Заўсёды атаясамляць сябе з малой радзімай
Ганна нарадзілася ў Мінску, а замуж выйшла ў Малдову. Сёння яна маці траіх дзяцей. Менавіта для іх, прызнаецца Ганна, першапачаткова і стварала школу, каб ведалі дзеці, хто яны і адкуль пайшлі. Праект нядзельнай школы падтрымала Амбасада Беларусі ў Малдове, і сёння заняткі з дзеткамі — этнічнымі беларусамі — праводзяць у будынку Пасольства.
— У нашых дзяцей пытаюцца: «Беларус ці малдаванін?» Адказваюць: «Я багацейшы, таму што і беларус, і малдаванін». Гэта значыць, што ў нашых нашчадкаў з’яўляецца матывацыя, чаму яны павінны ўсведамляць гэты «карэньчык сваёй нацыянальнасці», ганарыцца Беларуссю, — зазначае Ганна. — Для мяне як кіраўніка нядзельнай школы вельмі важна знайсці паплечнікаў у этнавыхаванні дзяцей. Чаму гэта важна? Таму што кіраўніцтва суполак і згуртаванняў беларусаў у свеце сталее. І атаясамляць сябе дзецям трэцяга ці чацвёртага пакаленняў беларусаў са сваёй малой радзімай становіцца вельмі складана. У Малдове існуе 8 этнакультурных грамадскіх арганізацый, звязаных з Беларуссю, у тым ліку 2 — у Кішынёве. Самая шматлікая з іх — Беларуская Грамада, колькасць якой — каля 300 чалавек. Сёлета грамадскае аб’яднанне адзначае 20-гадовы юбілей.
Многія з дэлегатаў VI з’езду беларусаў свету сутыкаюцца ў сваёй практыцы з аднолькавымі праблемамі. Нягледзячы нават на тое, што пасольствы Беларусі ў іншых краінах заўсёды дапамагаюць у вырашэнні некаторых пытанняў і прасоўванні праектаў, беларуская дыяспара прагне большай інтэграцыі з малой радзімай. Выйсце ў гэтым бачыцца ў дзяржаўнай праграме «Беларусы ў свеце». Падрыхтаваны таксама праект закону «Аб беларусах за мяжой». Ён гатовы для разгляду Нацыянальным сходам.
— Можна сказаць, што праца з беларусамі, якія пражываюць за мяжой, праводзіцца без перапынку, — заўважыў на адкрыцці форуму міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. — Дыяспары могуць умацоўваць і ўмацоўваюць аўтарытэт беларускай дзяржавы за мяжой, каб аб’ектыўна інфармаваць сусветную супольнасць аб працэсах культурнага будаўніцтва ў нашай краіне. Каб прыцягваць інвестыцыі ў нацыянальную культуру, падтрымліваць інтарэсы Беларусі на рынках іншых краін.
Падтрымка дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў суайчыннікаў за мяжой, якіх налічваецца больш за 200, па словах міністра, разглядаецца як неабходная ўмова дзяржаўнай палітыкі. Разам з тым Барыс Святлоў заклікаў беларусаў свету наладзіць больш актыўнае партнёрства з мясцовымі органамі ўлады і распрацаваць перспектыўныя планы ўзаемадзеяння. Гэта патрэбна для развіцця менавіта адраснага супрацоўніцтва.
Дарэчы, за мяжой пражываюць больш за 3,5 мільёна этнічных беларусаў. Характэрна, што ўраджэнцы Беларусі і нават тыя, хто ўжо нарадзіўся ў іншых краінах, не забываюць аб сваіх каранях.
У родную вёску Грыцэвічы Клецкага раёна, як толькі надараецца такая магчымасць, едзе Таісія Бачкарова, прадстаўніца таварыства «Прамень» з Рыгі. У Латвіі жанчына жыве 42 гады, і апошнія два дзесяцігоддзі з’яўляецца сябрам беларускай дыяспары ў краіне-суседцы.
— Усе мае лепшыя ўспаміны пра Беларусь, пра маё дзяцінства належаць міламу куточку ў Клецкім раёне. Часцей, канечне ж, бываю ў Бабруйску (там сёння жыве мая маці) і ў Мінску (тут многа родных), — распавяла Таісія, у дзявоцтве Хмялеўская. — Сюды ў Мінск я прыехала з унукам, які жыве ў Стакгольме. Ён заўсёды ўдзельнічае ў акцыях нашай суполкі ў Рызе. Займаюся ў калектыве мастацкай самадзейнасці «Вытокі». Спяваем беларускія песні, чытаем вершы. Рыхтавала я і ўрачыстасці да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гучалі беларускае слова, мова. Нядаўна Рыжскай беларускай школе было нададзена імя Янкі Купалы. Гэтую падзею не абышлі прадстаўнікі Рыжскай думы і мясцовай улады Латвіі, да нас прыязджаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Дзякуй Богу, маем сувязь з Радзімай, па якой шчымлівая на сэрцы туга…
НА ЗДЫМКУ: VI з’езд беларусаў свету.
Таццяна УСКОВА, «БН»
Фота БЕЛТА