Хутка ў Маладзечне з’явяцца аўтобусы без кандуктараў
Хутка білеты можна будзе набываць не толькі ў кандуктараў!
“Аплачвайце праезд!” – ходзіць па аўтобусе з бадзёрым заклікам кандуктарка.Прадала некалькі білетаў, праверыла праязныя дакументы і прысела на сваё месца. І толькі хацела заплюшчыць вочы – зноў нехта падыходзіць, каб купіць білецік. Я пытаюся: “Скажыце, а праўда, што ў аўтобусах хутка з’явяцца кампосцеры?”
– Так! Іх ужо, магчыма, закупілі, – кажа кандуктарка. – Таму нам, кандуктарам, будзе трохі прасцей працаваць.
“Ніхто не хоча ісці ў кандуктары”
Працоўны дзень кандуктара пачынаецца ў пяць-шэсць раніцы. Каб атрымаць патрэбныя паперы, трэба прыехаць у аўтапарк яшчэ раней.
– Працую я ў сярэднім ад сямі да дванаццаці гадзін ночы, – працягвае кандуктарка. – Устаю а трэцяй ці а палове чацвертай ночы. Збіраюся на працу і да поўначы катаюся ў аўтобусе. Працаваць даводзіцца і ў мароз, і ў спякоту. Пасажыры – самыя розныя. Некаторыя зрываюць свой дрэнны настрой на мне, нават не заўважаючы гэтага. Іншы раз даводзіцца мець справу з падвыпіўшымі пасажырамі, з хуліганамі.
Працуюць кандуктары пазменна. Некаторыя, каб зарабіць больш, бяруцца працаваць ў дзве змены.
Заробак складаецца з гарантаванага акладу плюс працэнт, які залежыць ад прывезенай выручкі. Таму існуе канкурэнцыя за прыбытковыя маршруты.
Кампосцеры аблегчаць жыццё кандуктарам
– Мы плануем ўсталяваць кампосцеры, – кажа дырэктар Маладзечанскага аўтапарка Яўстафій Каравай. – Магчыма, яны з’явяцца ў аўтобусах першага жніўня. А магчыма, і раней, калі нам надрукуюць білеты.
Закупка і ўсталяванне кампосцераў звязаныя з тым, што кандуктараў у горадзе не хапае, каб забяспечыць імі кожны аўтобус. Асабліва летам, бо шмат хто сыходзіць у адпачынак. Аб’ём працы вельмі вялікі, а дадатковых кандуктараў аўтапарк набраць не можа.
– Але ўсталяванне кампосцераў не азначае, што ў аўтобусах знікнуць кандуктары, яны будуць працаваць ў тым самым рэжыме, – кажа спадар Яўстафій. – Проста ў некаторых аўтобусах кандуктараў не будзе.
Цяпер прымаецца рашэнне аб тым, каб напалову скінуць продаж білетаў з кандуктараў. Іх можна будзе купіць ў кіёсках на прыпынках.
Да таго ж, білеты можна будзе набыць і ў кіроўцы, але ён будзе прадаваць іх не па адным, а адразу па пяць. Пасажырам самім прыйдзецца групавацца.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота з архіва "РГ".