Выйшаў першы энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы
У выдавецтве Граўцова выйшаў першы энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы. Асобнікі выдання былі прадстаўлены ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным ўніверсітэце на кніжнай выставе, што ладзіцца ў межах XV Міжнароднага з`езда славістаў.
"Слоўнік з`яўляецца ўніверсальным даведнікам па розных напрамках рэлігійнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь. У ім прадстаўлена актуальная міжканфесійная лексіка, якая датычыцца рэлігійных і рэлігійна-філасофскіх плыняў, назваў рэлігійных арганізацый, абшчын, прыводзяцца звесткі аб найбольш вядомых і шанаваных у народзе абразах, крыніцах, розных святынях", — гаворыцца ў анатацыі да выдання.
Аўтары энцыклапедычнага слоўніка — ксёндз-дэкан мінскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар Мікалай Прыгодзіч і выкладчык-метадыст беларускай мовы і літаратуры, выдатнік народнай асветы Беларусі Валянціна Раманцэвіч.
"Гэта выданне пацвярджае думку аб тым, што беларускія лінгвісты разам са святарамі — праваслаўнымі і каталіцкімі — імкнуцца насыціць беларускую рэлігійную лексіку, прызвычаіць яе да чалавека, верніка", — адзначыў у каментары для БелаПАН Мікалай Прыгодзіч.
Галоўнай адметнасцю выдання, паводле яго слоў, з`яўляецца тое, што ў ёй сабраны "ўвесь магчымы беларускі матэрыял, усё, што тычыцца пытанняў рэлігіі на нашай тэрыторыі".
"Я ўпэўнены, што кніга будзе дапрацоўвацца, будзе і другое, і трэцяе выданне. Першае выданне заўсёды пробнае. Мы хочам паглядзець, як яно будзе ўспрымацца, якія парады мы атрымаем", — дадаў Прыгодзіч.
Дырэктар выдавецтва Граўцова Анастасія Цітова адзначыла, што кнігу стараліся выпусціць менавіта да з`езда славістаў, "таму давялося напружыць друкарню, каб яна ўклалася ў тэрмін". "Гэты энцыклапедычны слоўнік вельмі цікавы па сваёй структуры, бо ў кожным артыкуле пададзена не толькі апісанне паняцця, але і яго гісторыя", — падкрэсліла яна.
Паводле слоў Цітовай, кніга будзе прадавацца ва ўсіх кнігарнях "Белкнігі", а таксама ў інтэрнэт-крамах. Наклад кнігі 1.000 асобнікаў.
Нагадаем, падчас адкрыцця з`езда славістаў 21 жніўня мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч выказаў занепакоенасць недастаткова распрацаванай рэлігійнай лексікай на беларускай мове.