Дакапацца да артэфактаў
Удзельнікі археалагічнай экспедыцыі аднаўляюць гісторыю па костках і рэштках посуду
Знайсці археалагічную каштоўнасць марыла яшчэ з дзяцінства. Тады, спадзеючыся адшукаць косткі маманта, перакопвала ўвесь дворык каля бабулінага дома, але трапляліся толькі дробныя каменьчыкі ды злосныя мурашы. У гэтым жніўні пашчасціла пабываць на сапраўдных раскопках. На некалькі дзён я далучылася да археалагічнай экспедыцыі ў Асавец (Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) і даведалася, у прыватнасці, колькі тушонкі патрэбна, каб пратрымацца два тыдні, і чаму археолагі цэняць нядбайных гаспадынь.
Кватэрнае пытанне
Раней у Асавец накіроўвалі на практыку першакурснікаў гістарычнага факультэта БДУ. Сёлета склад валанцёрскі, але большасць удзельнікаў усё ж такі гісторыкі: студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі музея. Кіруе экспедыцыяй старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Максім Чарняўскі. Максім Міхайлавіч ездзіць на раскопкі з трохгадовага ўзросту. Як прызнаецца ён сам, інакш і быць не магло, таму што навуковец нарадзіўся ў сям’і археолагаў — бацька Міхась Чарняўскі даследаваў паселішчы на Крывінскім тарфяніку з сярэдзіны 1960-х гадоў і да апошняга ездзіў са студэнтамі ў экспедыцыі.
Перш чым пачаць працу, трэба разбіць лагер. Усе ўдзельнікі асавецкай экспедыцыі жывуць у палатках. Кажуць, недалёка водзяцца дзікі, таму просяць не сяліцца побач з лесам. Я запісалася ў суседкі да адной з дзяўчат. Палатку ставіла ўжо не першы раз, але без дапамогі не абышлося. Дзякуй мужчынам, якія заўсёды ведаюць, куды прывязаць вяроўкі і з чаго зрабіць калкі, якія згубіліся ў папярэдніх вандроўках.
— Калі будзеце спаць, не высоўвайце ногі з палаткі. На спатнелых участках цела асядае соль. Мясцовыя ласі могуць учуць яе і прыйдуць лізаць вам пяты, — жартуе Максім Міхайлавіч.
У Асаўцы ёсць свой “дамавік”. Станіслаў Пятровіч (для сваіх проста Пятровіч) — настаўнік гісторыі ў Бешанковіцкай школе. У сапраўднага гаспадара Пятровіча ёсць усе неабходныя рэчы для выжывання ў палявых умовах: каса, сякера, тачыла і бензапіла, якая працуе толькі ў руках уладальніка. Бешанковіцкі настаўнік клапоціцца і пра ўдзельнікаў экспедыцыі: то памідораў з агуркамі прынясе, то добры кавалак сала дастане са сваіх запасаў.
Што ў археолага на вячэру?
Ежа гатуецца на вогнішчы па чарзе на ўсіх удзельнікаў экспедыцыі. Накарміць зборышча галодных археолагаў — справа адказная. Стратэгічны запас ежы на два тыдні складаюць амаль 70 банак тушонкі і больш за 30 пачкаў макаронаў, рысу і грэчкі. На адну вячэру ідзе прыкладна кілаграм круп і дзве мясныя кансервы. Калі дзяжурныя ў добрым настроі, можна спадзявацца на салат, смажаную бульбу і нават суп з плаўленым сырам і грыбамі.
Пітная вада падвозіцца з вясковага калодзежа. Калі хто жадае, у адной з асавецкіх бабуль можна набываць малако, гародніну і нават падзарадзіць мабільныя тэлефоны і іншую тэхніку (вядома, за грошы). Да лагера часам пад’язджае аўталаўка.
Ні душавой кабіны, ні лазні ў палатачным лагеры няма. Мыцца і чысціць зубы ходзяць на раку Крывінка.
За бурштынавую фігурку — скрыня каньяку
Каб дабрацца да месца раскопак, спачатку трэба пераправіцца праз рэчку. Шырыня рэчышча каля двух метраў, ды і глыбіня нязначная (вады нават па пояс не будзе). Варыянты пераправы кожны год розныя: мост з паваленых бярозак, нацягнутая над перакінутым праз раку дрэвам вяроўка. Сёлета ля берага чакала невялічкая надзіманая лодка.
Перад тым як пачаць капаць, неабходна раскансерваваць тэрыторыю. Культурныя слаі накрыты цэлафанавай плёнкай, пустымі пластыкавымі бутэлькамі і прысыпаны зямлёй, каб з восені па вясну сюды не наносілася смецце і не трапляла шмат вады. Зняўшы ахоўны пласт, месца разбіваюць на квадраты. Памер тэрыторыі, на якой мы працуем, — пятнаццаць квадратных метраў. Культурныя слаі зачышчаем і нівеліруем. Пасля гэтага можна ўжо капаць. За год здымаецца прыкладна паўметра зямлі. Трапіўшы на індывідуальную знаходку, трэба пазначыць яе каардынаты. Глебу, што саскрабаюць з кожнага квадрата, аддаюць на прасейку. Прапусціць зямлю праз сетку важна, бо, адкопваючы нешта значнае, можна не заўважыць дробныя артэфакты. На тарфяніку знаходзяць рэшткі керамічнага посуду, бурштынавыя ўпрыгажэнні, мастацкія вырабы і прылады працы і палявання, зробленыя з косткі, дрэва, крэменю. Дарэчы, антрапаморфныя фігуркі, якія падаюцца на ілюстрацыях у падручніках да параграфаў пра першабытных людзей, былі адшуканы менавіта ў Асаўцы.
Жарт ці не, але таму, хто адкапае бурштынавую фігурку, абяцаюць скрыню каньяку. Такі вялікі кошт за статуэтку прыдумалі нездарма: верагоднасць яе адшукаць блізкая да нуля.
Інфарматыўныя знаходкі
У асавецкіх археолагаў ёсць свае традыцыі. Напрыклад, калі знаходзіш нешта цікавае і каштоўнае, трэба гучна крычаць “Банзай!”, каб удзельнікі экспедыцыі збегліся паглядзець на артэфакт. За дзень нам пашчасціла клікаць сваіх таварышаў двойчы. Амаль на самай паверхні культурнага слоя мы адкапалі верацёнападобны наканечнік стралы і ключападобную падвеску, выразаныя з косці. Падобныя падвескі, тым больш цэлыя, сапраўдная рэдкасць: кожнае такое ўпрыгажэнне для адзежы мае ўнікальны малюнак.
Любая знаходка ўтрымлівае ў сабе пэўную інфармацыю. Па костках жывёл і птушак можна вызначыць тагачасны відавы склад істот, тып гаспадарання нашых далёкіх продкаў, спосаб палявання.
Некаторыя звесткі можна здабыць, правёўшы аналіз ДНК матэрыялаў. Калі аддаць у лабараторыю чалавечую костку, мы даведаемся, што елі нашы продкі, ад якіх хвароб пакутавалі. Падобную інфармацыю нясуць і капраліты (прыгожае слова, якое насамрэч азначае акамянелыя экскрэменты). Аналіз каштуе сотню долараў. Сума на першы погляд невялікая, але толькі на адным археалагічным помніку трэба правесці каля 50 такіх аналізаў. З-за недахопу грошай на даследаванні артэфакты аддаюць у лабараторыю ў выключным выпадку.
Да каштоўных і інфарматыўных знаходак адносяцца і рэшткі керамічнага посуду з прыгарэлай ежай. Дзякуючы нядбайным гаспадыням мы маем шанец даследаваць кухню тых часоў.