Беларусы свету – на «Бацькаўшчыне»
Мерапрыемства такога маштабу, калі беларуская дыяспара можа сустрэцца і абмеркаваць актуальныя праблемы, праходзіць у сталіцы раз у чатыры гады. Упершыню землякі сабраліся разам амаль дваццаць гадоў таму назад — у 1993 годзе. Своеасаблівы юбілей мерапрыемства — выдатная падстава, на думку арганізатараў, ацаніць дасягненні краіны за апошнія дваццаць гадоў і прааналізаваць гісторыю і сучаснасць беларускага замежжа.
Сёння ўдзельнікі са Швейцарыі, Літвы, Латвіі, Кыргызстана, Польшчы і многіх іншых дзяржаў абмяркуюць праблемныя пытанні, з якімі ва ўмовах глабалізацыі сутыкаецца беларуская нацыя. Па словах арганізатараў — міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», выбар тэмы дыялогу абумоўлены аб’ектыўнымі працэсамі, якія адбываюцца ў сучасным свеце — зараз міграцыйныя працэсы ўсё больш актывізуюцца.
Гэта значыць, узрастае роля нацыянальных дыяспар. Разам з тым усё часцей беларускія дыяспары ў розных краінах сутыкаюцца з праблемамі размывання нацыянальнай ідэнтычнасці, касмапалітызмам значнай часткі новых эмігрантаў і зніжэння цікавасці да нацыянальнай культуры сярод моладзі.
Ужо вядома, што ў сходзе прымуць удзел старшыня Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі Аляксандр Сапега, кіраўнікі «Беларускай суполкі ў Рэспубліцы Малдова» Юры Статкевіч і Ганна Мазур, старшыня таварыства «Польшча — Беларусь» Збігнеў Анташэўскі, старшыня Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Барыс Іваноў (Латвія) і іншыя.
Праблемныя пытанні ўдзельнікі з’езду абмяркуюць падчас працы трох тэматычных секцый: «Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці», «Новая» і «старая» іміграцыі: супраца на карысць нацыянальнага развіцця» і «Культурная спадчына беларускага замежжа».
Яна МІЦКЕВІЧ, «БН»