Маладыя журналісты адсвяткавалі выпускны
Навучэнкі школы падрыхтавалі выкладчыку самаробную кніжку з цытатамі... яго самога. Глеб Лабадзенка і маладыя журналісткі Аліна Лапцёнак з Маладзечна і Таццяна Уладыка з Вілейкі.
Галоўнымі героямі свята былі выпускнікі школак з шасці гарадоў Беларусі: Гродна, Брэста, Лунінца, Слуцка, Баранавічаў і Маладзечна.Уручэнне сертыфікатаў прайшло ў нядзелю, 30 чэрвеня, у Мінску.
Маладых журналістаў чакала выступленне гурта “Рэха”, віншаванні ад беларускіх журналістаў з досведам, а таксама – доўгачаканыя вынікі конкурсу, які ладзіўся паміж навучэнцамі школак з шасці гарадоў. Прафесійнае журы, састаў якога да апошняга трымаўся ў сакрэце, абрала лепшых у чатырох намінацыях: “навіна”, “рэпартаж”, “інтэрв’ю” і “відэагісторыя”.
Маладзечанская школа не засталася без узнагарод: Наталля Тур узяла першае месца ў жанры навін, Аляксандра Парахня – другое месца ў жанры рэпартажу. Маладыя журналісткі атрымалі за свае матэрыялы каштоўныя прызы.
Школы падрыхтавалі і свае прэзентацыі, з якімі выступалі перад публікай. Выступленні прыцягвалі ўвагу і тых, хто выпадкова апынуўся на гэтым месцы. Маладыя мамы з дзецьмі пачыналі танцаваць пад песні “Рэха”, бабулі назіралі за выступленнямі з лавак.
Кожны з навучэнцаў атрымаў шкляны келіх з лагатыпам “Школа маладога журналіста 2013” і сертыфікат аб паспяховым заканчэнні навучання.
Школа маладога журналіста працавала пры “Рэгіянальнай газеце”. Яе апекавалі журналісты і эксперты Беларускай асацыяцыі журналістаў. У Маладзечне школа працавала ўжо другі год запар.
Сваімі ведамі з навучэнцамі цягам двух гадоў дзяліўся журналіст Глеб Лабадзенка.
Навучэнкі маладзечанскай школы хочуць шчыра падзякаваць сваім выкладчыкам Глебу Лабадзенку і Эдуарду Мельнікаву за цікава і карысна праведзены год! А таксама “Рэгіянальнай газеце” за магчымасць пабачыць сваё імёны на старонках выдання!
Спадзяёмся, што вы яшчэ неаднаразова сустрэнеце нашы імёны ў беларускіх газетах.
Дар’я СПЕВАК, навучэнка школы маладога журналіста.