Прыгожыя кветкі на балконах у Маладзечне – хто даглядае
Яшчэ 27 мая рабочыя з дапамогай спецыяльнай тэхнікі вешалі вазоны на балконах дамоў па Вялікім Гасцінцы, каля гімназіі №6.
Намесніца дырэктара “Камунальніка” Зінаіда Рудніцкая расказала, што вясной для гэтага ЖРЭУ-2 выдалі 400 кашпо.
У Інтэрнэце нават з’явіўся фотарэпартаж, як на дамы чапляюць вазоны, а пад ім – каментары занепакоеных чытачоў:
– У адрозненне ад спадарожнікавых талерак і кандыцыянераў, гэтыя гаршкі з кветкамі бяспечныя? Дзе прыёмная камісія? (Яе не бачна на фотаздымках).
– Сапраўды пасля “Дажынак” Маладзечна стала прыгожым горадам. Вось толькі цікава, як жыхары даглядаюць гэтыя расліны?
Ці паліваюць кветкі жыхары дамоў?
Калі вазоны пакуль яшчэ з дамоў не зваліліся, то хваляванні наконт таго, ці будуць людзі паліваць кветкі, былі незнарок. Па Вялікім Гасцінцы ў адным і тым жа доме на балконах можна ўбачыць і квітнеючыя кветкі, і чэзлыя.
Некаторыя жыхары, з якімі нам удалося паразмаўляць, скардзяцца на туманы, якія псуюць кветкі. Аднак туман туманам, а кветкі на балконах, што побач, ёсць добра дагледжаныя і зусім не дагледжаныя. Магчыма, некаторым гаспадарам яны проста непатрэбныя, бо гэта дадатковая праца.
– Нам даводзіцца выліваць кожны дзень па два вядры вады, каб кветкі не сохлі, – кажа гаспадар адной з кватэр дома №64. – Раніцай адно вядро, а ўвечары другое.
Безумоўна, ёсць і руплівыя жыхары, якія паспяваюць даглядаць не толькі кветкі на балконе, але і вакол дома. Каля пад’ездаў высаджваюць аксаміткі, вяргіні.
Ёсць жыхары, якім бы і хацелася ўпрыгожыць двор, ды сіл ужо не стае:
– Калі была маладая, то садзіла кветкі, – кажа пажылая жанчына з дома №63, – а зараз ужо сілы не тыя, таму каля пад’езда расце трава. Маглі б маладыя гэтай справай заняцца, бо гэта ж і іх дом. На прыгожае заўсёды прыемна глядзець.
Галіна СІНІЦА.
Фота flowers.cveti-sadi.ru