Айцец Віктар: “Абраз Маці Божай Будслаўскай чакае кожнага”

Як і штогод, напачатку ліпеня вёска Будслаў стане месцам прыцягнення для тысяч і тысяч вернікаў.
Тут 5 і 6 ліпеня пройдзе традыцыйны фэст – святкаванне ўрачыстасцей Маці Божай Будслаўскай. Сёлета фэст незвычайны – юбілейны.
Пра яго адметнасці расказаў кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе айцец Віктар Бурлака:
– Якая асаблівасць сёлетняга фэсту?
– Сёлета адзначаем юбілей – 400-годдзе прысутнасці цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. У Вялікі чацвер 1613 года абраз быў прынесены ў гэтае месца.
– Колькі сёлета чакаеце пілігрымаў?
– Дзякуючы таму, што было шмат паведамленняў у сродках масавай інфармацыі, то іх будзе больш, чым у мінулыя гады. А тады было каля трыццаці тысяч.
– Адкуль самыя далейшыя пешыя пілігрымкі?
– Напэўна, з Баранавічаў.
– Дзе будуць размяшчацца пілігрымы?
– Як і раней, у намётавым гарадку на тэрыторыі колішняга аэрадрома.
– Пілігрымы сёлета сустрэнуць касцёл абноўленым?
– Так, шмат чаго зроблена. Сёлета аднавілі ганак, зрабілі гідраізаляцыю падмурка, новую адмостку, адвод дажджавой вады. Яшчэ раней замянілі дах, вокны, адрамантавалі фасад касцёла – усё гэта з фінансавай падтрымкай Мінскага аблвыканкама.
– Значыць, рамонт зроблены амаль цалкам?
– Звонку так.
– Адкуль прыедуць госці на свята?
– Запрошаныя біскупы, святары з Украіны, Літвы, Румыніі, Балгарыі, іншых краін, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя ў Беларусі.
– На фэст у Будслаў імкнуцца патрапіць не толькі каталікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій…
– Так. Наш касцёл адчынены для ўсіх, і абраз Маці Божай Будслаўскай чакае кожнага чалавека.
– Асноўны момант урачыстасці, калі ён?
– Гэта галоўная святая імша, якую ўзначаліць папскі легат, кардынал Жан-Луі Таран. Адбудзецца яна шостага ліпеня, а адзінаццатай гадзіне.
– Айцец Віктар, а для вас што азначае будслаўскі фэст?
– Гэта магчымасць кожнага чалавека прыйсці і дакрануцца да святыні Беларусі – да абраза Маці Божай Будслаўскай, якая 400 год збірае вернікаў на малітву.
– Што можаце сказаць чытачам “Рэгіянальнай газеты” на развітанне?
– Запрашаю ўсіх у Будслаў – тых, хто зможа прыйсці. А хто не зможа прыйсці цяпер – чакаем у іншы час. Будслаўская святыня заўсёды адчыненая...
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота img0.liveinternet.ru