Але адгадка абсалютна рэалістычная і “нявінная”. Вось, да прыкладу: “Валасы з валасамі сходзяцца, сэрца заходзіцца. Седзячы харашо, а лежачы яшчэ лепш”. Так нашы продкі зашыфравалі сон. Ці вось гэта: “Рос, рос, вырас, са штаноў вылез. Канчур залупіўся, дзеўкам палюбіўся”. Адгадка — арэх.
І гэта яшчэ больш-менш прыстойныя варыянты дарослых загадак. Вядома, загадваць іх пры дзецях катэгарычна забаранялася. Такімі загадкамі маглі бавіцца падчас вечарын, куды дзеці не дапускаліся, або на вяселлях — як выпрабаванне жаніха і нявесты на сталасць і здольнасць весці дарослы лад жыцця. Дарэчы, можна пачуць падобныя загадкі і на сучасных вяселлях. Аднак хацелася б, каб сёння ўспаміналіся не толькі фрывольныя загадкі. Колькі яшчэ існуе высокапаэтычных загадак, у якіх адлюстраваны гаспадарчая і творчая дзейнасць нашых продкаў, іх жыццёвы вопыт, побыт, асаблівасць жывёльнага і расліннага свету нашай краіны і гэтак далей. Упэўнена, яны сталі б не горшым сродкам для выхавання дзяцей, чым сучасныя камп’ютарныя гульні для развіцця.