У аддзелах адукацыі новыя начальнікі
Новыя начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму вызначыліся ў Вілейцы і Астраўцы.
У Вілейцы ад 1 жніўня на чале аддзела адукацыі, спорту і турызму стаў віляйчанін Аляксандр Пуцейка.
Ён вучыўся ў Мардасоўскай базавай школе. 10 і 11 класы заканчваў у Хаценчыцкай школе. Меў здольнасці да філалагічных навук, прымаў удзел у алімпіядах па мовах. Рыхтаваў яго выкладчык педагагічнага каледжа Кім Скурач.
Яго з’яўленне ў лёсе Аляксандра Пуцейкі паўплывала на выбар прафесіі. Спачатку ён марыў стаць журналістам. Але выкладчык упэўніў у тым, што прафесія філолага нашмат лепшая.
У асяроддзі філолагаў бытуе выслоўе, што кожны філолаг можа стаць журналістам, але не кожны журналіст можа стаць філолагам. Таму паступіў на філалагічны факультэт педагагічнага інстытута.
Працаваў у Вілейскім прафесійна-тэхнічным ліцэі сацыяльным педагогам, затым выкладчыкам рускай мовы і літаратуры.
Праз дзевяць год перайшоў у школу №3 з экалагічным ухілам. Працаваў педагогам-псіхолагам, сацыяльным педагогам, педагогам-арганізатарам, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры.
Ад 22 сакавіка 2011 года атрымаў пасаду дырэктара Асіпавіцкага вучэбна-педагагічнага ко-мплексу дзіцячага саду-сярэдняй школы.
Ад жніўня гэтага года ўзначаліў аддзел адукацыі, спорту і турызму.
У Астраўцы два тыдні таму ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама прыйшла новая начальніца – Наталля Станкевіч.
Нарадзілася яна ў Астраўцы. У школьныя гады палюбіла біялогію і хімію, таму абрала спецыяльнасць настаўніка. Паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Адразу працавала ў школе педагогам-арганізатарам, потым настаўнікам біялогіі і хіміі, таксама намеснікам дырэктара. Месцамі яе працы былі школа №2 і гімназія №1.
Многія маладыя настаўнікі сцвярджаюць, што аўтарытэт настаўніка ў іх вачах зніжаецца. Наталля Станкевіч падкрэслівае:
– Гэта няпраўда, з дзецьмі цікава працаваць. Дзеці адчуваюць, як да іх адносяцца, так яны ставяцца і да вас.
У апошні час Наталля Станкевіч з’яўлялася галоўным спецыялістам раённага аддзела адукацыі. Таму ў новы калектыў ёй не прыйшлося ўлівацца.
Галіна СІНІЦА.
Фота odessa-life.od.ua.