Схваціць за крылы «Залатога купідона»

Источник материала:  
АСНОЎНЫЯ ўрачыстасці, якім ў мінулыя выхадныя літаральна жыў і дыхаў старажытны Быхаў, выпалі на 1 верасня. Цырымонію афіцыйнага адкрыцця фэсту папярэдзіла святочная прэзентацыя скульптурнай кампазіцыі «Баркулабаўскі летапіс». «Яна — гэта сімвал, які сведчыць пра багатую гісторыю краіны, культурныя і духоўныя традыцыі. Галоўнае яе прызначэнне — вучыць усіх нас быць патрыётамі», — зазначыў на адкрыцці манумента намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль ТОЗІК.

Кампазіцыя прадстаўляе сабой адкрыты старадрук са старажытнымі пісьмёнамі і выявай іконы Маці Божай Баркулабаўскай. Увышыню яна — амаль два з паловай метры. Размешчаны манумент на цэнтральнай — Кастрычніцкай — плошчы Быхава, дзе знаходзяцца адразу два помнікі архітэктуры — Быхаўскі замак і сінагога. У яе сценах збіраюцца зрабіць музейны цэнтр яўрэйства. А падобныя па стылю храмы былі ў Пінску і Вільні, але ўцалела толькі сінагога ў Быхаве. Што тычыцца замка, то да свята адноўлены дзве вежы абарончай фартэцыі. А знойдзеныя археолагамі артэфакты падчас раскопак уключаны ў экспазіцыю.

На цырымоніі афіцыйнага адкрыцця фэсту гасцей і ўдзельнікаў свята віталі героі тэатралізаванай дзеі — Сімяон Полацкі, Францыск Скарына, Янка Купала. А намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі АнатольТозік у прыватнасці адзначыў, што ўвогуле ў нашай дзяржаве вялікую ўвагу аддаюць кнігавыданню і СМІ. Так, за мінулы год надрукавана больш за 11 тысяч найменняў кніг і брашур агульным тыражом 33 мільёны экземпляраў.

Прывітальнае слова ад Прэзідэнта Беларусі зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. «Для беларусаў слова, веды, духоўныя каштоўнасці заўсёды былі асновай дзяржаўнага развіцця, апорай у пераадоленні цяжкасцей і перашкод», — падкрэсліў у віншаванні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

— Правядзенне свята накшталт гэтага ў невялікіх гарадках апраўдана тым, што яны атрымліваюць новае, сучаснае аблічча, — адзначыў карэспандэнту «БН» міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. — Каб параў- наць, дастаткова было паглядзець на Быхаў год таму, калі мы праводзілі першы раз пасяджэнне аргкамітэта фэсту. Сёння горад прыкметна змяніўся. А мясцовыя жыхары, нават тыя, якія бурчалі, што ішло вялікае будаўніцтва, задаволены і ўдзячны за такое аблічча Быхава, за такую вялікую падзею. Дарэчы, на змену яго «іміджу» з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў вылучылі звыш 200 мільярдаў беларускіх рублёў — удвая больш, чым на «літаратурную сталіцу краіны» мінулага года — Глыбокае. Сёння будынкі Быхаўскага раённага цэнтра культуры, стогадовага кінатэатра «Родина» (зараз ён працуе ў 3D-фармаце) не пазнаць. Аднавіліся аўта- і чыгуначны вакзалы...

На галоўнай сцэне былі абвешчаны і пераможцы Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу. «Залатых купідонаў» (так выглядаюць узнагароды творчага спаборніцтва) схвацілі за крылы літаратары і паэты ў васьмі намінацыях. Прычым гэта не толькі аўтары паэтычнай, гумарыстычнай, песеннай, але і краязнаўчай літаратуры.

— Мне вельмі лёгка было ісці да перамогі, таму што я рабіў кнігу пра лепшую зямлю ў свеце — Магілёўшчыну, — адзначыў у інтэрв’ю карэспандэнту «БН» Мікалай Барысенка з Магілёва. Ён стаў першым у намінацыі краязнаўчай літаратуры. — Кніга стваралася на працягу года, але яе высновай стаў зборнік экскурсій, над якім я працаваў больш за дзесяць гадоў.

Свята беларускага пісьменства — гэта не толькі традыцыйныя аднаўленні сталіц фэсту, народныя гулянні і насычаная культурная праграма. Дзень беларускага пісьменства — гэта і фестываль кнігі і прэсы. Свае навінкі прадставілі на ім лепшыя выдавецтвы Беларусі, Саюзнай дзяржавы, рэспубліканскіх СМІ. На прэзентацыйнай пляцоўцы прадстаўлена была і кніга «Беларускі ручнік» — сумесны праект «БН» і Выдавецкага дома «Звязда». Галоўны рэдактар «Белорусской нивы» Сяргей Міховіч адзначыў, што ў выданні на паэзію аддаецца самы прэстыжны — чырвоны — куток першай старонкі. У рубрыцы «Беларускі ручнік» штодзённа 13 гадоў запар друкуюцца вершы знакамітых і не вельмі, у тым ліку вясковых, паэтаў. Цэнтральныя тэмы — зямля, бацькоўскі парог, хлеб і хлебаробства, вялікая і малая радзіма.

Кніга «Беларускі ручнік» — гэта зборнік паэзіі, дзе выкрышталізаваны найлепшыя творы з аднайменнай газетнай рубрыкі. Яна, дарэчы, і адкрывае новыя імёны, асабліва з рэгіёнаў. Падтрымаў прэзентацыю «Беларускага ручн- іка» знакаміты айчынны паэт Мікола Мятліцкі. Ён прадэкламаваў адзін з некалькіх уласных вершаў, надрукаваных у зборніку.

Беларускаму літаратару Міхасю Пазнякову было асабліва прыемна выступіць у Быхаве. Да Дня пісьменства ён, ураджэнец Быхаўшчыны, падрыхтаваў анталогію твораў паэтаў і пісьменнікаў, якія нарадзіліся, жылі і працавалі на гэтай старажытнай зямлі. У калейдаскопе зорных імёнаў — Барыс Стральцоў, Алесь Пісьмянкоў, Аркадзь Куляшоў, Раіса Баравікова, Змітрок Марозаў, Міхась Мушынскі, Мікола Леўчанка… «Зямляцкасць і асаблівая цеплыня дапамаглі мне скласці вельмі грунтоўны зборнік, адшукаць паэтаў, празаікаў і літаратараў, для якіх Быхаўшчына стала і натхненнем і часткаю жыцця», — зазначыў у інтэрв’ю карэспандэнту «БН» старшыня мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, празаік, перакладчык Міхась Пазнякоў.

…Горад віншавалі нават парашутысты: яны пайшлі на рэкорд у гісторыі пастсавецкіх краін — разгарнулі над горадам сцяг плошчай амаль у 700 квадратных метраў. На канцэрце ўрачыстага закрыцця Дня беларускага пісьменства выступілі артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Вечарам неба расквеціў святочны феерверк.

Эстафету свята быхаўчане перадалі Заслаўю. Менавіта там у верасні наступнага года будзе ладзіцца чарговы Дзень беларускага пісьменства.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

 

 

 

 

 

←Деньги не пахнут?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика