Уладзімір Бепершч стварае мэблю пад даўніну
Уладзімір Бепершч з узорамі мэблі пад даўніну.
Уладзімір Бепершч з вёскі Нарач (Кабыльнік) вырабляе мэблю. І не простую, а эксклюзіўную, пад даўніну.– Раней дзверы ды вокны рабіў, – прыгадвае ён. – Сам вырашыў паспрабаваць нешта цікавае стварыць. Распрацаваў тэхналогію і зрабіў крэсла ў старадаўнім стылі. Чалавек убачыў – спадабалася, папрасіў для яго такое зрабіць. Так і пачалося.
Цяпер усё што заўгодна можа зрабіць: шафы, ложкі, крэслы, камоды...
– Сам да такога узроўню дайшоў, – кажа. – Нідзе ні вучыўся, ўсё праз сваю галаву.
– Гэта цікава – мэблю пад даўніну рабіць?
– Так. Цяпер ні за вокны, ні за дзверы і не бяруся. Такую мэблю цікавей рабіць, бо кожны экземпляр па-свойму прыгожы.
–Значыць, гэта не толькі дзеля заработку?
– Так, калі праца творчая, яно і для душы цікавей. Нават тыя крэслы… Яны з віду аднолькавыя, а адрозненні ж ёсць. Мэбля па лецішчах разыходзіцца, і кожны гаспадар хоча, каб у яго была асаблівая, каб у нікога болей такой не было. Так што, амаль усе рэчы эксклюзіўныя.
– Але ж вырабляць такую мэблю шмат часу займае...
– Такое, што хутка не зробіш. Нават табурэт тры дні рабіць трэба, не пагоніш хутка. Ручная ж праца.
Займаецца вырабам мэблі Уладзімір разам са шваграм Валерыем. А ствараецца яна з сасны. Апрацоўваецца так, што становіцца падобнай на дуб.
– А з дуба ці спрабавалі рабіць?
– Спрабаваў. Яго цяжэй апрацоўваць, але атрымліваецца прыгожа.
І кузня ў майстра ёсць – таксама у мэблевай справе рэч патрэбная.
– Жалеза прыгожа глядзіцца на дрэве, калі ўсё пад даўніну, – разважае Уладзімір. – Той жа цвік выкуеш, у стол загоніш – і па-іншаму, па-даўнейшаму глядзіцца. Вось і люстру коўкай аздобіў.
– А якая самая каштоўная для вас праца?
– Люстра гэтая з колам: таму што пагуляцца з ёй давялося. Тыдні паўтара праца заняла. Было самому цікава: ці змагу зрабіць?
Каштоўная для майстра люстра
Уладзімір хоча і далей справу развіваць, новыя ідэі з’яўляюцца. Ёсць задумы трэльяжы, буфеты зрабіць. І на выставу якую з’ездзіць, каб свае творы паказаць. Сёлета ужо быў на выставе-кірмашы “Камарова – кола дзён”.
– Уладзімір, за гэтыя гады ўсе сакрэты справы асвоілі?
– Усе не вывучыш, пастаянна нечаму вучышся – трэба ж удасканальвацца.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.