Без сакрэтаў – славянскаму свету

Источник материала:  
СЁННЯ ў Мінску завяршаецца XV міжнародны з’езд славістаў. Пасяджэнні тэматычных секцый, “круглыя сталы” і прафесійныя дыскусіі — навуковая частка форуму скончана. Афіцыйна падведзены вынікі кангрэса. Цяпер больш за паўтысячы гасцей з 35 краін свету, вярнуўшыся з экскурсійных тураў па Беларусі, збіраюцца ў дарогу.

Дэлегаты раз’язджаюцца ў самыя розныя куточкі свету — Канаду, Аўстралію, Японію, Ізраіль, дзяржавы Еўропы.

Падчас форуму ўдзельнікі паспелі наведаць і Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Там члены Міжнароднага камітэта славістаў пазнаёміліся з пастаяннай акадэмічнай выставай “Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці”, экспазіцыяй рэдкіх кніг і артэфактаў. Таксама была і сустрэча замежных навукоўцаў з кіраўніцтвам НАН Беларусі.

— Значэнне такіх з’ездаў не памяншаецца і зараз, калі асаблівую актуальнасць набываюць праблемы захавання, падтрымкі і развіцця нацыянальных моў і культур. Па ацэнцы ЮНЕСКА, з шасці тысяч моў свету прыкладна палова могуць у бліжэйшы час знікнуць назаўсёды. Мы не павінны дапусціць, каб гэта адбылося ў славянскім свеце, — падзяліўся меркаваннем з гасцямі з’езда ў Акадэміі навук намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. — Трэба надаць руху славістаў больш узаконены характар. Нацыянальныя камітэты славістаў павінны атрымаць падтрымку і прызнанне ва ўрадах краін.

Яркай падзеяй навуковага кангрэса стала выстава славістычнай літаратуры. У ёй — выданні аб славянскай культуры, сабраныя амаль з усіх кантынентаў. Рэдкая калекцыя кніг застаецца ў Беларусі.

Дарэчы, беларусы прымалі ўдзел ва ўсіх з’ездах славістаў, пачынаючы з першага. У 1929 годзе кангрэс ладзіўся ў Празе. Наступны форум праз пяць гадоў, як абвясцілі ў Мінску, прымаць будзе Сербія. Старшынёй Міжнароднага камітэта славістаў з 2013-га па 2018 год абраны сербскі прафесар Бошка Сувайціч.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фото БЕЛТА

←Мастера на все ноги

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика