«Турысты з Еўрасаюза стануць вашымі. І наадварот»
Аднак калі на апошніх форумах у Браславе і Верхнядзвінску інвестыцыйныя прапановы паступалі ў асноўным з беларускага боку, то на гэты раз больш актыўнымі былі госці. Яны гаварылі пра неабходнасць адукацыйных мерапрыемстваў у сферы малога і сярэдняга бізнесу, захаванні помнікаў архітэктуры ў прыгранічных раёнах, аб развіцці энергетыкі і аднаўляемых рэсурсаў, перапрацоўцы драўніны, арганізацыі сумесных кірмашоў.
Асабліва часта гучала тэма турызму.
— Сёння рэалізуецца сумесны праект «Bella-Дзвіна», згодна з якім распрацоўваюцца агульныя турыстычныя маршруты для Латгальскага рэгіёна Латвіі і Віцебскай вобласці. Гэтым мы значна палепшым турыстычную сферу, бо нашы турысты з Еўрасаюза стануць вашымі, і наадварот. Паралельна закранаем пытанні маркетынгу, рэкламы прадукцыі нашых краін, — расказала кіраўнік Цэнтра турыстычнай інфармацыі Даўгаўпілскага краю Лаліта Казлоўска.
Некалькі інвестыцыйных праектаў прадставіў на форуме і беларускі бок.
Так, глыбоцкі кансервавы завод «Купцовъ», які мае вядомы брэнд зялёнага гарошку, шукае партнёраў для далейшай мадэрнізацыі вытворчасці. Выпускаць швейную прадукцыю на базе фабрыкі мастацкіх вырабаў разлічваюць верхнядзвінцы. Пастаўчане «размахнуліся» на трохзоркавую гасцініцу і базы адпачынку.
Ёсць і першыя вынікі. Аб супрацоўніцтве ў галіне льнаводства дамовіліся прадстаўнікі Інстытута льнаводства Беларусі і латвійскага Латгальскага сельскагаспадарчага навуковага цэнтра.
Прысутных вітаў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прыняў старшыня прэзідыума рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін. На форуме ўсе мелі магчымасць прадэгуставаць прадукцыю вядучых прадпрыемстваў Глыбоччыны.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара