Шлях пілігрымаў
Карэспандэнт “НГ” паспрабавала зразумець, чым прыцягвае людзей Будслаўская святыня, прайшоўшы з вернікамі за некалькі дзён не адзін дзясятак кіламетраў
Больш за 40 тысяч чалавек прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 400-годдзю з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. З іх амаль чатыры тысячы пілігрымаў прыйшлі пешшу з ўсіх куткоў Беларусі.
Самаму малому ўдзельніку — год і месяц
Карэспандэнт “Народнай газеты” рушыла ў пешы шлях ад Жодзіна да Будслава разам з пілігрымкай айцоў марыянаў пад кіраўніцтвам ксяндза-пробашча парафіі ў Жодзіна Міхаіла Цвячкоўскага.
Пілігрымка з Жодзіна не была ні самай працяглай, ні самай вялікай. У ёй удзельнічалі прыкладна 150—170 чалавек. Шлях да санктуарыя мы адолелі за чатыры дні. Акрамя вернікаў з Жодзінскай парафіі рушылі некаторыя пілігрымы з Крупак, Барысава, Гродна, Наваполацка, Ліды, Мінска і Оршы. Самаму малому ўдзельніку ў нашай вандроўцы толькі споўніўся год і месяц, а старэйшаму — 65 гадоў.
Самая працяглая пілігрымка, як даведаліся ў дарозе, рушыла з Баранавічаў. Яна ішла дзевяць дзён і налічвала 400 чалавек не толькі з саміх Баранавічаў, але яшчэ з Брэста (раней самыя трывалыя вернікі выходзілі ў Будслаў з гэтага горада), Пінска, Ліды, Івянца. Самая вялікая пілігрымка адпраўлялася з Маладзечна. Яна ішла чатыры дні і налічвала 405 чалавек. Прычым гэта былі не толькі беларусы, але і шматлікія паломнікі з Расіі і Украіны. Разам з пілігрымкай, што сабралася ў сталіцы, прыбылі ў Будслаў вернікі з Італіі. Былі сярод пілігрымаў і “нетыповыя”: на роварах (яны прыехалі з Барысава і Мінска) і на матацыклах (гэтак да Будслава дабіраліся пяць байкераў з Польшчы). А 46 чалавек, што ішлі ад Чырвонага касцёла ў Мінску, спажывалі ў дарозе толькі хлеб і ваду — гэта была так званая посная пілігрымка, якая лічыцца самай цяжкай.
Кожны дзень на шляху да Будслава пачынаўся са святой імшы ў сем гадзін раніцы. У восем пачыналі вандроўку. Да наступнага начлегу дабіраліся звычайна ў восем гадзін вечара. Кожныя дзве гадзіны — перапынак, раз на дзень — абед. А ў астатні час — гарачы асфальт пад нагамі, пякучае сонейка над галавой, смага, мазалі і... песні. Спявалі пад гітару, славілі Бога ў вясёлых песнях, якія нават можна было замовіць на імправізаваным “Радыё пілігрым”. Што за песні? Напрыклад, “ Mama Maria “ — з іншымі словамі і, безумоўна, па-беларуску. Былі таксама і спеўныя малітвы. Апрача таго, “Радыё пілігрым” мела рубрыку “Сустрэча з цікавай асобай”, дзе некаторыя з вернікаў, сясцёр законных і святароў расказвалі, як яны прыйшлі да веры. Дзякуючы падобным гісторыям прасцей зразумець, чаму людзі накіроўваюцца ў нялёгкі шлях да святыні.
Валерый СТАНЬЧЫК, 51 год, Жодзіна, чацвёртая пілігрымка:
— Іду да Будслава кожны раз, калі ёсць магчымасць, і планую гэта загадзя. Таму што, вяртаючыся дахаты, я ўжо ведаю, што ў наступным годзе адпраўлюся туды зноў. Калі я першы раз прыйшоў з Будслава, гэта былі такія ўражанні!.. Мора слёз, акіян радасці! І таму, каб перажыць яшчэ і яшчэ ўсе гэтыя пачуцці, я заўсёды іду ў Будслаў.
Насця, 16 год, Барысаў, другая пілігрымка:
— У пілігрымцы адчуваеш сябе па-іншаму. Няхай табе цяжка, ногі баляць, але ты шчаслівы, бо побач з табою людзі, якія цябе разумеюць і падтрымліваюць. Ты набліжаешся да Бога, і калі просіш Яго аб нечым, — верыш, што Ён абавязкова пачуе твае малітвы.
Ала ГАЙСЁНАК, Крупкі, чацвёртая пілігрымка:
— Упершыню я адправілася пешшу ў Будслаў з цікаўнасці — ішлі іншыя вернікі з маёй парафіі і мне захацелася паспрабаваць. Але аднойчы адчуўшы прахалоду Будслаўскіх муроў, я ўжо не магу не ісці да іх зноў. Гэтая прахалода быццам дотык Маці Божай падтрымлівае мяне, дае сілы перажываць любыя нягоды ў штодзённым жыцці.
Хадакоў на начлег прымалі з радасцю
Сапраўды, і ў Будславе, і ў самой пілігрымцы пануе незвычайная атмасфера. Быццам вяртаешся ў дзяцінства, калі здавалася, што ўсе людзі вакол спагадлівыя, адкрытыя, гатовыя дапамагчы. Так яно і ёсць насамрэч. Няма саперніцтва, бо ва ўсіх адна мэта — пакланіцца Маці Божай Будслаўскай, якая з радасцю, як родных, прымае ўсіх вернікаў, што да яе імкнуцца. Пілігрымы ўсміхаюцца нават тады, калі ўжо шэсць гадзін крочаць пад гарачым сонцам, калі кожны рух адклікаецца болем у нагах. Яны дзеляцца вадой, лякарствам, ежай. Яны вітаюць тых, каго сустракаюць па дарозе. Пілігрымы нясуць вестку пра дабро, цярплівасць і веру.
Мы спыняліся на начлег у Лагойску, вёсках Акцябр і Даўгінава. У Лагойску парафіяне хуценька разабралі стомленых хадакоў па хатах — некаторым нават не хапіла пілігрымаў. Калі сардэчна прымаеш такога падарожніка, Бог абавязкова табе аддзячыць, — кажуць, такая прыкмета.
— Я адчуваю, што калі мы дапамагаем іншым, атрымліваем падтрымку для нашай сям’і, для нашых дзяцей, — гаворыць Уладзімір Паплёўка з Лагойска. — Мы з жонкай Валянцінай даём прытулак пілігрымам кожны год. Ёсць нават знаёмыя людзі, якіх чакаем з асаблівай радасцю. Праўда, сёлета мы прымаем усяго 10 чалавек...
“Усяго дзесяць чалавек! І кожнага накармілі і знайшлі ложак, дзе можна з камфортам адпачыць, — прыйшлося адвезці хлопцаў у суседнюю вёску, а раніцай забраць да імшы ў сем гадзін.
На другі дзень у вёсцы Корань, што непадалёк ад Лагойска, нас накармілі абедам мясцовыя жанчыны. І гэта не адзінае месца, дзе нас чакаў пачастунак. Калі не стол, то сцюдзёная вада ці бярозавы сок.
І нават Маці Божая Будслаўская сустрэла пілігрымаў падарункам — дажджом і прахалодай пасля доўгага шляху пад пякучым сонцам...
Рух наперад
— Я вельмі рады вітаць вас напрыканцы вашай пілігрымкі, таму што вы — будучыня гэтай вялікай краіны, вы не баіцеся паказваць, што вы — католікі і, нягледзячы на стому, упэўнена рухаецеся наперад , — сказаў на ўрачыстай святой імшы ў Будславе спецыяльны легат святога айца Францішка, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Жан-Луі Таран і перадаў беларускім вернікам бласлаўленне ад Папы Рымскага.
Жан-Луі Таран прыехаў у Будслаў 5 ліпеня, каб павітаць пілігрымаў. Акрамя яго прыбылі таксама каталіцкія біскупы з Латвіі, Польшчы, Украіны, Румыніі, Італіі.
У першы дзень ўрачыстасцей адбылася таксама начная працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай па парку каля нацыянальнага санктуарыя. Уся плошча перад касцёлам была запоўненая вернікамі са свечкамі ў руках. Людзей было так многа, што зверху парк нагадваў зорнае неба.
Новы змест
У апошні дзень урачыстасцей, 6 ліпеня, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка агучыў віншаванне ад імя Прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Маці Божая Будслаўская “нясе спрадвечную праўду дабрыні, міласэрнасці і любові, дапамагае аб’яднаць прадстаўнікоў розных пакаленняў, моладзь і дарослых, будучыню і мінулае, каб узбагачаць новым зместам сучаснасць”.
Дзяржаўныя ўлады шмат зрабілі для арганізацыі мерапрыемства. Мінскі абласны выканаўчы камітэт у 2011—2012 гадах выдаткаваў амаль мільярд рублёў на рамонт Будслаўскага касцёла і тэрыторыі каля яго. Быў арганізаваны палявы лагер, дзяжурыла міліцыя, “хуткая дапамога”, МНС.
Нацыянальны банк Беларусі 12 чэрвеня ўвядзе ў абарот памятныя манеты “400 гадоў прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе”: срэбную і медна-нікелевую. Таксама 6 ліпеня адбылося ўрачыстае гашэнне паштовай маркі ў гонар юбілею.
...Цяпер, калі свята скончылася, для тых, хто ішоў да яго, галоўнае — захаваць свята веры ў сваёй душы. Застацца такімі ж спагадлівымі, мужнымі і адкрытымі, якімі яны былі напрацягу свайго цяжкага шляху да Маці Божай. Гэта не так проста, але сапраўдны хрысціянін ніколі не застанецца без падтрымкі. Бо на Беларусі Бог жыве.