Вецер дасць больш энергіі: ля Занарачы з'явіўся трэці вятрак
Трэці вятрак ля Занарачы
Трынаццаць год таму на Мядзельшчыне прымусілі вецер працаваць: ля вёскі Занарач з’явілася першая ветраэнергетычная ўстаноўка. Потым – яшчэ адна.А нядаўна тут узняўся трэці вятрак. Калі ён запрацуе і ў чым яго адметнасці? Пра гэта распыталі у дырэктара прадпрыемства “ЭкаДомБуд” Юрыя Супрыновіча.
– Калі вятрак будзе ўведзены ў дзеянне?
– Плануем да канца жніўня. Аб’ект ужо апрабавалі, афармляем неабходную дакументацыю, каб афіцыйна ўвесці ў эксплуатацыю. Будавалі ветраэнергетычную устаноўку разам з нямецкімі партнёрамі – дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля”. Дапамогу аказвала фірма “Wind & work”, якая займаецца наладкай такога абсталявання. Інвестыцыйны праект ажыццяўляўся пры падтрымцы Мінаблвыканкама. Дарэчы, каб падняць абсталяванне, выкарыстоўвалі самы магутны ў Беларусі кран – з “Белкалія”.
Будаўніцтва ажыццяўлялі дзеля пашырэння існуючых магутнасцяў. На поўдзень ад Занарачы працуюць дзве ўстаноўкі (першая ўведзена ў 2000 годзе, другая – у 2002). Яны штогод выпрацоўваюць 1,3-1,4 мільёна кілават-гадзін электраэнергіі. З уводам трэцяй плануем выпрацоўваць каля трох мільёнаў кілават-гадзін у год.
– Чым адрозніваецца трэці вятрак ад папярэдніх?
– Яго намінальная магутнасць нашмат большая: 1 мегават. Для параўнання: у першага было у чатыры разы менш – 250 кілават, у другога – 600 кілават. Другое істотнае адрозненне – большы дыяметр ветракола. А вышыня засталася прыблізна такая самая.
– Што можаце сказаць па выніках працы першых двух ветракоў?
– Тэхніка надзейная, працуюць добра. І паколькі ўмовы Мядзельскага рэгіёна спрыяюць размяшчэнню падобнага роду аб’ектаў, таму і вырашылі ўзводзіць трэцюю ветраэнергетычную ўстаноўку.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.