На сацыяльнай дачы пенсіянеры адпачываюць і знаходзяць новых сяброў
Жыльцам даспадобы адпачынак на сацыяльнай дачы.
Улетку дом у аграгарадкуВязынь ператварыўся ў дачу. І не простую, а сацыяльную, разлічаную на адпачынак пенсіянераў і інвалідаў.У інтэрв’ю нашаму выданню спецыяліст па сацыяльнай рабоце Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марына Макарава расказала, як узнік праект і як ён ажыццяўляецца.Парадавалася, што на сацыяльнай дачылюдзі не толькі адпачываюць, а і знаходзяць новых сяброў.
– Як узнік праект “Сацыяльная дача”?
– Гэта была ідэя кіраўніцтва цэнтра. Справа ў тым, што ў гэтым будынку функцыянуе дом сезоннага пражывання. Але з 15 красавіка па 15 кастрычніка ён практычна пуставаў, тут толькі арганізоўвалі сустрэчы валанцёраў з Вязыні, ён функцыянаваў як клубны дом. Нам хацелася, каб дом не пуставаў, быў задзейнічаны пастаянна. Кіраўніцтва вырашыла апрабаваць ідэю “Сацыяльнай дачы”. У Беларусі яна не мае аналагаў. Толькі ў Расіі ёсць падобныя праекты сацыяльных дач, але яны арганізаваны зусім у іншых умовах. Напачатку мы правялі апытанне сярод актыўных удзельнікаў клубаў і гурткоў, якія працуюць пры нашым цэнтры іна базе Палаца культуры. Спыталі: “Як вы лічыце, ці маюць жаданне жыхары горада паехаць на вёску да Вілейскага вадасховішча ўлетку, пазбіраць ягады, грыбы?”. Атрымалі станоўчыя водгукі, больш таго – з’явіліся людзі, якія адразу захацелі паехаць. Таму вырашылі запусціць пілотны праект.
– І як ён ажыццяўляецца?
– На мой погляд, праект удаўся ў тым плане, што ёсць дастаткова добры рэзананс, ахвотных прыняць удзел хапае, існуе чарга. Вось сёння прыходзіла жанчына, хацела б з мужам паехаць, каб у лес пахадзіць і проста адпачыць на беразе вадасховішча, а муж мог парыбачыць. Праект разлічаны не толькі на пажылых грамадзян, а і на сем’і, дзе выхоўваюцца іпражываюцьінваліды. Яны змогуцьадпачыць пасля 15 жніўня.
– А як з аплатай?
– У прынцыпе, паслуга бясплатная. Жыльцы толькі аплачваюць за ваду, камунальныя паслугі, электраэнергію, тэлефон – удзень атрымліваецца каля шасці тысяч рублёў. Намі арганізаваны падвоз з горада за кошт сродкаў нашага цэнтра. Пакуль ідзе апрабацыя, прыцягваем таксама жыхароў іншых раёнаў. Вось і зараз пражывае жыхарка Маладзечна.
– Колькі дзён можна пажыць на сацыяльнай дачы?
– З трох да пятнаццаці дзён. Адзін чалавек так захапіўся адпачынкам, што хоча пажыць тут даўжэй.
– Колькі чалавек скарысталіся такой паслугай?
– Ужо сем чалавек. Дом разлічаны на шэсць месцаў. Але так як людзі розныя, псіхалагічна цяжка адразу жыць шасці зусім чужым людзям. То аптымальны варыянт – чатыры чалавекі.
– Гэта гарадскія пенсіянеры…
– Так. Праект накіраваны на ўдзел гараджан, у якіх няма дачы, участка, няма магчымасці ў сілу свайго здароўя выехаць на вадасховішча. А там яно блізка. У Вязыні добрая інфраструктура: крамы, ФАП, Цэнтр культуры і вольнага часу. Калі людзі веруючыя, могуць схадзіць памаліцца ў царкву.
– Скажыце, калі ласка, які цікавыя водгукі паступалі?
– Калі выязджаюць жыльцы, праводзім такое міні-апытанне: спадабалася ці не, ці павінен такі праект існаваць. Большасць лічыць, што ён патрэбны і будуць раіць сваім блізкім, што гэта сапраўды даступны адпачынак для пенсіянераў. У прынцыпе жыццё ў сельскай мясцовасці, свежае паветра, асабліва ля вады, палепшае самаадчуванне і здароўе. Людзі кажуць, што нават за невялікі перыяд сталі пачуваць сябе лепей, больш камфортна.
– Што вас уразіла падчас ажыццяўленне гэтага праекта?
– Калі гэтыя людзі сустракаюцца – яны зусім чужыя, не ведаюць адзін аднаго. А ад’язджаюць такімі акрыленымі, становяцца добрымі знаёмымі, тэлефануюць адзін аднаму. Такі адпачынак дае не толькі нейкае фізічнае паляпшэнне, але таксама дорыць новых знаёмых, добрых сяброў. Мне здаецца, гэта – цудоўна.
Гутарыў Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота забяспечана Ірынай Чабатар.