У Маладзечне прадаюць лаванду… і не толькі

Источник материала:  

Выпадкова суседзямі за прылаўкам сталі гандлярка лавандай Таццяна Мікалаеўна і школьніца Маша Прыткова. Дзяўчынка не толькі збірае лаванду і мяту, але і робіць з раслін духмяныя торбачкі.

Лета прапануе нам самы шырокі выбар разнастайных траў і зёлак. Калі няма жадання вырошчваць і збіраць іх самастойна, а зеляніны ўсё ж хочацца, можна пайсці на рынак.

Карэспандэнткі “РГ” знайшлі на маладзечанскім рынку райспажыўтаварыства больш за дзясятак найменняў зеляніны. Як жа ўжываць яе і якую карысць яна мае?

Лета – час свежай зеляніны

Звычайна зеляніну ўжываюць у свежым выглядзе, толькі сарванай з градкі або набытай на рынку, ці сушанай – тады расліну выкарыстоўваюць ці цэлую, ці змолатую.

Часцей за ўсё гараджане ідуць на рынак, каб набыць найбольш папулярную зеляніну – зялёную цыбулю, салату, пятрушку ці кроп.

У сярэдзіне лета кошты на іх невысокія: пучок кропу абыдзецца ў тры тысячы рублёў, цыбулі – чатыры тысячы, салаты – тры.

Ёсць на рынку і не надта папулярныя для беларускай кухні расліны. Дарэчы, па кошце яны зусім не адрозніваюцца ад той жа пятрушкі, але могуць значна разнастаіць смак знаёмых страў.

Напрыклад, базілік ці любіста. Іх можна дадаваць у мясныя і рыбныя стравы, а таксама ў супы. Кожная надае свой асаблівы пах, які нагоніць апетыт. Самы шырокі выбар зеляніны мы пабачылі ў гандляра Уладзіміра.

– Маю зеляніну ўсю ахвотна бяруць – кажа ён. – Я вырошчваю яе на сваім агародзе ў Маладзечне і сабе, і на продаж.

На прылаўку спадара Уладзіміра ў слоіках стаяць меліса, мята, ісоп, мацярдушка (душица). Слоік з фенхелем і курыльным чаем ужо пустыя – расліны раскупілі за раніцу.

Непаўторныя стравы гатуем з дапамогай сушанай зеляніны

Розную зеляніну можна захоўваць цэлы год. Для гэтага яе трэба высушыць і здрабніць.

Сушаныя травы прадаюцца на маладзечанскім рынку на вагу. Тут вы знойдзеце і базілік, і маяран, і мацярдушку, і фенхель, і шмат іншых.

– Мы прадаём здробнены чабор па 10 тысяч рублёў за 100 грамаў, – гаворыць гандлярка на рынку.

Вядома, яго летам можна назбіраць і насушыць самім, у лесе чабору хапае. Але такія лянівыя, як я, набываюць яго ўжо ў гатовым выглядзе.

І сушаны, і свежы чабор дадаюць у гарбату. Сушаны, дапоўнены базілікам і мацярдушкай, стане добрай прыправай для рыбы ці піцы.

Сумесь зеляніны, з якой кожны можа эксперыментаваць самастойна, дапаможа гаспадыні дамагчыся таго, што любая страва будзе непаўторнай.

Да таго ж на рынку можна знайсці і лекавыя расліны. Пучкі засушанага сардэчніку (пустырник) і рамонку прадаюць па пяць тысяч рублёў за пучок. З іх гатуюць лекавыя настойкі, а таксама дадаюць у чай.

Прапаноўваюць самаробныя духмяныя торбачкі

Выкарыстоўваць расліны можна не толькі для ежы. За адным прылаўкам мы знайшлі гандлярку Таццяну Мікалаеўну, якая прапаноўвала пучкі лаванды па пяць тысяч рублёў за кожны.

– Яна расце на маім агародзе, вось я і прадаю, – тлумачыць жанчына. – Пучок добра пакласці ў лазню, у каго ёсць. Некаторыя кладуць у спальню, каб лягчэй і прыемней засыналася. Я ў чай дадаю, але такі чай хутчэй на аматара.

Побач свой тавар прапаноўвае школьніца Маша Прыткова. Яна збірае мяту і лаванду, сушыць іх. Шые невялічкія торбачкі, якія аздабляе вышыўкай ці ўзорам са стужачак, і кладзе туды расліны. Гаворыць, што рукадзеллю яе навучыла мама. Над адной торбачкай даводзіцца папрацаваць каля дзвюх гадзін, а за кожную дзяўчынка просіць па 13 тысяч рублёў.

Зоя ХРУЦКАЯ, Аляксандра ПАРАХНЯ.

Мы знайшлі наступныя расліны на маладзечанскім рынку райспажыўтаварыства.

Кошты на рынку
Назва зеляніныКошт на рынку
ў Маладзечне
Салата (пучок)3000
Зялёная цыбуля (пучок)4000
Пятрушка (пучок)3000
Кроп (пучок)3000
Базілік (пучок)3000
Меліса (пучок)5000
Мята (пучок)5000
Мацярдушка (пучок)5000
Ісоп (пучок)5000
Кінза (пучок)3000
Фенхель (пучок)3000
Любіста (пучок)3000
Лаванда (пучок)5000
Сельдэрэй (пучок)2500
Рамонак (пучок)5000
Сардэчнік (пучок)5000
Шчаўе (200 грамаў)4000
Чабор (100 грамаў)10000
Базілік сушаны (100 грамаў) 5000
Маяран (100 грамаў)7500

←В СК прокомментировали сообщения об исчезновении 16-летней девушки в Бобруйске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика